На сёньняшнім брыфінгу ў беларускім Міністэрстве замежных справаў я задаў прэсаваму сакратару МЗС Паўлу Латушку пытаньне: ці зьвярталіся Злучаныя Штаты з просьбай прадаставіць паветраную прастору Беларусі для амэрыканскіх самалётаў, якія будуць удзельнічаць у контартэрарыстычнай апэрацыі ў Азіі.
(Латушка: ) "Такой просьбы не было. Па ўсіх пытаньнях, датычнай гэтай тэмы — барацьбы з тэрарызмам у шырокім і вузкім кантэксьце, урад Беларусі будзе дзейнічаць адкрыта, у духу канструктыўнага падыходу, накіраванага на поўнае супрацоўніцтва, у тым ліку й па пытаньні пралёту самалётаў праз тэрыторыю Беларусі".
Павал Латушка сёньня заявіў таксама, што беларускае МЗС разглядае "практычна рэгулярнае запрашэньне" дэлегацыі гэтак званага Нацыянальнага сходу на сэсіі Парлямэнцкае асамблеі Рады Эўропы ў Страсбург як праяву канструктыўнага падыходу з боку ПАРЭ да пытаньня аднаўленьня статусу спэцыяльна запрошанага для парлямэнту Беларусі.
(Латушка: ) "Спадзяемся на тое, што ў найбліжэйшы час афіцыйная заява Беларусі на аднаўленьне статусу для Нацыянальнага сходу краіны ў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы будзе станоўча вывучаная Бюро Асамблеі, і аднаўленьне будзе аформленае юрыдычна".
Варта зазначыць, што Нацыянальны сход ніколі й ня быў спэцыяльна запрошаным у Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы. Толькі Вярхоўны Савет Беларусі меў гэты статус, які быў прыпынены пасьля рэфэрэндуму 1996 году. І прадстаўнікі Вярхоўнага Савету таксама рэгулярна наведваюць сэсіі ПАРЭ ў Страсбургу.
Я папрасіў пракамэнтаваць спадара Латушку й гэты факт, а таксама апошнюю заяву Камітэту міністраў Рады Эўропы, які заклікае беларускія ўлады спыніць палітычныя рэпрэсіі ды скасаваць сьмяротнае пакараньне.
(Латушка: ) "Нам невядома аб тым, што дэпутатаў ці прадстаўнікоў Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня запрашаюць для ўдзелу ў сэсіях Парлямэнцкае асамблеі Рады Эўропы. Што тычыцца тых умоваў, якія выставіў Камітэт міністраў, дык я хацеў бы сказаць, што гэта таксама зьяўляецца крокам да дыялёгу. Мы абмяркоўваем магчымасьць аднаўленьня нашай дэлегацыі ў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы", — заявіў Павал Латушка, кіраўнік управы інфармацыі беларускага МЗС.
Карэспандэнт Польскага радыё ў Менску пацікавіўся, ці мажлівы візыт у Беларусь Папы Яна Паўла ІІ, які знаходзіцца ў Арменіі, а да таго наведаў Казахстан.
(Латушка: ) "Мы зыходзім з таго, што дзяржава Ватыкан выконвае дзьве функцыі — уласна як дзяржава, гэта першае, і другое — рэлігійныя функцыі. Беларусь будуе свае адносіны з Ватыканам у духу адкрытасьці, зыходзячы з таго, што ў нас вялікая частка несельніцтва па веравызнаньні зьяўляецца католікамі. Зараз — што тычыцца пытаньня візыту Папы Рымскага Яна Паўла ІІ на Беларусь — зараз гэтае пытаньне не разглядаецца".
Але ж, паводле спадара Латушкі, зараз разглядаецца мажлівасьць іншага візыту — сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з расейскім прэзыдэнтам Уладзімерам Пуціным, якая плянуецца на кастрычнік.
Менавіта тады спадар Пуцін і абмяркуе са сваім хаўрусьнікам праблему барацьбы зь міжнародным тэрарызмам. Пакуль жа, як вынікала з адказу Паўла Латушкі, прэзыдэнту Расеі не да спадара Лукашэнкі — ён вядзе перамовы з Джорджам Бушам, Герхардам Шродэрам ды іншымі лідэрамі.