Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ЗА ЛУКАШЭНКУ ГАЛАСАВАЛА РАСЕЙСКАЯ АГЕНТУРА, ПЛАТНЫЯ “СТУКАЧЫ”, ЯКІХ ЦЭЛАЯ АРАВА…” ДЫ ІНШАЕ


Валянцін Жданко, Менск

Адчуваньне небясьпекі і неабароненасьці, якое ахапіла многіх у сьвеце пасьля 11 верасьня, уласьцівае і шмат якім нашым слухачам, што наважыліся напісаць на Свабоду. Амаль ва ўсіх лістах на гэтую тэму гучыць думка, што праблема наўпрост датычыць і Беларусі, але як у гэтых умовах дзейнічае беларуская ўлада?

Вось якую ацэнку гэтым дзеяньням дае Аляксей Цімафейчык з Калінкавічаў. Ён піша:

"Якімі абсурднымі і палітычна недалёкімі выглядаюць цяпер заявы Аляксандра Лукашэнкі пра "монстра НАТО, які набліжаецца да сінявокай Беларусі". Увесь сьвет салідарны са Злучанымі Штатамі ў іхным імкненьні знайсьці і пакараць злачынцаў; расейскі прэзыдэнт Уладзімер Пуцін знаходзіць паразуменьне з НАТО ў гэтым пытаньні; цэнтральнаазіяцкія краіны, якія ўваходзяць у дамову аб калектыўнай бясьпецы СНД, гатовыя прыняць амэрыканскія войскі на сваёй тэрыторыі. З кім застаецца Лукашэнка?

Найгорш тое, што разам зь ім застаемся ў ізаляцыі і ўсе мы, беларусы. Якой яшчэ, як не бяздарнай, можна лічыць такую зьнешнюю палітыку?" — напісаў Аляксей Цімафейчык з Калінкавічаў.

Да напісанага вамі, Аляксей, дадам хіба тое, што і ўрады заходніх краінаў, і людзі на Захадзе ўсё ж, на маю думку, бачаць і ўсьведамляюць розьніцу паміж афіцыйнай пазыцыяй Менску і настроямі ды памкненьнямі большасьці беларусаў. А спачуваньне і падтрымка любога разважлівага чалавека ў гэтай сытуацыі, па-мойму, зразумела на чыім баку. У гэтым сэнсе пра ізаляцыю беларусаў як нацыі ў сьвеце можна гаварыць, на маю думку, толькі ўмоўна.

Хоць існуе і крытычны погляд наконт плянаў ваеннай апэрацыі супраць тэрарыстаў. Вось які ліст даслала нам Алена Логвін зь Менску. Яна піша:

"Амэрыканцы надта доўга намагаліся навязаць сьвету ўласныя стандарты жыцьця. А сьвет ня можа быць аднолькавы. Тое, што заходняму чалавеку добра, ва ўсходняга выклікае незадавальненьне і абурэньне. І з гэтым павінна лічыцца нават такая супэрдзяржава як Злучаныя Штаты.

Па-мойму, дарэмна цяпер амэрыканцы лезуць у Афганістан. Бін Ладэна яны ўсё роўна ня знойдуць — ён хутчэй узарве сябе на дробныя кавалачкі якой-небудзь бомбай, чым здасца ім. А пуштунаў, а разам і вялікую частку ісламскага сьвету амэрыканцы гэтым зробяць для сябе ворагамі. І што ў выніку? Новая зацяжная вайна, у якой, як заўсёды, ня будзе пераможцаў, затое будуць мільёны абяздоленых бедных людзей. Каму ад гэтага лепш?" — задае рытарычнае пытаньне Алена Логвін зь Менску.

Пры ўсёй непадобнасьці і жыцьцёвых стандартаў, і духоўных ідэалаў ёсьць тое, што аб’ядноўвае усіх людзей, незалежна ад іхнага веравызнаньня ці колеру скуры. Ніхто ў імя якіх бы то ні было ідэалаў ня мае права пазбаўляць жыцьця нявінных людзей; нікому не дадзена права замахвацца на іхную свабоду і спакойнае жыцьцё.

Рэлігійны фанатызм і нецярпімасьць, калі яны атрымліваюць доступ да зброі, вялікіх грошай ці ўлады — становяцца пагрозай для ўсяго чалавецтва, у тым ліку і для мусульманаў. І тут, спадарыня Алена, ідзе размова не пра навязваньне камусьці заходняга ладу жыцьця, а пра абарону ад жорсткіх бандытаў, якія, калі іх ня зьнішчыць сёньня, заўтра прынясуць сьвету бяду яшчэ большую.

Па-ранейшаму шмат у нашай пошце лістоў на тэму нядаўніх прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. Ня ўсе слухачы пагаджаюцца з распаўсюджанай высновай наконт таго, што апазыцыя ў часе гэтай кампаніі паказала сябе не найлепшым чынам. Вось што піша, для прыкладу, Іван Рыбалка з Горадні:

"Нядаўнія выбары (дакладней, іхныя вынікі) сталі для мяне і для многіх маіх знаёмых ударам у сэрца. Добра вядома, што Лукашэнка не набраў у першым туры 50% галасоў. Магчыма, я б паставіўся да такіх вынікаў больш спакойна. Але мне давялося ўбачыць скрыню для галасаваньня, у якой адкрывалася дно. Гэта здарылася 7-га верасьня, і з таго часу баліць сэрца. Такой нахабнасьці і цынізму я не чакаў.

Лічу, што Ганчарык і яго каманда зрабілі, што маглі, і не прайгралі, а выйгралі. Пытаньне толькі ў часе. Іхная справа ня марная перад Богам і перад людзьмі. І пасеяныя зярняты праўды вельмі хутка ўзыдуць і прынясуць добры плён".

Іван Рыбалка таксама паведамляе, што піша на Свабоду ўпершыню, і што слухае нас ужо некалькі месяцаў. Слухачамі Свабоды, паводле ягоных назіраньняў апошнім часам у Беларусі сталі многія людзі, якія раней заходняе радыё ня слухалі.

Падтрымлівае высновы Івана Рыбалкі наконт апазыцыі і яшчэ адзін наш слухач з Горадні — Іван Антановіч. Ён піша:

"Некаторыя цяпер вінавацяць апазыцыю — маўляў, не зрабіла таго, гэтага… Вінаватая нібыта старая намэнклятура. А я кажу: усё было зроблена добра, зрабілі тое, што маглі ў гэтых умовах. Але чаго можна дабіцца, калі нашы людзі гэтак запалоханыя: баяцца ўступаць у партыі, хадзіць на мітынгі. А баяцца таму, што з гэтай прычыны можна страціць працу — вунь колькі такіх выпадкаў было.

Але было і шмат людзей, якія галасавалі за Лукашэнку. Гэта расейская агентура (адстаўнікі, іхныя жонкі), платныя "стукачы" (а іх цэлая арава, хоць мала хто ведае пра гэтую патаемную арганізацыю).

За Лукашэнку галасавалі і людзі застрашаныя, залежныя ад улады. За сем гадоў Лукашэнка зрабіў усіх жабракамі — і тым ня менш нібыта перамог на выбарах. Чаму так сталася? Бо за камуністычным рэжымам сапраўдных выбараў не бывае, перамагае той, на каго пакажа ўлада", — напісаў Іван Антановіч з Горадні.

Пытаньне пра тое, ці зрабіла апазыцыя ўсё, што магла зрабіць, па-мойму, спадар Іван, застаецца спрэчным. Найпершая яе (і ня толькі яе) задача была ў тым, каб дамагчыся выбараў свабодных і справядлівых, каб улічаны быў кожны голас, каб не было глебы для фальшаваньня. Адбылося, аднак, усё па-іншаму. І апазыцыя, відавочна, павінна зрабіць з гэтага высновы і не павінна зьнімаць з сябе адказнасьці за паразу.

Наш сталы слухач Віктар Скараход зь Менску гэтым разам падзяліўся ўражаньнямі ад прачытанага ў дзяржаўных мэдыях. Ён піша:

"Калі верыць газэце "Советская Белоруссия", сукупны ўнутраны прадукт у Беларусі за апошнія пяць год павялічыўся ажно на 36%. Няўжо такі, так бы мовіць, "росквіт" дасягаецца тады, калі большасьць прадпрыемстваў — стратныя, калі за 10 апошніх гадоў на фабрыках і заводах не памяняўся ніводзін зношаны станок, калі калгасныя фэрмы напалову разваліліся.

Ды пры росьце на 36% нашы кашалькі павінны быць пухлымі ад грошай, а што насамрэч? Няўжо рэдактар "Советской Белоруссии" Павал Якубовіч ня бачыць жабракоў на вуліцах, няшчасных калек, бамжоў? Няўжо ня ведае, як рэдка можа дазволіць сабе "сярэдні беларус" кавалак мяса ці рыбіну?

Ці ад добрага жыцьця рабочыя трактарнага заводу перакрылі рух на вуліцы Даўгабродзкай у Менску? А колькі яшчэ ў Беларусі такіх рабочых, якія гатовы перакрываць свае "даўгабродзкія" вуліцы, ды толькі баяцца дубінак і звальненьняў, а таму пакуль церпяць зьдзек.

Думаю, усё гэта разумее Павал Якубовіч, але ж у краіне, дзе ўлада хлусіць на кожным кроку, гаварыць праўду дзяржаўны журналіст ня можа — ён жа слуга", — напісаў удзельнік вайны Віктар Скараход зь Менску.

Вы, спадар Віктар, напэўна, памятаеце, што ў Савецкім Саюзе афіцыйная статыстыка выконвала галоўным чынам прапагандысцкую функцыю. Савецкія грамадзяне, дзякуючы ёй, ведалі, якую неверагодную колькасьць мяса, масла і каўбас яны зьядалі, калі параўноўваць зь іншымі краінамі. Магчыма, для кагосьці гэта й магло быць адказам на тое, чаму паліцы ў крамах былі парожнія.

Выглядае, што ва ўмовах сёньняшняй Беларусі, асабліва перад выбарамі, дзяржаўная статыстыка выконвае такую ж ролю.

На заканчэньне — ліст ад сьвятара Рамана Каспрышына з Львова, з Заходняй Украіны. Ён піша:

"Часта натрапляю на хвалі вашае радыёстанцыі. Перадаяце багата цікавых праграмаў. Звычайна слухаю вас не штодня, а калі маю вольны час. Беларускую мову разумею выдатна — мяркую, як і вы украінскую, на якой пішу гэты ліст.

У наступных вашых перадачах хацелася б пачуць пра справы нацыянальных меншасьцяў у Беларусі (найперш украінскай). Ці існуюць у Беларусі украінскія нацыянальныя таварыствы, як справа з вывучэньнем украінскай мовы, са свабодай веравызнаньня? Сам я сьвятар Украінскай грэка-каталіцкай царквы", — напісаў Раман Каспрышын зь Львова, з Украіны.

Дзякуй вам, спадар Раман, за добрыя словы на наш адрас. Вашыя заўвагі і прапановы мы пастараемся абавязкова ўлічыць.

На мінулым тыдні нам таксама даслалі лісты Юры Кутузаў са Смаргоні, Алег Пракарына зь мястэчка Сноў Нясьвіскага раёну, Леанід Кулеш зь вёскі Сіняўка Клецкага раёну, Аліна Саколкіна з Крычава і Юзаф Русакевіч зь Вільні.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG