Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЖАНЧЫНЫ Ў БАРУЙСКУ, ШТО Ў РОСПАЧЫ ГАЛАДАЛІ Ў ЖНІЎНІ, ДАСТАЛІ СУДОВАЕ ПАПЯРЭДЖАНЬНЕ


Аляксандар Сердзюкоў, Магілёўская вобласьць

Суд ішоў усяго некалькі гадзінаў, без удзелу сьведкаў і праваабаронцаў. Судзьдзя Натальля Гладкова не пусьціла на працэс старшыню бабруйскага аддзяленьня Беларускага Гельсынскага камітэту Яўгена Чыпурышкіна. А яго запатрабавалі натарыяльную даверанасьць на права быць прадстаўніком адказчыкаў.

Без праваабаронцаў суд прайшоў за лічаныя гадзіны. Паводле міліцэйскага пратаколу, выхад на галадоўку і выстаўленьне транспарантаў — парушэньне грамадзкага парадку. Жанчыны не пагадзіліся з такім абвінавачаньнем і яшчэ раз нагадалі суду пра прычыны галадоўкі, празь якую хацелі рэалізаваць свае правы. Як яны заявілі, роспач і адчай вывелі іх на Цэнтральную плошчу Бабруйску.

Рабочая акцыянэрнага таварыства "Фандок", маці пяцёх дзяцей Галіна Гусева патрабавала ад адміністрацыі кватэры, у чарзе на якую ейны муж прастаяў больш за 15 гадоў.

Патрабаваньні трох іншых жанчынаў былі зьвернутыя да кіраўніцтва бабруйскага філіялу Менскага трактарнага заводу. Ягоная рабочая Яніна Аўсянік стаяла на плошчы разам са сваім сынам-інвалідам, бо чакала жыльля столькі ж, як і Галіна Гусева.

Былы камэндант заводзкога інтэрнату Ева Ўсьцімчук патрабавала ад прадпрыемства ня толькі кватэры, але і аднаўленьня на працы.

Такую ж мэту ставіла перад сабой і былая старшая бугальтарка філіялу Любоў Санковіч. Нагадаю, што яе звольнілі адразу пасьля таго, як яна абвінаваціла адміністрацыю ў крадзяжы прадукцыі і накіравала скаргу ў кантрольныя органы. Адметна, што днямі бабруйская пракуратура ў лісьце да спадарыні Санковіч пацьвердзіла факты крадзяжу прадукцыі на гэтым прадпрыемстве.

На 11-ы дзень галадоўкі, 23 жніўня, у жанчын пагоршыўся стан здароўя, і хоць яны зьлеглі ў шпіталь, але пасьля выхаду зь яго не спынілі барацьбу за свае правы.

Жанчыны зьвярнуліся за абласнога кіраўніцтва, наведалі Менск і спрабавалі патрапіць на прыём да Аляксандра Лукашэнкі. Галадоўшчыцы лічаць, што менавіта такая актыўнасьць каштавала ім суда.

Судзьдзя ўважліва выслухала адказчыц, але ж больш пераканаўчымі прызнала аргумэнты мясцовых міліцыянтаў.

Аднак бабруйскія жанчыны не зьбіраюцца прызнаваць такое рашэньне і спасылаюцца на Адміністрацыйны кодэкс, паводле якога галадоўка не зьяўляецца правапарушэньнем. Жанчыны маюць намер выставіць пікет каля адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі ў тым выпадку, калі яны ня змогуць патрапіць да яго на прыём.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG