Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЫН ВІНЬНІКАВАЙ ДАСТАЎ ДВА ГАДЫ ПАПРАЎЧЫХ РАБОТ БЕЗ ПАЗБАЎЛЕНЬНЯ ВОЛІ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Сёньня старшыня Цэнтральнага суду Менску Пётар Кіркоўскі абвесьціў прысуд Сяргею Віньнікаву, сыну вядомай палітычнай уцякачкі зь Беларусі, былой старшыні Нацбанку Тамары Віньнікавай.

Сяргея Віньнікава і яшчэ трох чалавек, што праходзілі па ягонай справе, прызналі вінаватымі ў незаконным абароце наркотыкаў. Усе яны атрымалі розныя пакараньні, сярод якіх самае мяккае — штраф, а самае жорсткае — пазбаўленьне волі на 2 гады.

Сяргей Віньнікаў застанецца на волі, ён атрымаў 2 гады папраўчых работ. Гэта азначае, што цягам двух гадоў 20% ягонага заробку будзе пералічвацца дзяржаве. Зазначу, што да арышту ў сакавіку гэтага году Віньнікаў займаўся прыватным бізнэсам.

Сяргей Віньнікаў правёў у менскім сьледчым ізалятары 5 месяцаў. Дарэчы, ён сядзеў у адной камэры з сынам былога прэм'ера Чыгіра Аляксандрам. Паводле крыніцаў, адносіны паміж дзецьмі вядомых апазыцыянэраў усталяваліся даверлівыя і роўныя. Яны шмат размаўлялі на розныя тэмы, дзяліліся навінамі.

У ліпені гэтыя зносіны перапыніліся, бо Сяргея Віньнікава адпусьцілі на волю з прычыны хваробы. Цікава, аднак, што Аляксандар Чыгір прыкладна ў гэты ж час таксама захварэў, але яго лячыцца дамоў не пусьцілі. Чыгір дагэтуль у сьледчым ізалятары — чакае, калі перададуць у суд ягоную крымінальную справу.

Назіральнікам падаюцца дзіўнымі прынамсі тры рэчы ў справе Сяргея Віньнікава. Першае, працэс над ім быў закрытым. Дагэтуль невядомыя дакладныя прычыны гэтага. Паводле адваката Аляксандра Пыльчанкі, ініцыяваў яе сам абвінавачаны, які спасылаўся на тое, што могуць прагучаць зьвесткі прыватнага характару.

Таксама назіральнікаў дзівіць надзвычай мяккі прысуд. Паводле Крымінальнага кодэксу, пакараньнем паводле гэтага артыкулу павінны быць ад 5 да 10 гадоў турмы. Між тым, пры канцы працэсу пракурор папрасіў пакараць Віньнікава толькі двума гадамі папраўчых работ, з чым і пагадзіўся судзьдзя.

Трэцяя акалічнасьць, на якую зьвяртаюць увагу назіральнікі, — гэта час правядзеньня працэсу па справе, якую перадалі ў суд яшчэ два месяцы таму. Адзначаюць, што суд адбыўся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў і што Тамара Віньнікава гэтак і не назвала доказаў існаваньня сакрэтных рахункаў Аляксандра Лукашэнкі, пра якія казала раней. У гэтай сувязі некаторыя кажуць пра вэрсію нейкай дамовы кіраўніцтва краіны з былой галоўнай банкіркай, быццам бы заключанай напярэдадні выбараў.

Гэтай вэрсіі, аднак, супярэчаць зьвесткі пра тое, што на працэсе Сяргей Віньнікаў так і не прызнаў сябе вінаватым. Ён мае магчымасьць абскардзіць прысуд у судзе вышэйшай інстанцыі, але ці скарыстае ён гэтую магчымасьць, пакуль невядома. Адвакат Пыльчанка паведаміў, што ягоны падабаронны на гэтую тэму зь ім яшчэ не размаўляў.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG