Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БРЫТАНСКАЯ ПАЛІТЫЧНАЯ СУПОЛЬНАСЬЦЬ, ЯК І АМЭРЫКАНСКАЯ, ЗГУРТАВАЛАСЯ ПЕРАД ПАГРОЗАЙ ТЭРАРЫЗМУ


Мікола Пачкаеў, Лёндан

Тымчасам, брытанскія палітыкі і сродкі масавай інфармацыі камэнтуюць пачатак вайсковай апэрацыі ў Афганістане.

Брытанская палітычная супольнасьць даволі згуртаваная ў сваім стаўленьні да гэтых падзеяў. Так, новы кіраўнік брытанскай кансэрватыўнай партыі Дункан Сьміт сказаў, што тэрарысты паставілі сябе па-за законам, і таму цяперашняя апэрацыя ёсьць неабходнасьцю, на падставе пастановы Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў.

Брытанскія лібэральныя дэмакраты таксама падтрымліваюць урад у гэтым пытаньні, але падкрэсьліваюць, што ўмовай посьпеху вайсковай апэрацыі ў Афганістане будзе тое, што яна павінна мець дакладна акрэсьленыя мэты. Гэта выказваньне трэба паставіць у кантэкст агульнай брытанскай пазыцыі – а менавіта, што вайсковая апэрацыя мае на мэце зьнішчэньне патэнцыялу тэрарыстаў бін Лядэна. У Амэрыцы, нагадаю, існуе большая схільнасьць казаць па глябальную вайну з тэрарызмам увогуле.

Цікавай навіной зьяўляецца і тое, што, як паведамляюць, у адказ на ўчорашні телезварот самога Усамы бін Лядэна праз адну іслямскую тэлестанцыю, прам’ер Тоні Блэйр загадаў скантактавацца з той тэлестанцыяй, каб даць свой адказ: а менавіта, што вайсковая апэрацыя ў Афганістане не зьяўляецца вайной супраць ісляму, як тое спрабуе прадставіць бін Лядэн.

Пэўную увагу брытанскія сродкі масавай інфармацыі надаюць і стаўленьню афганскай дыяспары Брытаніі да гэтай вайны. Нагадаю, што толькі ў Лёндане жыве больш за 5000 афганцаў. Многія сярод іх спадзяюцца, што канец рэжыму Талібану дасьць магчымасьць для лепшай будучыні іх краіны. Аднак афганцы таксама вельмі непакояцца за лёс сваіх блізкіх, якія могуць стацца ахвярамі бамбардыровак. Прадстаўнікі афганскай абшчыны ў Брытаніі падкрэсьліваюць, што самі афганавы ніяк не былі заангажаваныя ў гэтых тэрарыстычных актах. Замест бамбардыровак, кажуць яны, многія афганцы віталі б маўляў пасылку наземных войскаў, каб, як тут кажуць, высмаліць тэрарыстаў з Афганістана.

Надзвычайная сэсія парлямэнта распачынаецца сёньня а 6 гадзіне мясцовага часу ўвечары. Гэта будзе ўжо трэцяя такая надзвачайная сэсія за апошні час, і мы чакаем далейшых дэталяў апэрацыі і камэнтароў брытанскіх палітыкаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG