Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЗЯРЖАЎНЫЯ КАМІТЭТЫ ЗАХАВАЛІСЯ, КГБ ТАКСАМА


Юры Сьвірко, Менск

Заяву Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што з рэфармаваньнем ураду зусім ліквідуюцца ўсе дзяржаўныя камітэты, няправільна зразумелі. Афіцыйнае агенцтва БелТА толькі пасьля 18-й гадзіны ўчора дало ўдакладненьне, што мова йдзе не пра дзяржаўныя камітэты, а пра камітэты пры міністэрствах.

Сапраўды, захаваліся Дзяржаўны мытны камітэт, які ўзначаліў дэпутат гэтак званае “палаты прадстаўнікоў” і Лукашэнкаў куратар Менску Аляксандар Шпілеўскі, і Дзяржаўны камітэт авіяцыі, якім па-ранейшаму будзе кіраваць Фёдар Іваноў. Пакуль што ліквідаваны толькі Дзяржаўны падаткавы камітэт, старшыня якога Канстантын Сумар цяпер ачольвае новае Міністэрства падаткаў і збораў.

Застаўся й Дзяржаўны камітэт памежных войскаў на чале з ранейшым кіраўніком Аляксандрам Паўлоўскім. Цікава, што свае пасады зьбераглі ўсе сілавыя міністры – абароны, унутраных справаў, надзвычайных сытуацыяў. Толькі сёньня зьявіўся ўказ наконт старшыні Камітэту дзяржаўнае бясьпекі Леаніда Ерына. Але нават пасьля абеду
начальнік цэнтру інфармацыі й грамадзкіх сувязяў КГБ Фёдар Котаў адмаўляўся адказваць на пытаньні пра лёс спадара Ерына ды ўсяго Камітэту дзяржбясьпекі:

(Котаў: ) "Ня ў час і ня вашаму Радыё. Да пабачэньня," – сказаў спадар Котаў і кінуў тэлефонную слухаўку. Відаць, ня толькі журналістаў Радыё Свабода хваляваў сёньня лёс КГБ.

Усіх журналістаў цікавіць і новае Міністэрства інфармацыі, кіраўніком якога стаў Міхаіл Падгайны, былы старшыня Дзяржаўнага камітэту друку.
Ці значыць рэарганізацыя Дзяржкамдруку, што ўсім пэрыядычным выданьням прыйдзецца праходзіць перарэгсітрацыю? Вось як адказаў на гэтае пытаньне начальнік аддзелу рэгістрацыі сродкаў масавае інфармацыі былога Дзяржкамдруку Віктар Гурэцкі:

(Гурэцкі: ) "А бог ведае! А хто ведае? Аб гэтым ніхто ня ведае, ніхто ня скажа вам пра гэта. Было раней, калі помніце, Міністэрства інфармацыі, а потым стала Міністэрства культуры, – ніякіх перарэгістрацыяў не адбывалася. Толькі адна перарэгістрацыя была ў нас, калі быў выбраны прэзыдэнт і быў створаны Дзяржкамдрук. Толькі адна перарэгістрацыя на маім вяку, а ўжо працую тут з 1991 году”.

(Карэспандэнт: ) "Ну а цяпер, як Вы думаеце? Будзе ці не?"

(Гурэцкі: ) "Я думаю, што на 80% – што не. Сэнсу ніякага няма. Блянкі мы новыя будзем выдаваць і ўсё. А які сэнс, навошта перарэгісрацыю рабіць?" – мяркуе спадар Гурэцкі, які ў Дзяржкамдруку адказваў за рэгістрацыю сродкаў масавае інфармацыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG