Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЛЯ ПАЎНАВАРТАСНАГА РАЗЬВІЦЬЦЯ ТУРЫСТЫЧНАГА БІЗНЭСУ Ў БЕЛАРУСІ ПАВІННА БЫЦЬ ІНШАЯ ПАЛІТЫЧНАЯ СЫТУАЦЫЯ


Ігар Карней, Менск

Прэсавая канфэрэнцыя з нагоды міжнароднага Дня турызму прайшла без удзелу міністра спорту й турызму Яўгена Ворсіна. Нягледзячы на тое, што ўчора ягоная кандыдатура была зацьверджаная Лукашэнкам на наступны тэрмін, так бы мовіць, "аддзімацца" перад журналістамі ён накіраваў свайго намесьніка. Пэўна, таму настрой у Чэслава Шульгі быў далёкі ад сьвяточнага: пакуль ніводзін з паказчыкаў упарта не дае падставаў для аптымізму.

Найперш, толькі адзін гатэль у Беларусі сэртыфікаваны паводле міжнародных стандартаў на права валоданьня трыма зоркамі – гэта “Нафтан” у Наваполацку. Чаканьне, што праз колькі гадоў чатыры зоркі атрымае гасьцінічны комплекс “Мінск”, што пачалі рэканструяваць турэцкія будаўнікі, патрабуе праверкі часам. Большасьць турыстычных базаў Беларусі не аднаўляліся з пачатку 70-х. Кіраўніцтва міністэрства гэта тлумачаць проста: пакуль існуе попыт (дагэтуль запоўненасьць складала 60%), з рэканструкцыяй можна пачакаць.

Зусім незайздросная сытуацыя ў справе прыцягненьня іншаземных турыстаў. Пра скарачэньне колькасьці замежных гасьцей сьведчыць ужо тое, што раней пад дахам аб’яднаньня “Белінтурыст” працавала 40 перакладчыкаў. Зараз на сталай аснове не працуе ніводзін! Вось што з гэтай нагоды мяркуе галоўны кансультант управы турызму ў Міністэртве Мікалай Чырскі.

(Чырскі: ) "Іншаземных турыстаў, паводле Міністэрства статыстыкі, у 99-м годзе было 70 тысячаў, летась — 60 тысячаў, зараз наўрад ці лічба наблізіцца да 50 тысячаў. Затое дынаміка выезду зусім іншая. У мінулым годзе адпачывала за межамі краіны прыкладна мільён грамадзянаў Беларусі. Зараз сэзон яшчэ ня скончыўся, але можна прагназаваць, што будзе ўзяты чарговы рэкорд. Такім чынам, мы самі ёсьць спонсарамі замежных краінаў, у прыватнасьці, іхнай інфраструктуры турызму. Затое нічога ня робім на Радзіме. У ранг дзяржаўнай палітыкі ўведзена тры кошты турыстычных і музэйных паслугаў: для замежнікаў, для грамадзянаў Беларусі й грамадзянаў краінаў СНД. Я трыццаць год адпрацаваў у гэтай сыстэме, але мне вельмі цяжка растлумачыць сутнасьць гэтага рэкету".

Паводле спадара Чырскага, Міністэрства спорту й турызму шматразова хадайнічала перад урадам, каб кошты для замежных грамадзянаў і мясцовых жыхароў выраўнаць, як гэта ёсьць ва ўсім сьвеце. Але пад прыкрыцьцём сацыяльнай абароненасьці беларусаў урад на такі крок не пагаджаецца.

Адсутнасьць цікавасьці да Беларусі абумоўлена ня толькі палітычным курсам беларускага кіраўніцтва. Патэнцыйных падарожнікаў палохае найперш цяганіна з атрыманьнем беларускіх візаў. Да таго ж, яны каштуюць непараўнальна дорага ў параўнаньні са сьціплым пералікам прапановаў ненавязьлівага сэрвісу ды мейсцаў наведваньняў. Маюць патрэбу ва ўдакладненьні і ўласна лічбы статыстыкі. Вось што кажа спадар Чырскі.

(Чырскі: ) "Грамадзяне Заходняй Эўропы, якія падарожнічаюць да расейскіх гістарычных адметнасьцяў (у прыватнасьці, у Маскву й Санкт-Пецярбург) фізычна ня могуць абмінуць нашу краіну, бо мы знаходзімся ў геаграфічна выгадным становішчы."

Такім чынам, досыць значную частку быццам бы замежных турыстаў складаюць транзытныя падарожнікі ў Расею, якія на дзень-два спыняюцца, каб не начаваць у палявых умовах.

Большасьць кіраўнікоў беларускіх турыстычных фірмаў у кулюарах салідарныя, што вялізная дыспрапорцыя паміж беларусамі, якія выяжджаюць за мяжу, і замежнікамі, што імкнуцца ў Беларусь, захаваецца да таго часу, пакуль будзе існаваць цяперашні палітычны рэжым.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG