Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ФІНАНСАВАЯ БЛЯКАДА БЕЛАРУСКІХ ПРАФСАЮЗАЎ


Міхал Стэльмак, Менск

Прафсаюзны пратэст быў выкліканы тым, што спынілі фінансаваньне кіроўных органаў Фэдэрацыі. Некалькі месяцаў таму Нацбанк і ўрад краіны ўвялі новы парадак пералічэньня прафсаюзных складак. Прафсаюзныя платы скасавалі як першачарговыя і, паводле гэтага парадку, адсунулі іх у чацьвертую групу фінансавых дакумэнтаў. У выніку адбылося парушэньне фінансавай дзейнасьці Фэдэрацыі і ейных структураў. Запазычанасьць прафсаюзам склала мільярды рублёў.

Гэткім чынам улады, як лічаць назіральнікі, спрабавалі перашкодзіць фінансаваньню выбарчай кампаніі Ўладзімера Ганчарыка. Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў Фэдэрацыя накіравала чарговы зварот з просьбай спыніць блякаду. Сёньня на гэты зварот адрэагаваў Нацыянальны банк.

Вось што паведаміў нашаму радыё кіраўнік фінансавай службы Фэдэрацыі Аляксей Скарына:

(Скарына: ) "Нацыянальны банк уносіць дапаўненьне ў ранейшы ліст аб пералічэньні прафсаюзных складак. У прыватнасьці, калі заробак выплачваецца ў першачарговым парадку, то і прафсаюзныя складкі мусяць выплачвацца ў першачарговым парадку, калі на гэта будзе дадатковая заява сяброў прафсаюзу".

Прафсаюзы адрэагавалі на гэты дакумэнт досыць скептычна. У прыватнасьці, сёньня тэму фінансавай блякады абмяркоўваў галіновы прафсаюз аўтасельгасмашу. Гаворыць лідэр гэтага прафсаюзу Аляксандар Бухвостаў:

(Бухвостаў: ) "Запазычанасьць вялікая — больш як 400 мільёнаў перад прафсаюзам. Мы разаслалі лісты, напісаныя сумесна зь Міністэрствам прамысловасьці, каб дырэктары вярталі прафсаюзныя складкі. Многія зь іх не разумеюць, што гэтыя складкі ня ёсьць уласнасьцю прадпрыемстваў. Але рэакцыя вялая. Тут маюць месца парушэньні, што трапляюць пад Крымінальны кодэкс. Пакуль ня скажа свайго слова пракуратура, датуль будзе вакханалія з прафсаюзнымі складкамі. Але пракуратура ня хоча гэтым займацца".

Фінансавая блякада паралізоўвае і дзейнасьць заводзкіх прафкамаў. Вось што паведаміла на гэты конт старшыня прафкаму менскага вытворчага аб'яднаньня БелВАР Надзея Маслоўская:

(Маслоўская: ) "Нам завінаваціўся завод за тры месяцы. І мы адпаведна завінаваціліся за тры месяцы рэспубліканскаму камітэту. Сума доўгу — 2 мільёны 158 тысяч рублёў. Але ж у нас людзі заробкі яшчэ не атрымалі за жнівень. Нашаму заводу трэба 200 мільёнаў на заробкі. Дык вось, кіраўнікі прадпрыемства на заробкі ўзялі крэдыт, але ж на складкі крэдыту ня возьмуць".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG