Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІКОЛА МАРКЕВІЧ: МАГЧЫМА, "ПАГОНЯ" ВЫБРАНАЯ ПАЛІГОНАМ, НА ЯКІМ УЛАДА ХОЧА АДПРАЦАВАЦЬ ЗЬНІШЧЭНЬНЕ ЎСЯГО НЕЗАЛЕЖНАГА ДРУКУ


Віталь Цыганкоў, Менск

(Карэспандэнт: ) "Пра што, на вашую думку, сьведчаць першыя судовыя паседжаньні?"

(Маркевіч: ) "Безумоўна, у пазыцыі Гарадзенскай абласной пракуратуры відавочныя элемэнты палітычнай замовы. Фактычна гэта помста ўлады за пазыцыю газэты.

Што тычыцца гэтых двух судовых паседжаньняў, то я бачу два моманты. Першы — працэсуальна суд ідзе бездакорна. Аднак я расцэньваю гэта як зацягваньне часу. Бо ў суду было дастаткова падставаў, каб яшчэ на першым паседжаньні абвесьціць вырак: у пазове пракуратуры Гарадзенскай вобласьці адмовіць, а таксама вынесьці нейкую частку, у якой зьвярнуць увагу на "прафэсійнасьць" гарадзенскіх пракурораў".

(Карэспандэнт: ) "Зараз у палітолягаў шмат развагаў наконт таго, што Аляксандар Лукашэнка пасьля прэзыдэнцкіх выбараў можа дапусьціць пэўную лібэралізацыю, у тым ліку ў палітычнай сфэры. Здаецца, прыклад вашай газэты не пацьвярджае гэтай вэрсіі..."

(Маркевіч: ) "Безумоўна. Я хачу зьвярнуць увагу на дзікую алягічнасьць дзеяньняў пракуратуры. Вось выйгралі выбары, здаецца, павінны быць вялікія і добрыя. А значыць, павінны дараваць нават тыя грахі, якія былі на самой справе (хаця ў "Пагоні" не было аніякіх грахоў). Аднак тое, што робіцца з нашай газэтай, сьведчыць, што альбо выбары не былі выйграныя, альбо яны не "вялікія і добрыя".

(Карэспандэнт: ) "Можа, проста "Пагоня" ўжо настолькі задзяўбла мясцовыя ўлады, што яны гатовыя дзейнічаць нават ня ў згодзе з агульнай лініяй, а закрыць газэту толькі таму, што вы іх "давялі", што яны вас больш цярпець ня могуць?"

(Маркевіч: ) "Абсалютна не. Якраз трэба адзначыць, што асабліва апошнім часам прафэсійнасьць "Пагоні" значна падвысілася. Матэрыялы ўзважаныя, гэта сапраўдная журналістыка, дзе ня можа быць пытаньняў, што хтосьці пакрыўдзіўся. Ёсьць праўда, ёсьць факты.

"Пагоня", магчыма, выбраная ў якасьці палігону, на якім улада хоча адпрацаваць зьнішчэньне ўсяго незалежнага друку. Ня веру, што Лукашэнка будзе секчы сук, на якім сядзіць. Любая лібэралізацыя — ці то ў эканоміцы, ці ў ідэалёгіі — для яго палітычная сьмерць".

(Карэспандэнт: ) "Як вы ацэніце агульную сытуацыю ў рэгіянальнай прэсе пасьля выбараў? Ці не запанавалі ў мясцовых журналістаў настроі нейкага адчаю, расчараваньня?"

(Маркевіч: ) "Рэгіянальны друк вельмі розны, але ёсьць нешта агульнае, што не дае аддавацца паніцы. Кожны дзень адбываюцца падзеі — мы іх асьвятляем, і тым самым выяўляем грамадзкі інтарэс.

Нам не было сорамна ні падчас, ні пасьля выбараў, мы робім сваю справу, і мы патрэбныя грамадзтву. Няма часу для панікі й паняверкі, ёсьць магчымасьць і неабходнасьць працаваць".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG