Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК РАСТЛУМАЧЫЦЬ РЭВЭРАНСЫ ПАМІЖ ЛУКАШЭНКАМ І ВІНКЕЛЬМАНАМ?


Алена Панкратава, Менск

Як паведамілі Радыё Свабода экспэрты ў беларускіх пытаньнях зь вядучых аналітычна-дасьледчых цэнтраў Нямеччыны, дакладна растлумачыць апошнія рэвэрансы між нямецкім дыпляматам Вінкельманам і Лукашэнкам надзвычай цяжка. Тым больш на тле тых супярэчнасьцяў, якія ўзьніклі паміж амбасадарамі Вінкельманам і Вікам пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.

Паводле аналітыкаў з Цэнтру эўрапейскіх дасьледаваньняў у Мангайме, падобная цеплыня ў адносінах можа мець выключна прыватную глебу і зусім ня мае ніякага дачыненьня да нямецка-беларускіх стасункаў.

"Лукашэнку, хутчэй за ўсё, добра вядома, што Вінкельман (адрозна ад іншых кіраўнікоў замежнапалітычных ведамстваў у Беларусі) вельмі актыўна выказваўся за прызнаньне прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі", — лічаць мангаймскія дасьледчыкі.

Паводле гесэнскага журналіста, былога ўласнага карэспандэнта радыё АRD у Беларусі Райнгарда Лаўтэрбаха, усё тлумачыцца асобай Вінкельмана.

(Лаўтэрбах: ) "Вінкельман, будзем так казаць, славянафіл у нямецкай дыпляматыі. Ён доўгі час працаваў у Маскве. У яго пэўны нацыянальны комплекс адказнасьці перад беларусамі за злачынствы Другой сусьветнай вайны".

Па-другое, сьведчыць Райнгард Лаўтэрбах, вядома, што Вінкельман меў неблагія дачыненьні з Лукашэнкам. У 1998 годзе, калі лідэры заходніх краінаў байкатавалі сустрэчы зь беларускім кіраўніком, Лукашэнку ўдалося правесьці неафіцыйныя перамовы з будучым бундэсканцлерам Шродэрам. Без пасярэдніцтва на высокім дыпляматычным узроўні такой сустрэчы арганізаваць нельга.

(Лаўтэрбах: ) "Лукашэнка меў неблагія дачыненьні зь Нямеччынай. На ФРН ён заўсёды лаяўся менш, чым на Амэрыку, іншыя заходнія краіны. У гэтым выпадку Вінкельман як прадстаўнік старой нямецкай дыпляматычнай школы ня мог не сказаць прыемных рэчаў на разьвітаньне".

Паводле шэрагу заходніх аналітыкаў, сярэдні ўзрост нямецкіх амбсадараў (Вінкельмана, Віка, а цяпер і новага пасла Фрыка) дазваляе меркаваць аб стаўленьні Нямеччыны да Беларусі. Для параўнаньня: кіраўнікі дыпляматычнага корпусу Нямеччыны ва Ўкраіне і ў Расеі як мінімум на 10 год маладзейшыя.

Аднак пры гэтым, лічаць экспэрты, прыналежнасьць новага паўнамоцнага і надзвычайнага пасла Нямеччыны ў Беларусі доктара Фрыка да старой дыпляматычнай школы яшчэ не азначае нязьменнасьці замежнапалітычнай лініі Нямеччыны да Беларусі.

Апошняя пасада спадара Фрыка — кіраўнік аддзелу ў кіраўніцтве гаспадарчымі справамі бундэсканцлера Шродэра. Паводле дасьледчыкаў унівэрсытэту ў Канстанцы, ня выключана, што доктар Фрык будзе выступаць за антыізаляцыйную палітыку Захаду ў дачыненьні да Беларусі. Якраз гэта актыўна артыкулюецца вядучымі палітыкамі Нямеччыны, якія былі ў Менску ў часе апошніх выбараў, у тым ліку дэпутаткай Бундэстагу Утай Цапф:

(Цапф: ) "Палітыку ў дачыненьні да Беларусі трэба мяняць, хоць гэта яшчэ і недэмакратычная сыстэма".

Экспэрты пакуль ня кажуць, якімі могуць быць гэтыя зьмены. Аднак тым ня менш узгадваюць амэрыканскую прымаўку: "Business as usual".

Паводле былога карэспандэнта Нямецкага радыё ў Беларусі Райнгарда Лаўтэрбаха, апошнія падзеі з тэрактамі, крокамі Масквы насустрач НАТО могуць дадаць карэктывы да зьменаў у стасунках Захаду і Менску. Беларусь ужо ня будзе разглядацца як расейскі фарпост. Ціск Захаду на Маскву ў зьвязку зь Менскам стане пытаньнем палітычнай каньюнктуры.

На гэтым тле Лукашэнка зможа "спаць спакойна". Вядома, калі зьменяцца розныя глябальныя рэчы, зьменіцца ўсё. Хіба толькі не беларускі лідэр.

(Лаўтэрбах: ) "Нават калі ён і захоча быць дэмакратам, у яго нічога не атрымаецца", — лічыць нямецкі журналіст.

Нямецкія аналітыкі не выключаюць, што больш акрэсьленыя рысы нямецкая і заходнеэўрапейская стратэгія да Беларусі прыме пасля 10 кастрычніка — пасьля слуханьняў пытаньня адносна беларускіх выбараў у Эўрапарлямэнце.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG