Пра гэты выпадак распавяла Радыё Свабода настаўніца матэматыкі Мураванаашмянкоўскай сярэдняй школы Данута Міхайлоўская. Яна паскардзілася ад імя больш чым 30 вучняў, якім калгас " Кастрычнік" не заплаціў за працу. Дзеці нават ня ведаюць, колькі яны зарабілі на "добраахвотнай" працы ў калгасе, бо дамову з калгасам ад іх старанна хаваюць. Вось што распавяла Данута Міхайлоўская:
(Данута Міхайлоўская: ) "Працуюць дзеці на палях два тыдні ўвосень, увесну выходзяць тыдзень. І вось гэта ўжо больш за 18 дзён, а дазволена толькі 6 — гэта першае парушэньне. Другое, павінна падпісвацца дамова паміж школай і адміністрацыяй калгасу аб умовах працы і аплаце, і ўсе бакі мусяць гэта ведаць. Дык вось ні вучні, ні бацькі , ні настаўнікі ня бачылі гэтай дамовы і нічога пра ўмовы аплаты ня ведаюць.
Прыкладам, такія апошнія факты. Увесну бульбу сартавалі — дзеці не атрымалі аплаты. Вытворчая брыгада паўгектара буракоў палола — дзеці не атрымалі грошай. Вось зараз працуюць у калгасе — то лён падымаюць, то бульбу сартуюць, а ўмовы аплаты невядомыя. І калі грошы будуць — ізноў невядома.
Што да калгасьнікаў, дык тыя ведаюць пра ўмовы аплаты, а вось што тычыцца дзяцей — тут парадку няма. Фактычна гэта робіцца з дазволу дырэктара школы, дакладней не з дазволу, а папросту не надае дырэктар гэтаму пытаньню належнай увагі. Ня лічыць патрэбным, каб дзеці ведалі.
Дзеці летам на зернескладзе працуюць у часы жніва, але арганізоўвае іх ня школа, а проста бацькі дамовіліся і паслалі на працу — дык там праблемаў няма. Там працу завершылі і літаральна праз тыдзень атрымалі заробленыя грошы. А вось калі што арганізоўвае школа, то нічога незразумела. Калі хто асьмеліцца падняць пытаньне пра аплату, то адразу папрокі: "А вам калгас аўтобус дае на спаборніцтвы езьдзіць, шклянку фарбы калгас даў, а вы тут яшчэ аплаты дамагаецеся..."
(Карэспандэнт: ) "Можа ёсьць нейкія прывілеі, нейкія падарункі для дырэктара, што ён гэтак зацікаўлены дапамагаць калгасу?"
(Данута Міхайлоўская: ) "Не, няма. Няма. Гэта ўвогуле распаўсюджаная практыка, мабыць ня толькі ў нашай школе".
(Карэспандэнт: ) "То фактычна адміністрацыя гаспадаркі лічыць школу, дырэктара, настаўнікаў, вучняў сваімі прыгоннымі сялянамі?"
(Данута Міхайлоўская: ) "Так, нас лічаць прыгоннымі. Рэгулярна на сэсіі выканаўчага камітэту старшыня і вэртыкальшчык настаўнікаў чыхвосьцяць, што тыя ня ходзяць у час адпачынку працаваць у калгас.
Я неаднойчы на сэмінарах казала, што гэта парушэньне правоў дзіцяці і дыскрымінацыя паводле прыкметы жыхарства — гэтыя прымусовыя сельскагаспадарчыя працы. Менчукоў жа дзяцей ня гоняць на завод хаця б тыя ж цэхі месьці, а тут гэткі абавязковы "добраахвотны" парадак. Дык мне адказваюць з такой нахабнай усьмешкай: "Рабілі й рабіць будуць". Вось такая тут дзіра чорная".
(Карэспандэнт: ) "Ці ёсьць хоць плён ад гэтай працы? Ці сапраўды калгас ня можа абысціся бяз гэтай дапамогі дзяцей?"
(Данута Міхайлоўская: ) "Абысьціся ня можа, бо адны старыя засталіся. Калгасу плён ёсьць, але для дзяцей — дык невядома, калі будзе гэты плён. Можа празь месяц даведаемся, калі пачнуць плаціць. Але што з таго, калі нават ёсьць карысьць калгасу? Дзецям вучыцца трэба".
Дарэчы, паводле кіраўніка Ашмянскага рэгіянальнага аддзяленьня Беларускага Гельсынскага камітэту Пятра Явідовіча, працу школьнікаў у раёне выкарыстоўваюць фактычна ўсе гаспадаркі. Пры гэтым ня менш як палова калгасаў і саўгасаў нясвоечасова разьлічваюцца зь непаўнагадовымі працаўнікамі. Тое, што ніхто са школьнікаў публічна не пратэстуе, праваабаронца тлумачыць адсутнасьцю прававога выхаваньня і страхам перад бацькамі, якія залежаць ад адміністрацыі гаспадарак.