Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ШТО Ў РАСЕІ ПІШУЦЬ ПРА НАВІЦКАГА?


Вячаслаў Ракіцкі, Прага

Бальшыня газэтаў адзначае, што гэтае прызначэньне было вельмі нечаканым і для сябраў ураду, і для адміністрацыі Лукашэнкі, і для назіральнікаў, і нават для самога Генадзя Навіцкага. “Независимая газета” мяркуе, што “гэта хутчэй за ўсё быў асабісты выбар кіраўніка беларускай дзяржавы”. Падобную думку выказваюць і “Известия”: “Ідэя памяняць прэм’ера цалкам належыць прэзыдэнту, і, мяркуючы па ўсім, ягоны цяперашні вылучэнец да гэтага ня быў падрыхтаваны”.

Усе газэты адзначаюць, што Навіцкі займаў непрыкметную пасаду віцэ-прэм’ера, які быў куратарам будаўніцтва і архітэктуры. “Время новостей” цытуе аднаго зь лідэраў беларускай апазыцыі Васіля Лявонава, які лічыць, што ўжо “самім спосабам прызначэньня Навіцкі пастаўлены ў бяспраўны стан”, бо “калі ён ня браў удзелу ў падборы ўраду, то гэтага ўжо дастаткова, каб зразумець, што ніякага рэальнага ўплыву ён мець ня будзе.”

На думку аглядальніка маскоўскай газэты “Время МН”, “пры той сыстэме кіраваньня народнай гаспадаркай, што склалася ў Беларусі, гэтаму і ня трэба надаваць вялікай увагі, бо прэм’ер тут падобны да зіц-старшыні ў вядомай канторы, ад якога патрабуецца не ініцыятыва, а схільнасьць да выкананьня волі сапраўднага гаспадара краіны бяз ўсялякіх пярэчаньняў.

“Независимая газета”, “Время новостей”, “Коммерсантъ”, “Известия” зьвярнулі ўвагу на словы Лукашэнкі, што Навіцкі – “кампрамісная фігура”. “Але не зразумела, што будзе рабіць урад пад кіраўніцтвам “чалавека без палітычнай біяграфіі”? – пішуць “Московские новости”. –“Бо на чыстым аркушы паперы можна напісаць праект рыначнай рэформы, а можна і дакрэт пра ўвядзеньне аднаўкладнай эканомікі”.

“Время МН” лічыць, што зьмена зараз Ярмошына на Навіцкага ня вельмі лягічная, бо “экспэрты прадказваюць у бліжэйшыя 2-3 месяцы абвастрэньне эканамічнай сытуацыі. Чакаецца, што крызыс працягнецца да вясны 2002 году. Магчыма, урад зможа неяк справіцца з задачай. Калі не – дык менавіта ў гэты час найбольш рацыянальным рашэньнем і была б замена прэм’ера”.

Ва ўсіх водгуках на прызначэньне новага прэм’ера расейскія журналісты абмяркоўваюць прычыну, чаму Лукашэнка разьвітаўся зь нядаўна ім жа абраным Ярмошыным. І сыходзяцца ў думцы, што яго Лукашэнка мог “западозрыць у неляяльнасьці.”

“Время МН” піша: “За сем гадоў свайго прэзыдэнцтва Аляксандар Лукашэнка пасьпеў ужо тройчы паклясца на двух варыянтах Канстытуцыі і прызначыць трох прэм’ер-міністраў. Цяпер Лукашэнка абраў чацьвертага – Генадзя Навіцкага.” А “Независимая газета” паведамляе, што Генадзь Навіцкі паабяцаў паставіць у цэнтар сваёй працы перадвыбарчую праграму кіраўніка дзяржавы.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG