Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛІДЭРЫ ФПБ НАКІРАВАЛІ ЛУКАШЭНКУ ВІНШАВАЛЬНУЮ ТЭЛЕГРАМУ З НАГОДЫ ІНАЎГУРАЦЫІ


Міхал Стэльмак, Менск

Тэкст прафсаюзнай тэлеграмы на адрас Аляксандра Лукашэнкі ўхвалілі 1 кастрычніка на закрытым паседжаньні прэзыдыюму Фэдэрацыі. Як паведамілі сёньня нашаму радыё ўдзельнікі паседжаньня, падставай для тэлеграмы стала інаўгурацыя Лукашэнкі.

Пасьля афіцыйнага ўступленьня Лукашэнкі на прэзыдэнцкую пасаду шэраг прафсаюзных лідэраў запатрабаваў ад Уладзімера Ганчарыка ўсталяваць з уладай партнэрскія адносіны. У прыватнасьці, на гэтым настойваў старшыня галіновага прафсаюзу работнікаў лёгкай прамысловасьці Валеры Ждановіч. Вось што ён зазначыў на гэты конт:

(Ждановіч: ) "Прафсаюзы лёгкай прамысловасьці, аховы здароўя, мясцовай прамысловасьці патрабавалі й настойвалі, каб была мяжа паміж прафсаюзнай дзейнасьцю і палітыкай. Фэдэрацыя прафсаюзаў мусіць канструктыўна працаваць з урадам і наймальнікамі. Я зьвярнуўся да Ўладзімера Ганчарыка, каб ён зрабіў выбар. Бо кіраваць Фэдэрацыяй і быць у палітычнай апазыцыі — гэта несумяшчальна. І мы пра гэта яму сказалі".

Як вынікае з тлумачэньняў іншых сяброў прэзыдыюму Фэдэрацыі, тэлеграма стала кампрамісам паміж рознымі прафсаюзнымі групоўкамі. Зь яе выдалілі віншавальныя словы. У тэксьце ж, што захаваўся, віншаваньня няма. Так, у прыватнасьці лічыць лідэр галіновага прафсаюзу авіяработнікаў Яўген Бурак:

(Бурак: ) "Там было пажаданьне, каб былі выкананыя абяцаньні, дадзеныя ў перадвыбарчай плятформе. І ўсё".

(Карэспандэнт: ) "Асабіста вы галасавалі за накіраваньне тэлеграмы альбо супраць?"

(Бурак: ) "Я лічу, што няма нічога кепскага ў тым, каб пажадаць посьпехаў чалавеку, што ўзяўся за справу. Хто б ён ні быў. Гэта было напрыканцы паседжаньня, і тэлеграма размагніціла ягоную псыхалягічную атмасфэру".

Паводле словаў удзельнікаў паседжаньня, ухваліў тэкст тэлеграмы і ейнае накіраваньне Лукашэнку і Ўладзімер Ганчарык. Але пацьвердзіць ці абвергнуць гэтую інфармацыю не ўдалося — старшыня Фэдэрацыі зараз па-за межамі Беларусі.

Як высьветлілася, супраць тэлеграмы на закрытым паседжаньні Фэдэрацыі галасавалі толькі двое — старшыня прафсаюзу аўтасельгасмашу Аляксандар Бухвостаў і кіраўнік галіновага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці Генадзь Фядыніч. Вось як абгрунтаваў сваю пазыцыю Аляксандар Бухвостаў:

(Бухвостаў: ) "У нас няма неабходнасьці пісаць лісты. Рэч у тым, што ў нас прэзыдэнт ня ёсьць кіраўніком ураду. Мы ж вядзем партнэрскае супрацоўніцтва з урадам. А па-другое, я стаўлю пад сумнеў вынікі выбараў".

Тым часам афіцыйныя мэдыі расцанілі тэлеграму кіраўніцтва Фэдэрацыі на адрас Лукашэнкі як фактычнае прызнаньне Ўладзімерам Ганчарыкам сваёй паразы на прэзыдэнцкіх выбарах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG