Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“АПОШНІ ДЫКТАТАР ЭЎРОПЫ ПАДМАНАМ ВЫЙГРАЎ ВЫБАРЫ, А ПАСЬЛЯ СПАКОЙНА ПРЫЗНАЧЫЎ НОВЫ ЎРАД…”


Сяргей Шупа, Прага

Майкл Біньён у лёнданскай The Times у сваім артыкуле «Тыдні, не заўважаныя сьветам» разглядае наступствы трагічных падзеяў 11 верасьня з гледзішча асьвятленьня палітычнага жыцьця ва ўсім сьвеце. З прычыны тэрарыстычных нападаў на Амэрыку, піша Біньён, увесь астатні сьвет за апошнія тры тыдні стаўся нябачным. Сярод іншых падзеяў, што засталіся ў ценю тэрору і яго наступстваў, аўтар згадвае і беларускія. Апошні дыктатар Эўропы выйграў выбары, якія паўсюдна былі выкрытыя як несправядлівыя, а пасьля спакойна прызначыў новы ўрад. У сусьветным друку гэтая падзея была асьветленая толькі некалькімі радкамі агентурных паведамленьняў.

Гэтая самая тэма закранаецца і ў нямецкім тыднёвіку Focus. У рубрыцы «Лісты ў рэдакцыю» адзін з чытачоў піша: «Тэрарыстычныя напады на Амэрыку істотна паўплывалі на асьвятленьне ўсіх тэмаў у сродках масавай інфармацыі. І вельмі сумна, што цяпер ужо амаль нічога не чуваць пра сфальшаваныя выбары ў Беларусі. Для беларускага дыктатара Лукашэнкі навіны з Амэрыкі прыйшлі ў самы зручны момант. Яны прымусілі хутка забыцца на тое, што дзеецца ў Беларусі».

Тым часам Беларусь сталася аргумэнтам у чэскіх унутрыпалітычных спрэчках. Журналіст Пэтр Уль выступіў у левай газэце Pravo з крытыкай чэскіх правых, якія, на думку Уля, дзейнічаюць паводле гэткага прынцыпу: усё, што йдзе на шкоду левым, камунізму, пост-камунізму і Расеі – гэта добра. Дык вось, паводле чэскіх правых, расейскі прэзыдэнт Пуцін – зусім не прэзыдэнт, а агент КГБ, чачэнскія сэпаратысты – не тэрарысты, а змагары за свабоду. Правыя ацэньваюць Косаўскую вызвольную армію не паводле яе злачынстваў супраць чалавечнасьці але ў якасьці зброі супраць Мілошавіча. Мілошавіч, беларускі дыктатар Аляксандар Лукашэнка і славацкі экс-прэм’ер Уладзімір Мэчыяр ­ безь ніякага разбору абвяшчаюцца д’ябламі, - піша левая чэская газэта Pravo.

«Павязаныя сувязямі». Артыкул пад такім загалоўкам, прысьвечаны пэрспэктывам беларуска-расейскіх дачыненьняў, зьмешчаны ў апошнім выпуску інтэрнэтнага выданьня Transition Online. Яе аўтар, рэдактар аддзелу навінаў расейскага англамоўнага тыднёвіка The Russia Journal Уладзімір Казлоў, піша:

«Падчас сваёй надзвычай пасьпяховай выбарчай кампаніі Аляксандар Лукашэнка не хаваў, што зьбіраецца і далей умацоўваць саюз Беларусі з Расеяй. Што да расейскіх кіраўнікоў, дык яны маўкліва падтрымвалі Лукашэнку ў апошні месяц кампаніі, ніколі не патрабуючы ўзамен за падтрымку ні эканамічных, ні палітычных рэформаў і не крытыкуючы ягоны аўтарытарны стыль кіраваньня, з прычыны якога Лукашэнка стаў парыям у Заходняй Эўропе і Злучаных Штатах.

Цяпер, калі выбарчая гарачка сунялася, расейскія кіраўнікі выглядаюць задаволенымі вынікам выбараў, хоць беларуская апазыцыя і Захад вырашылі не прызнаваць Лукашэнкаву перамогу. Расейскі прэзыдэнт Пуцін нават павіншаваў Лукашэнку, сказаўшы «Беларускі народ не паддаўся зьнешняму ціску і абраў сабе такую будучыню, якую палічыў патрэбнай».

Бальшыня іншых высокапастаўленых расейскіх палітыкаў трымаецца падобнай пазыцыі. Пярэчыць ёй толькі парлямэнцкая апазыцыя. «Тыя, хто думае, што Лукашэнка ўмацуе саюз двух славянскіх народаў, памыляюцца, - заявіў лідэр Саюзу Правых Сілаў Барыс Нямцоў. – Лукашэнка выкарыстае Расею як дойную карову».

Аднак асноўная маса расейскіх палітыкаў адназначна аддавала перавагу Лукашэнку, нягледзячы на чуткі, што расейскія кіраўнікі ад яго стаміліся і разважаюць наконт магчымай падтрымкі іншага кандыдата.

Выглядае, што расейскія ўлады аддалі перавагу стабільнасьці Беларусі пад Лукашэнкам, пабаяўшыся магчымых зьменаў у палітыцы ў выпадку прыходу да ўлады іншага кандыдата. Адзінае, што расейскія ўлады хочуць ад Лукашэнкі – гэта каб ён не нарабіў нейкіх празьмерных глупстваў або свавольстваў, якія маглі б кінуць ганебны цень на Расею, - піша Ўладзімер Казлоў у інтэрнэтным часапісе Transition Online.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG