Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АМЭРЫКА РЫХТУЕЦЦА ДА ВАЙНЫ


Радыё Свабода.

(Ціхановіч: ) “Сяргей, што сёньня адбываецца ў Нью-Ёрку?”

(Навумчык: ) “Сёньня ў Нью-Ёрк прыбыў прэзыдэнт Джордж Буш. Ён сустракаецца са школьнікамі і з прадстаўнікамі бізнэсу. Эканоміка – цяпер асноўная тэма дыскусіяў у амэрыканскім грамадзстве, паколькі ў шмат якіх сэктарах эканомікі адбываюцца масавыя звальненьні. І трэба сказаць, што адміністрацыя Буша робіць энэргічныя крокі ў гэтым накірунку. Дарэчы, сёньня газэта Daily News друкуе рэйтынгі папулярнасьці палітыкаў сярод нью-ёркцаў. Рэспубліканец мэр Джуліяні – 90 адсоткаў, рэспубліканец прэзыдэнт Буш – 82 адсоткі. Сярод палітыкаў самы нізкі рэйтынг у сэнатаркі ад штату Нью-Ёрк дэмакраткі Гілары Клінтан – 59 адсоткаў. Нью-Ёрк, дарэчы, традыцыйна падтрымліваў дэмакратаў. Хаця, напэўна, цяперашні рэйтынг зьвязаны з канкрэтнымі дзеяньнямі палітыкаў у справе пераадоленьня наступстваў тэрарыстычных актаў”.

(Ціхановіч: ) “Сяргей, акрамя эканамічнай сытуацыі, напэўна, абмяркоўваецца і будучая вайсковая апэрацыя супраць тэрарызму?”

(Навумчык: ) “Так. Вядома, што Кангрэс ухваліў плян Буша адносна прызыву ў войска 50 тысячаў рэзэрвістаў, але пакуль абвешчаны прызыў толькі трыццаці пяці тысячаў. Сёньня New York Times на першай паласе друкуе артыкул Майкла Гордана і Эрыка Шмідта, у якім распавядаецца, якім чынам Пэнтагон спрабуе пазьбегчы выкарыстаньня пакістанскіх базаў. Не выключаецца выкарыстаньне падразьдзяленьняў, якія яшчэ да 11 верасьня знаходзіліся у рэгіёне. Больш як 25 тысячаў амэрыканскіх вайскоўцаў сцягваюцца ў Эгіпэт – ў адпаведнасьці з доўгатэрміновымі вайсковымі манэўрамі, якія былі заплянаваныя яшчэ да тэрактаў. Усяго ў гэтых манэўрах будуць удзельнічаць дзесяць краінаў гэтага рэгіёну. Ва Ўзбэкістане знаходзяцца адмысловае падразьдзяленьне амэрыканскіх войскаў, якія з 1997 году навучалі ўзбэкскі спэцназ правядзеньню контр-тэрарыстычных апэрацыяў і барацьбе з кантрабандай зброі. Аналягічная амэрыканскае падразьдзяленьне ёсьць і ў Казахстане. Што датычыць Пакістану, дык Вашынгтон не жадае ставіць пад удар урад Мушарафа, які гатовы падтрымаць Амэрыку, але ня мае падтрымкі ісламістаў. ЗША не жадаюць справакаваць ісламскіх радыкалаў на дзеяньні супраць Мушарафа”.

(Ціхановіч: ) “І які спосаб дзеля гэтага будзе выкарыстаны?”

(Навумчык: ) “Пэнтагон скарыстае авіяносцы як мабільныя базы для сухапутных войскаў, у тым ліку і элітных падразьдзяленьняў, якія будуць выконваць адмысловыя апэрацыі.

На сёньняшні дзень ЗША маюць больш як 300 самалётаў на авіяносцах і сухапутных базах у раёне Індыйскага акіяну і Чырвонага мора. Шмат самалётаў базуецца у Савудаўскай Арабіі. Гэта маневіта тое месца, адкуль каардынуюцца палёты амэрыканскай і брытанскай авіяцыі, якая кантралюе Паўночную зону Іраку.

Прэзыдэнт Буш ухваліў сакрэтны плян падтрымкі адмысловых дывэрсійных групаў у Афганістане, якія супрацьстаяць Талібану . Часткай гэтага пляну ёсьць узмацненьне псыхалягічных апэрацыяў супраць Талібану. Як вядома, раней Буш заявіў, што гэта – вайна ня супраць мусульманаў, а супраць тэрарыстаў. Я нагадаю, што два тыдні таму адміністрацыя ЗША абвесьціла, што пачынае супраць тэрарыстаў інфармацыйную вайну, у тым ліку і з выкарыстаньнем дэзынфармацыі, і такіх прыёмаў, якія не назавеш джэнтльмэнскімі. І гэта атрымлівае падтрымку амэрыканскага грамадзтва, якое, з большага, нават згодна ахвяраваць некаторымі правамі асобы, так званым прайвасі, у мэтах бясьпекі”.

(Ціхановіч: ) “Сяргей, але разам з тым, мы ведаем, што ў ЗША адбываюцца і дэманстрацыі тых, хто выступае супраць вайны? Як да іх ставіцца грамадзства?”

(Навумчык: ) “Алена, такія дэманстрацыі сапраўды ёсьць, іх ніхто не забараняе, бо Амэрыка – свабодная краіна, іх нават ахоўвае паліцыя. Іх паказваюць па тэлебачаньні. Але я б не сказаў, што яны адлюстроўваюць агульны настрой грамадзтва – агульны настрой якраз супрацьлеглы. Я сёньня цытаваў англамоўную прэсу, але ў гэтым кантэксьце якраз паказальная спасылка на найстарэйшую расейскамоўную газэту “Новое русское слолво”. Цытуючы выказваньні маладых ўдзельнікаў антываеннай дэманстрацыі, якія, дарэчы, не прапаноўваюць ніякіх плянаў барацьбы з тэрарызмам, газэта піша:

“Гуманітарным каштоўнасьцям, убітым у галаву выпускнікам прэстыжнага Нью-Ёрскага ўнівэрсытэту, супрацьстаіць фанатызм іх аднагодкаў-мусульманаў. Гэтыя якраз гатовыя ня проста ваяваць за сваю ідэю, але і нават памерці. І калі б уся амэрыканская моладзь складалася з лібэральных рахітаў з Вашынгтон-сквэра, дык Усама бін Ладэн даўно адправіў бы яе на шыбеніцу па загадзе нью-ёрскага шарыяту. На шчасьце, ёсьць іншая моладзь, гатовая ваяваць з тэрарыстамі. Яшчэ год таму тыя выпускнікі школаў, якія вырашалі пайсьці ў войска, лічыліся амаль што няўдачнікамі. Дакладней, мы выказвалі да іх рашэньня павагу, але сапраўдную павагу выклікалі нашыя будучыя дантысты і юрысты... Іх фінансавы дабрабыт, шыкоўны дом з басэйнам, аўтамабіль і адпачынак на беразе акіяну і былі той самай амэрыканскай марай, за якой мы ўсе сюды ехалі. 11 верасьня ўсё зьмянілася. Нашая будучыня – літаральна ў руках тых дзяцей, якія са зброяй у руках накіроўваюцца ў бок Афганістану” –

Гэта, нагадаю, была цытата зь сёньняшняй расейскамоўнай нью-ёрскай газэты, але, Алена, я ведаю і маладых амэрыканцаў беларускага паходжаньня, акія ў гэтыя дні згодныя памяняць свае пляны адносна прэстыжных факультэтаў на службу ў войску”.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG