Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАДЧАС ВІЗЫТУ ПУЦІНА Ў НЯМЕЧЧЫНУ ЎЗДЫМАЛАСЯ ТЭМА БЕЛАРУСІ


Алена Панкратава, Менск

Паводле дырэктара Фэдэральнага інстытуту ўсходніх дасьледаваньняў Гайнца Тымэрмана, усе афіцыйныя сустрэчы і перамовы на шляху гэтак званага "афіцыйнага картэджу" — у Бэрліне, Эсэне, Дрэздэне —суправаджаліся паўафіцыйнымі імпрэзамі і дыскусіямі, у якіх бралі ўдзел прадстаўнікі камандаў абодвух лідэраў, а таксама вядучыя палітычныя экспэрты Нямеччыны, Расеі, краінаў Эўропы.

Лічаць, што на падобных паўафіцыйных мерапрыемствах галоўная ўвага аналітыкаў зьвяртаецца на гэтак званы "ценявы" фон размоваў і дыскусіяў. І ў гэтым сэнсе тэма Беларусі прыцягвала да сябе ўвагу, — гаворыць Гайнц Тымэрман.

(Тымерман: ) "Вядома, барацьба з тэрарызмам — галоўная тэма дыскусіяў, але яшчэ да падобных мерапрыемстваў я прапанаваў, каб Беларусь уключылі ў абмеркаваньне. Бо Беларусь — адзіная з эўрапейскіх краінаў, якая дагэтуль застаецца антызаходняй, аўтарытарнай, і яе разьвіцьцё ў дэмакратычным кірунку павінна стаць умовай для руху Расеі ў Эўропу і наадварот".

Як лічаць нямецкія экспэрты, Расея вельмі сур'ёзна ставіцца да інтэграцыйнага працэсу з Заходняй Эўропай. У гэтым зьвязку многія зьвярнулі ўвагу на ўчорашнюю заяву расейскага лідэра ў Эсэне ў часе сустрэчы зь вядучымі прадстаўнікамі фінансавай эліты Нямеччыны.

Пуцін сказаў, што ў цяперашняй сытуацыі Масква гатовая павялічыць пастаўкі энэрганосьбітаў на эўрапейскія рынкі. Беларусь — асноўны шлях, якім праходзяць падобныя пастаўкі, і яна, паводле палітолягаў, павінна мець пэўную палітычную празрыстасьць.

(Тымэрман: ) "У Эсэне, дзе я выступаў з прамовай, і дзе сабралася вельмі прадстаўнічая публіка, мы гаварылі пра тое, што зараз на афіцыйным узроўні зь Беларусьсю нельга наладзіць прамога палітычнага супрацоўніцтва. Яго трэба праводзіць апасродкавана ў кантакце зь іншымі грамадзкімі сіламі — няўрадавымі арганізацыямі, прадпрымальнікамі, крытычнай часткай намэнклятуры і дэпутацкага корпусу, апазыйцыйнымі палітыкамі.

Я маю такі намер: далей працаваць у гэтым напрамку. Мы павінны рабіць гэта так доўга, пакуль абацаньні Лукашэнкі наконт будаўніцтва грамадзянскай супольнасьці ды іншыя ня будуць рэалізаваныя. Па меры таго, як гэта будзе ажыцьцяўляцца, Захад будзе адчыняцца Беларусі".


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG