Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ШТО СЁНЬНЯ АДБЫВАЕЦЦА Ў НЬЮ-ЁРКУ?


Радыё Свабода.

(Навумчык: ) “У Нью-Ёрку ні на хвіліну не спыняецца праца на месцы катастрофы – так званай зоне “гранд зіро”. Сёньня супрацоўнікі гуманітарных арганізацыяў зьвярнуліся да тых, хто забясьпечвае працу варатавальнікаў і пажарнікаў, з прапановай узяць двухтыднёвы адпачынак, бо за тры тыдні людзі не адпачывалі ніводнага дня. Мэр Нью-Ёрку Рудольф Джуліяні прызнаў, што для канчатковай разборкі рэшткаў Усясьвеьтнага Гандлёвага Цэнтру спатрэбіцца ад дзевяці месяцаў да году. На сёньняшні дзень знойдзеныя фрагмэнты целаў 314 чалавек. Але сёньняшні дзень прынес і добрую навіну – больш чым на тысячу чалавек зьменшыўся сьпіс зьніклых бязь вестак – гэта звязана з каардынацыяй сьпісаў у розных цэнтрах, куды родныя заяўлялі аб зьнікненьні блізкіх. Аказалася, што некаторыя прозьвішчы паўтараліся”.

(Радкевіч: ) “Сяргей, калі ты ляцеў у Нью-Ёрк, табе на ўласным вопыце ўдалося спазнаць, што ўяўляе сабой новая сыстэма бясьпекі на авіярэйсах...”

(Навумчык: ) “Алена, уражаньні супярэчлівыя… У Праскі аэрапорт я быў вымушаны прыехаць не за паўтары гадзіны, як звычайна, а за чатыры. Гэта тлумачылася менавіта шчыльнасьцю праверкі багажу пасажыраў – раней гэтая працэдура была фармальнай. Праўда, я не сказаў бы, што цяпер яна зрабілася вельмі ўжо дасканалай. Напрыклад, прымушаюць з усіх фотапаратаў ды мабільных тэлефонаў выняць батарэйкі і акумулятары і пакласьці іх у тыя валізкі, якія не бяруцца з сабой у салён. Я ня здолеў адлучыць акумулятар у тэлефоне – прыйшлося класьці яго ў валізку. Ужо прайшоўшы першы ланцуг кантролю, я прыгадаў, што ў маім партатыўным кампутары застаўся акумулятар, вярнуўся ды і запытаўся у супрацоўніцы службы бясьпекі, якая мяне абшуквала, ці трэба і яго здаваць у багаж. Дзяўчына пачырванела – яна нават не заўважыла, што са мной кампутар. Акумулятар я, канечне, дастаў, але потым, ужо ў салёне лайнэра, бачыў чалавека, які ўключыў свой “ноўтбук” – у яго кампутар таксама не знайшлі. Я ня ведаю, чым так небясьпечныя ў палёце батарэйкі ды акумулятары, але калі небясьпечныя – дык што датычна нашага рэйсу – служба бясьпекі спрацавала дрэнна”.

(Радкевіч: ) “Але, напэўна, у ЗША сыстэма кантролю дзейнічае больш дасканала?”

(Навумчык: ) “Штодня ў аэрапортах канфіскоўваюць тысячы манікюрных нажніцаў ды іншай падобнай драбязы. Але вось толькі што перадалі пра выпадак, які адбыўся ў самалёце, што ляцеў з Лос-Анжэлеса ў Ганалулу. Калі самалёт ужо быў у паветры, адзін з пасажыраў (выглядае, дзеля жарту) дастаў нож для рэзкі картону (якраз такія і скарысталі тэрарысты). На борце пачалася паніка. Учора карэспандэнтка тэлеканалу “New York One” пранесла праз усе ланцугі бясьпекі вострыя манікюрныя прыстасаваньні, забароненыя для перавозкі ў салёне. Ну і калі яна паказала ўсё гэта начальніку бясьпекі аэрапорту, той быў вымушаны пагадзіцца, што сыстэма пакуль што працуе недасканала. Дарэчы, гэта быў аэрапорт New Ark, адкуль 11 верасьня і выляцеў самалёт, які тэрарысты плянавалі накіраваць на Белы Дом”.

(Радкевіч: ) “Сяргей, але калі пра такія выпадкі распавядаюць па тэлебачаньні, выглядае, што яны адзінкавыя?”

(Навумчык: ) “Пэўна так, праверка бясспрэчна зрабілася больш жорсткай, але трэба ўлічваць агульны псыхалягічны настрой, на якім адбываюцца “праколы”. Сёньня міністар юстыцыі Эшкрафт паведаміў, што ня выключаныя новыя спробы захапіць самалёты. Ужо ў першыя гадзіны пасьля катастрофы было прынятае рашэньне зьбіваць тыя пасажырскія лайнэры, якія захопленыя і ўяўляюць пагрозу для амэрыканскіх гарадоў. Мы ведаем, што такі загад 11 верасьня аддаў прэзыдэнт Буш. Але прэзыдэнт – асоба, абраная нацыяй. Цяпер права аддаваць загад на зьнішчэньне нададзена генэралам Ларры Арнольду і Нортану Шварцу. Гэта – пэрсоны, амэрыканскаму грамадзству абсалютна невядомыя. Пазьней міністар абароны ЗША Дональд Рамсфельд патлумачыў, што такому рашэньню будуць папярэднічаць сыстэмы праверак, каб пазьбегнуць памылкі, што зьбіваць будуць толькі ў апошні момант, калі самалёт стоадсоткава накіраваны на нейкія аб’екты, і пагібель тых, хто на борце, усё роўна непазьбежная... Але гэтыя тлумачэньні – пакуль што – не супакоілі грамадзства. Наагул, людзі проста баяцца лётаць. Аб’ём пасажырскіх перавозак скараціўся за тры тыдні на 60 адсоткаў – дарэчы, і самалёт, на якім я ляцеў, таксама быў напаўпусты. Адпаведна, сотні турыстычных агенцтваў у адным толькі Нью-Ёрку – на мяжы банкруцтва, адбываюцца масавыя звальненьні ў гатэльным бізнэсе, у сфэры сэрвісу. Хаця што да эканомікі, дык у гэтыя дні ўжо адзначаюцца і пэўныя станоўчыя тэндэнцыі”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG