Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У КУРАПАТАХ СЁНЬНЯ ПРЫПЫНІЛІ БУДАЎНІЧЫЯ РАБОТЫ


Ганна Соусь, Менск

Калі я сёньня а дзевятай раніцы прыехала ў Курапаты, там было ўжо некалькі дзясяткаў чалавек. Гарэла вогнішча. Паболела драўляных крыжоў, якімі перакрываюць дарогу будаўнікам. Наладжаны намёт, у якім правялі гэтую ноч сябры Маладога фронту.

Гаворыць лідэр гэтай арганізацыі Павал Севярынец.

(Cевярынец: ) "Ноччу тут было ўсё спакойна. Недзе а восьмай гадзіне пад'ехаў трактар, падыйшлі некалькі рабочых, якія дастаткова нясьмела папрасілі дазволу прыбраць сьмецьце, якое ўчора наварочалі. Але мы сказалі, што ніякіх работаў мы тут не дапусьцім. Яны адказалі, што раз так, то мы ня будзем нічога чапаць й сышлі".

Паводле Паўла Севярынца, сябры Маладога фронту цяпер будуць трымаць варту ў Курапатах й дамагацца таго, каб трасу вялі па іншым баку дарогі альбо ўвогуле празь іншае месца. Сябры Маладога фронту таксама будуць увесь час майстраваць і ўсталёўваць крыжы вакол ляснога масіву.

Сёньня зранку ў Курапаты прыйшоў і старшыня БНФ"Адраджэньне" Вінцук Вячорка.

(Вячорка: ) "Па-першае, мы павінны высьвятліць, паводле якога праекту выконваюцца працы. Па-другое, калі ў гэтым праекце ўлічаны мэмарыяльны статус гэтай мясьціны, а так павінна быць, значыцца праект мусіць датрымвацца жорстка. Ня можа й не павінна быць тут усялякіх савецкіх завядзёнак, накшталт разваротных месцаў бульдозераў і гэтак далей. Праз гэтую мясьціну цягаюць зрэзаныя камлі дрэваў, у чым няма абсалютна ніякай патрэбы. Улады павінны зразумець, што без публічнасьці ім ня ўдасцца выканаць лукашэнкавы загад пра чарговую "ударную стройку".

Вінцук Вячорка паведаміў таксама Радыё Свабода, што сябры БНФ і актывісты некаторых грамадзскіх арганізацый вырашылі заўтра запрасіць на сустрэчу прадстаўнікоў усіх апазыцыйных палітычных партый, грамадзкіх арганізацый, прафсаюзаў, каб стварыць Нацыянальны Курапацкі камітэт, які б выступіў кааліцыйным калектыўным арганізатарам абароны гэтай мясьціны.

Наступная мая суразмоўца – кіраўнічка "Мартыралёгу Беларусі" Майя Кляшторная. Учора яна вывучала праект рэканструкцыі дарогі. Паводле яго, пашырэньне ў бок Курапатаў павінна быць 2-2,5 мэтры.

(Кляшторная: ) "А што тычыцца пахаваньняў, то няма гарантыяў, што й на гэты, й на другі бок не наткнуцца на тое, што было калісьці пры будоўлі гэтай дарогі. Да нас цяпер падыйшоў майстра. У мяне вось ёсьць плян, і я пытаюся ў яго: "Паводле якога пляну вы працуеце?" "А які плян? Няма ніякага пляну," – гаворыць ён. Такога ж ня можа быць. Цяпер ідзе пачатковая стадыя – падрыхтоўка тэрыторыі. Гэта павінна весьціся паводле праекту, кожнае дрэва мусіць быць пазначанае, якое зносіцца. А гэтага няма".

Гэта была Майя Кляшторная.

Лідзія Курывіцкая цяпер жыве ў мікрараёне "Зялёны Луг", нарадзілася яна тут, ейныя бацькі працавалі ў калгасе "Зялёны Луг". Спадарыня Лідзія памятае, як калісьці будавалася кальцавая дарога.

(Крывіцкая: ) "Калі пракладвалася, я бачыла, як стаяў самасвал, у ім нейкія рэбры, косткі, рассыпаныя чарапы... І другі самасвал стаў, у яго таксама засыпалі. А куды адвозілі, ня ведаю…"

Узгадвае Лідзія Крывіцкая.

Сёньня будаўнічыя брыгады працавалі недзе ў кілямэтры ад Курапатаў. Я падыйшла да рабочых ды пацікавілася іхным стаўленьнем да Курапатаў, да рэканструкцыі кальцавой дарогі, да цяперашней сытуацыі. Гаворыць будаўнік спадар Міхал з Магілеву.

(Міхал: ) "Многа могілак зачыняюць. Я ведаю, 25 гадоў ды ўсё... Звычайнае пахаваньне, такіх у Беларусі багата. Можна зайсьці ў любы лес, дзе ішлі баі, там шмат франтавікоў ляжыць. Яны ўвогуле Радзіму баранілі... Я не лічу гэта нейкім сьвятым месцам".

А начальнік спадара Міхала, які, дарэчы, з усьмешкай прадставіўся для Радыё Свабода як Сьцяпан Бандэра, на маё пытаньне, ці будуць адноўленыя ў Курапатах будаўнічыя работы й калі, адказаў наступным чынам.

(Начальнік: ) "Вось як Вы сыйдзеце, дык пачнем".


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG