Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АЛЯКСЕЙ МАРАЧКІН: ЛУКАШЭНКА – ГЭТА САМАДЗЕЙНЫ АРТЫСТ-САМАВУК СА ШКЛОЎСКАГА МЕСТАЧКОВАГА КЛЮБУ


Міхась Скобла, Менск

Аляксей Марачкін: "Лукашэнка — гэта самадзейны артыст-самавук са шклоўскага местачковага клюбу"

(23 верасьня)

За два апошнія гады Аляксею Марачкіну не аднойчы даводзілася сузіраць зямлю з завоблачных вышыняў. Лётаў у амэрыканскі Кліўленд дзеля росьпісу царквы для суродзічаў. Але верасень сустрэў у Беларусі, дзе галасаваў і рыхтаваўся да пэрсанальнай выставы, што мае адбыцца ў кастрычніку ў сталічным Палацы мастацтва. Наша гутарка пачалася з надзённага.

(Міхась Скобла: ) "Спадар Аляксей, пазаўчора ў Палацы Рэспублікі й на прылеглай да яго Кастрычніцкай плошчы адбылося адно з самых пампэзных мерапрыемстваў апошняга часу — інаўгурацыя прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. Якое ваша стаўленьне да гэтай падзеі?"

(Аляксей Марачкін: ) "Здарылася так, што я зь сябрам, мастаком Алесем Шатэрнікам акурат праходзілі міма й вырашылі пацікавіцца — што ж там робіцца на той плошчы. Натуральна, нас не пусьцілі — у дварох было столькі міліцыі, столькі вайскоўцаў! Як быццам тут нейкая асаблівая сытуацыя ці вайсковае становішча!

А калі я прыйшоў у майстэрню (яна месьціцца непадалёк, на Старажоўцы), то пачуў такія выбухі! Відаць — у гонар А.Г.Лукашэнкі. Усе аўтамабілі паблізу дому, якія былі пастаўленыя на сыгналізацыю, завылі! Такую сымфонію страшэнную выдалі, што дрыжалі вокны!

І гэта выглядае сымбалічна. Бо тая інаўгурацыя — гэта самадзейна-саманадзейны спэктакль. Ніхто ж з палітыкаў сур'ёзных не прыехаў — ні Пуцін, ні Кучма, нейкія арабы толькі на ганку стаялі. Гэта таксама пра шмат што гаворыць. Калі б чалавек сумленна выйграў выбары, я падкрэсьліваю — сумленна, то ён бы не акружаў плошчу такой колькасьцю міліцыі ды вайскоўцаў.

Сем гадоў таму, акурат перад выбарамі, я надрукаваў артыкул у тыднёвіку "Літаратура й мастацтва" пад назвай "Я выбіраю прэзыдэнта". І там я так ахарактарызаваў Лукашэнку — гэта самадзейны артыст-самавук са шклоўскага местачковага клюбу. Народ у нас любіць самадзейнае мастацтва, самадзейных артыстаў, таму што яны для шырокай публікі. Нехта з паэтаў сказаў: паэзія на роўні галавы й вышэй — гэта сапраўды паэзія, а ніжэй пятак — гэта ўжо не паэзія. Дык вось, і палітыка, і культура паводзінаў Лукашэнкі — ніжэй пятак".

(Скобла: ) "З 11 верасьня ўвесь сьвет пачаў жыць у новай сыстэме каардынатаў. Дзякуючы тэлебачаньню, нью-ёрскія хмарачосы з тысячамі людзей абрынуліся ў кожнай беларускай хаце. Ня будзе перабольшаньнем сказаць, што за прамінулыя два тыдні застрашаным стаўся цэлы сьвет, і тэрарыста Ўсаму бін Ладэна ведае цяпер кожны школьнік.

Як змагацца з тэрарызмам? Ну заляціць у пячору бін Ладэна звышдакладная ракета, як у свой час у намёт Джахара Дудаева. Вайна ж у Чачэніі не спынілася пасьля ягонай сьмерці..."

(Марачкін: ) "Прыроду тэрору трэба ведаць. Каін забіў Абэля — гэта таксама тэрарыстычны акт. Каін зайздросьціў Абэлю, бо ў таго ўсё атрымлівалася. Зайздрасьць, крыўда альбо маніякальная ідэя — тры фактары, якія могуць спарадзіць тэрор.

Я ведаю выпадак, калі працавітая сям'я беларуская выехала ў Расею — каб распачаць сваю справу, бізнэс фэрмэрскі. Яны пасяліліся ў вёсцы, пабудавалі хату. А ў вёсцы той людзі жылі — абы дзень да вечара, гарэлку пілі, не працавалі, зьбіраліся на "завалінке" й г.д. А ў беларусаў — усё атрымліваецца, гаспадарка завялася: каровы, сьвіньні, парасяты... І ім аднойчы падпалілі хату. Маўляў, трэба быць такімі, як усе.

Багаты чалавек ці багатая краіна павінны зьвяртаць увагу й на тых, хто іначай глядзіць на цябе. Трэба мець адмысловы падыход да гэтых людзей. У мяне малодшы брат — фэрмэрам на Магілёўшчыне, непадалёк ад чарнобыльскай зоны. У яго гадоў шэсьць таму няблага пайшла справа. І я яму казаў: "Мікола, калі ў цябе пойдзе справа, у цябе будзе безьліч зайздросьнікаў, а нават і ворагаў. Ты павінен будзеш зьмякчыць сытуацыю — дапамагай людзям: старым, нямоглым, хто папросіць. Перш — ім, а пасьля — сабе".

І ты ведаеш, усё абышлося добра. Ён бясплатна ўдовам, старым людзям араў поле, бульбу сеяў... І гэтую сытуацыю я пераношу на Амэрыку, ды й на другія краіны. Калі10-20 чалавек зрабілі гэты барбарскі налёт на хмарачосы, фактычна, на амэрыканскі народ, то трэба разабрацца. Народ Афганістану, ці Ірану, ці Іраку, ці Лібіі — увесь народ, ён не вінаваты. Навошта ж яго бамбаваць? Трэба шукаць іншыя шляхі змаганьня з тэрарызмам.

Я падчас побыту ў ЗША адчуў, што амэрыканцы — вельмі даверлівыя. Калі сядаеш у самалёт, вядома ж, правяраюць, але больш давяраюць. Давяраюць усім людзям, якія там жывуць, закон ахоўвае іх. І тэракты 11 верасьня — гэта таксама расплата за празьмерную даверлівасьць.

Але карані тэрарызму трэба шукаць ня толькі ў Афганістане. Хто быў першы тэрарыст? Хто абвесьціў на ўвесь сьвет, што пераможа сусьветная пралетарская рэвалюцыя і капіталізм загіне? "Пролетарии всех стран. соединяйтесь!" — пад гэтым лёзунгам мы жылі. "Соединяйтесь", каб "замачыць" увесь гэты капіталістычны рай, бо ж мірным шляхам не ўдавалася нічога зрабіць".

(Скобла: ) "Сёньня можна пачуць, што тэракт, падчас якога тэрарыст ахвяруе сваім жыцьцём, — гэта вынік уплыву на чалавека ўсходніх рэлігіяў. Як прыклад, найчасьцей згадваюцца японскія лётчыкі-камікадзэ.

Але ж у шэрагу вядомых тэрарыстаў ёсьць і беларусы — Ігнат Грынявіцкі, які забіў Аляксандра ІІ, ці Барыс Кавэрда, што застрэліў расейскага пасла Войкава. Як вы лічыце — ці сумяшчальны тэрарызм як зьява зь беларускім мэнталітэтам, зь беларускім сьветапоглядам?"

(Марачкін: ) "І Грынявіцкі ішоў на тэрор ня дзеля грошай, а дзеля ідэі. Як і тыя лётчыкі-налётчыкі, тэрарысты-самазабойцы — імі таксама кіравала ідэя. Магчыма, маніякальная ідэя, якая была і ў Гітлера. Гітлер — таксама тэрарыст сусьветнага маштабу. Ён быў перакананы, што нямецкая раса, нямецкая культура выратуюць увесь сьвет.

Любы народ, у тым ліку беларускі, можна давесьці да таго, што ён будзе займацца тэрорам. Барані божа, я не заклікаю да тэрору. Але калі сыстэматычна, штодня ў дзяржаўных СМІ вядзецца самая сапраўдная прапаганда супраць іншадумцаў, прытым паважаных, аўтарытэтных людзей, то што гэта, калі не інфармацыйны тэрор?!

Ледзь ня кожны дзень мы чуем, што апазыцыя вось-вось зрыхтуецца бамбаваць Менск. Сам Лукашэнка неаднойчы гаварыў, што тут тысячы баевікоў. Гэтыя выказваньні могуць справакаваць дзеяньні, таму што сказанае прэзыдэнтам павінна быць зрэалізаванае.

Беларусь ператвараецца ў пляцдарм для нейкіх дурацкіх ідэяў! Мне ў рукі выпадкова трапіла кніга Сяргея Касьцяна, дэпутата-палатніка, намесьніка старшыні так званага міжнароднага аргкамітэту славянскага парлямэнцкага саюзу. Паслухайце, што ён там піша, маючы на ўвазе падзеі ў Югаславіі: "Вовсе не обязательно вступать в войну. Мы уже находимся в состоянии этой войны".

Далей ён беспардонна навешвае ярлыкі: "Клинтон — фашист, Олбрайт — то же самое. А сегодня одной ракеткой (заўважце — не ракетай) ударить по Вашингтону — и Америка на коленях будет".

Як гэтыя словы можна расцэньваць? Гэта выказваньне тэрарыста, які блізкі да самога кіраўніка краіны!"

(Скобла: ) "Беларускае грамадзтва цягам апошніх гадоў, як мне падаецца, паступова звыкаецца з атмасфэрай страху, у якой даводзіцца жыць — страх за пасаду, за сказанае слова, за жыцьцё — бо ж "эскадроны сьмерці" працягваюць існаваць. Да чаго можа прывесьці сытуацыя "жыцьцё ў страху"?"

(Марачкін: ) "Грамадзтва ня мае пэрспэктывы, калі яно знаходзіцца пад прыгнётам страху. І тым больш ня мае пэрспэктывы чалавек, які кіруе гэтым грамадзтвам. Мы сёньня жывем у перавернутым сьвеце. Бо тое, што адбылося на прэзыдэнцкіх выбарах — гэта падман і хлусьня, якіх яшчэ Беларусь ня бачыла. Гэта вынік працы геніяльнага шулера, які ведаў, што карты мечаныя, і ён зробіць так, як хоча.

Страх прысутнічае й на вяршынях улады. Лідзія Ярмошына, старшыня Цэнтарвыбаркаму, неяк заявіла, што калі прайграе Лукашэнка, то гэта будзе ейная асабістая трагедыя. А яна ж сядзіць на месцы Віктара Ганчара, які бясьсьледна прапаў — гэта таксама на сумленьні сёньняшняй беларускай улады. Ярмошына гэтым сваім выказваньнем паказала, што яна ня толькі залежная ад улады, але й што яна баіцца гэтай улады.

Мы ў вельмі страшнай сытуацыі цяпер апынуліся. Дзе выйсьце шукаць? У сваіх галовах. Трэба найперш арыенціры выбраць для сябе, вызначыцца — з кім ты. Для мяне адзін з такіх арыенціраў — Васіль Быкаў, ягоная грамадзянская пазыцыя".

(Скобла: ) "Вы месяц таму вярнуліся са Злучаных Штатаў Амэрыкі, дзе расьпісваеце беларускую царкву. Неяк падчас гутаркі ў "Вольнай студыі" наш слынны перакладчык Васіль Сёмуха выказаў парадаксальную, на першы погляд, думку: чым больш ён, перакладаючы, учытваўся ў Біблію, тым больш аддаляўся ад царквы. А вы, уздымаючыся па рыштаваньнях пад царкоўны купал — вы набліжаліся да Бога?"

(Марачкін: ) "Бязь веры ў Бога я б не адважыўся на росьпіс храму. Бо вера й характар мастака праяўляюцца на палатне, на вобразах — гэтага немагчыма пазьбегнуць. Калі ў цябе чорная душа і ты пішаш сьвятыя вобразы, то яны ня будуць малітоўнымі. Чым больш духоўнай энэргіі ты ўкладзеш у сьвятыя лікі, тым больш яны ўплывацьмуць на чалавека. Гэта было маёй звышзадачай, зь якой я, вядома ж, да канца ня справіўся, паколькі я — сьвецкі чалавек".

(Скобла: ) "І апошняе пытаньне, тэматычна зьвязанае з самым першым, датычным інаўгурацыі прэзыдэнта. У 1994 годзе для іншай інаўгурацыі беларускія мастакі зрабілі адмысловае троннае крэсла, якое пэўны час стаяла ў вашай майстэрні. Куды яно зьнікла? Ці далёка вы яго прыхавалі?"

(Марачкін: ) "Так, на выставе мастацкай суполкі "Пагоня", што праходзіла перад самымі выбарамі ў 1994 годзе, мы яго так і назвалі — "Крэсла для прэзыдэнта". Зрабіў яго майстар, сябар Беларускага саюзу мастакоў Уладзімер Колас. Крэсла рабілася для Зянона Пазьняка. Яно цяпер знаходзіцца ў самога майстра. Я ўпэўнены, што прыйдзе час, і крэсла тое вынясуць з майстэрні, і ў яго сядзе годны чалавек, які павядзе Беларусь за цывілізаваным сьветам".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG