Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЫКТАТУРА Ў СЕЛЬСКАЙ ГАСПАДАРЦЫ ГАРАДЗЕНШЧЫНЫ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

У сельскай гаспадарцы галоўнае — лічбы. Летась былы старшыня аблвыканкаму Аляксандар Дубко паабяцаў, што ў вобласьці зьбяруць 1 мільён тонаў збожжа. А калі на жніво прыехаў Аляксандар Лукашэнка, дык абласны начальнік запэўніў яго, што дасьць на 100 тысяч тонаў болей.

Сёлета новы кіраўнік аблвыканкаму Ўладзімер Саўчанка адразу паабяцаў яшчэ больш — 1 мільён і 200 тысяч тонаў збожжа. Насамрэч атрымалі на 70 тысяч меней. Тады спадар Саўчанка заявіў, што замест астатняга збожжа будзе кукуруза — абы толькі дасягнуць патрэбнай лічбы.

Але мала адрапартаваць пра сабранае збожжа, трэба ж ім яшчэ распараджацца. Фармальна існуе дзяржаўны заказ — выканаў калгас яго, і рабі з астатнім зернем што захочаш. Аднак насамрэч распараджаецца ўраджаем ня той, хто яго вырасьціў і сабраў, існуе забарона прадаваць без дазволу ўладаў нават лішкі.

Напрыклад, нядаўна Зэльвенскі райвыканкам усталяваў "сыстэматычны кантроль за рэалізацыяй лішкаў сельгаспрадукцыі ў калгасах". Высьветлілася, што рэшткі леташняга ўраджаю большасьць калгасаў прадавалі камэрцыйным структурам і прадпрыемствам, а гэта строга забаронена. Старшыняў гаспадарак папярэдзілі: калі гэткае будзе зноў, вас звольняць. А міліцыі даручылі сачыць, каму калгасы прадаюць збожжа.

Тое самае зь іншай прадукцыяй — напрыклад, зь мясам. Ялавічына для большасьці гаспадарак зьяўляецца стратнай, але яны павінны пастаўляць яе па дзяржаўных расцэнках на мясакамбінаты, якія часта нават не расплачваюцца. Выйсьце адно — прадаваць мяса таму, хто плаціць і прапануе лепшую цану.

Наваградзкі райвыканкам пакараў старшыняў шасьці калгасаў за тое, што тыя прадавалі мяса камэрцыйным структурам і не выконвалі паставак жывёлы Слонімскаму мяскамбінату. Іх пазбавілі паловы сумы грашовых даплатаў і папярэдзілі, што наступным разам звольняць з пасады.

Пакараныя тлумачылі, што былі патрэбныя грошы на паліва, запчасткі й на выплату заробкаў калгасьнікам. Аднак кіраўнік раёну Анатоль Ліс сказаў, што ніякія прычыны ня будзе браць да ўвагі.

Наваградзкі райвыканкам пайшоў яшчэ далей у абмежаваньні права сельгасвытворцаў распараджацца сваёй прадукцыяй. Цяпер у раёне забаранілі прадаваць мяса без дазволу ўладаў. Забарона датычыць ужо ня толькі калгасаў, але таксама фэрмэраў. А парушальнікам пагражае пакараньне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG