Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“НАВІНКІ” АБ’ЯВІЛІСЯ Ў ФІНЛЯНДЫІ


Юрась Барысевіч, Менск

У Фінляндыі, у гельсынскім клюбе "Gloria" прайшоў міжнародны фэстываль пэрформансаў "Amorph’01", у якім узялі ўдзел і беларускія аўтары — Дзяніс Раманоўскі і Віктар Пятроў, кіраўнікі традыцыйнага менскага фэстывалю "Навінкі". Дзяніс Раманоўскі паказаў у Гельсынках мастацкую дзею пад назовам "Суд" — пародыю на судовыя працэсы над актывістамі беларускай дэмакратычнай апазыцыі. Дзяніса натхніў абсурдны выпадак зь ягоным бацькам Уладзімерам Раманоўскім, актывістам Аб’яднанай Грамадзянскай партыі, які нядаўна быў пакараны праз суд за ўдзел у недазволенай маніфэстацыі, да якой ён нават ня меў ніякага дачыненьня.

У галерэі менскага Інстытуту Гётэ адчынілася выстава твораў фотамастака Міхала Баразны. Тэма сэрыі твораў пад агульным назовам "Прагляд" — дэкаратыўныя вазы, што аздабляюць праспэкт імя Францішка Скарыны. Некаторым з гэтых гіранічных здымкаў ужо амаль 20 гадоў, некаторыя — дзе вазы зьнятыя з пастамэнтаў — аўтар зрабіў толькі што. У творах Баразны ніколі не фігуруюць жывыя людзі, але ў гэтай сэрыі ёсьць выключэньне — кадар антылукашэнкаўскай дэманстрацыі на фоне тых самых вазаў.

Нацыянальны дызайн-цэнтар пачаў выдаваць уласны інфармацыйны бюлетэнь пад назовам "Дызайн. BY". Першы нумар бюлетэня прысьвечаны гісторыі ўсясьветнага й беларускага дызайну, ўзаемнаму адлюстраваньню грамадзтва й рэчавага асяродзьдзя ў часе рэформаў. Выданьне выглядае густоўна, але сьціпла: на каляровы друк і вялікі фармат у Нацыянальнага дызайн-цэнтру сродкаў няма.

30 верасьня ў Менску пачнецца міжнародны фэстываль праваслаўных песьнясьпеваў. Да ўдзелу запрошаныя амаль 30 цывільных і царкоўных хораў, у тым ліку з Украіны, Эстоніі, Францыі, Польшчы, Расеі, Румыніі. Журы фэстывалю ўзначальвае беларускі кампазытар і сьвятар Андрэй Бандарэнка. Завершыцца фэстываль 7 кастрычніка канцэртам царкоўных званоў на плошчы імя Якуба Коласа.

Рэжысэр Міхаіл Пташук завершыў здымкі мастацкага фільму "Песьня Розы". Стужка распавядае пра прыгоды амэрыканскай турысткі ў Беларусі часоў Другое ўсясьветнае вайны. Рэальны гістарычны прататып гераіні трапіў у Асьвеньцім, але ў фільме Пташука гэтай дзяўчыне пашчасьціла ўцячы ад нацыстаў у Маскву. Стужка здымалася на амэрыканскія грошы, і таму ў беларускі кінапракат можа ня трапіць.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG