Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СУД ЧЫГІРОЎ СУПРАЦЬ ТЭЛЕВІЗІІ РАПТАМ СПЫНІЛІ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Учора судзьдзя Першамайскага суду Анатоль Аніскевіч казаў, што мусіць паставіць кропку ў працэсе "Сям'я Чыгіроў супраць Беларускага тэлебачаньня", аднак атрымалася інакш. Судзьдзя задаволіў хадайніцтва адказчыкаў адкласьці справу да того часу, калі скончыцца суд над Аляксандрам Чыгіром. Але, як вядома, суд гэты яшчэ й не пачынаўся.

Цікава, што тры дні таму судзьдзя Аніскевіч ўжо адхіліў падобнае хадайніцтва прадстаўніка Белтэлерадыёкампаніі. Што прымусіла яго зьмяніць сваю пазыцыю, судзьдзя патлумачыць адмовіўся.

(Аніскевіч: ) "Ніякіх тлумачэньняў, ніякіх абгрунтаваньняў я даваць ня буду. Усё, да пабачэньня", — гэтак адрэагаваў судзьдзя на маю просьбу патлумачыць, чаму ён задаволіў хадайніцтва, якое ўжо раней адхіляў.

Міхаіл Чыгір быў рашэньнем судзьдзі відавочна расчараваны. Ён сказаў, што апошнія падзеі на працэсе давалі яму спадзяваньне на перамогу ў спрэчцы зь Белтэлерадыёкампаніяй. Журналісты БТ так і ня здолелі падаць пэўных доказаў, якія б пацьвердзілі зьвесткі, што кампрамэтуюць Чыгіроў.

Аднак зараз на спадзяваньнях сям'і экс-прэм'ера паставілі крыж. Сёньняшняе рашэньне судзьдзі яшчэ раз пераконвае Чыгіра ў тым, што ў Беларусі няма незалежнай судовай улады.

(Міхаіл Чыгір: ) "Рашэньне судзьдзі супярэчыць заканадаўству. Ён відавочна выконвае загад зьверху, трымаецца сваёй пасады. Ён разумее, што калі прыме рашэньне ў адпаведнасьці з законам, то ня будзе працаваць судзьдзём. Гэта тэхнічная адтэрміноўка, каб потым спасылацца на рашэньне суду.

Вы бачыце, што адбываецца ў судовай залі, — і там распаўсюджваецца ілжывая інфармацыя. Сёньня прадстаўнік Белтэлерадыёкампаніі заявіў, што справу майго сына перадалі ў суд. Гэта няпраўда. Справу майго сына Аляксандра ў суд яшчэ не перадалі, ён яшчэ зь ёй нават не знаёміўся".

Пакуль ніхто ня можа адказаць на пытаньне, калі адновіцца працэс на пазоў Чыгіроў да БТ. Міхыіл Чыгір не выключае, што ўсё зацягнецца на доўгія месяцы, але падкрэсьлівае, што саступаць не зьбіраецца. Па часе ён будзе аспрэчваць сёньняшняе рашэньне судзьдзі Аніскевіча.

Прадстаўнікі БТ Іваноў, Мартынаў, Косьцін і Пракопаў, якія ўчора выглядалі даволі засмучанымі, сёньня пакідалі судовую залю ў гуморы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG