Дэпутат Андрэй Клімаў мае шанец на датэрміновае вызваленьне з турмы толькі праз год. За жонкай зьніклага чэкіста Генадзя Ўгляніцы сочаць супрацоўнікі спэцслужбаў. Сьледчы па справе Віктара Ганчара пацьвердзіў далучэньне да матэрыялаў справы паказаньняў вайскоўца Мяцельскага. Васіль Старавойтаў камэнтуе атрыманьне сьледчым Глухоўскім генэральскага званьня.
Пра датэрміновы выхад на волю дэпутата Андрэя Клімава раптам загаварылі афіцыйныя асобы. На гэтым тыдні такую магчымасьць пацьвердзіў прадстаўнік Лукашэнкавага парлямэнту Аляксандар Архіпаў, які ўзначальвае камісію па заканадаўству. Ён заявіў прадстаўнікам мэдыяў, што Клімаў можа разьлічваць на свабоду пасьля 11 жніўня наступнага году, але пры ўмове добрых паводзінаў.
Гэтая навіна была распаўсюджаная ў дзень нараджэньня дэпутата. Відаць, ўлады разьлічвалі, што яна будзе ўспрынятая як вялікі падарунак. Між тым, Клімаў атрымаў 6 гадоў турмы, зь якіх ужо адседзеў 3 з паловай. Паводле нашага заканадаўства яго можна вызваліць датэрмінова празь дзьве траціны тэрміну — а гэта будзе ў лютым наступнага году. Але гаворкі пра такі тэрмін няма, Клімава кормяць абяцанкамі волі толькі праз год "пры ўмове ўзорных паводзінаў".
"Улады чарговы раз дэманструюць сваё падступства. Увесь год напярэдадні выбараў афіцыйныя прадстаўнікі запэўнівалі высокапастаўленых эўрапейскіх чыноўнікаў, што Клімава выпусьцяць да выбараў, а цяпер гэтыя абяцаньні забытыя", — пракамэнтавала навіну жонка Клімава Тацяна Леановіч.
Мы працягваем сачыць за лёсам чэкіста Генадзя Ўгляніцы і актывіста арганізацыі "Край" Андрэя Жарнасека, якія зьніклі пасля таго, як у мэдыях зьявілася запісаная імі відэакасэта пра вынікі асабістага расьсьледаваньня справы Ганчара і Красоўскага. Гэта адбылося 28 жніўня — такім чынам, ужо амаль месяц пра іх нічога невядома.
Сваякі Ўгляніцы пацьвярджаюць, што зьвестак пра яго няма. Цесьць Угляніцы вядомы акадэмік Радзім Гарэцкі кажа, што побач зь іхным домам дзень і ноч дзяжураць невядомыя супрацоўнікі спэцслужбаў.
(Радзім Гарэцкі: ) "Машына стаіць, і там хлопцы сядзяць. Гэтак з самага пачатку і да гэтага часу. За жонкай яго сочаць. Кажуць, нам загад такі — вас ахоўваць. Яна на рынак ідзе, і яны за ёй. Гэтак бясконца, увесь час".
Радзім Гарэцкі мяркуе, што на дзяжурства паставілі калегаў Генадзя з КГБ, і на гэтай падставе робіць выснову, што шчыраваньні Ўгляніцы на касэце ня ёсьць правакацыяй, іначай "чэкісты цяпер за ім бы не палявалі".
Дарэчы, сьледчы пракуратуры Сяргей Новікаў, паводле Зінаіды Ганчар, усё ж далучыў да матэрыялаў крымінальнай справы пра зьнікненьне Ганчара і Красоўскага гэтую відэакасэту і сьведчаньні Аляксандра Мяцельскага, які сьцьвярджае, што чуў, як забівалі апазыцыянэраў.
"Гэтыя матэрыялы будуць правераныя", — запэўніваў сьледчы жонку Віктара Ганчара.
Зьвесткі пра будучы працэс над спэцназаўцам Ігнатовічам, якога падазраюць у выкраданьні Зьмітра Завадзкага, мала чым розьняцца ад ранейшых. Калі пачнецца працэс, пакуль невядома, затое ў абласным судзе паведамілі, што ў панядзелак 24 верасьня адбудзецца паседжаньне калегіі, якая прызначыць дзень суда і вызначыцца з тым, ці будзе працэс адкрыты. Такім чынам, пачакаем панядзелка.
І напрыканцы згадаю Васіля Старавойтава, кіраўніка калгасу "Расьсьвет", які быў перадавы ў савецкі час. Потым калгас ператварыўся ў акцыянэрнае таварыства і да арышту Васіля Старавойтава ў 1997 годзе заставаўся ўзорнай гаспадаркай. Цяпер гэта зноў калгас, дзе людзі атрымоўваюць звычайныя сёньня заробкі 20-30 даляраў.
Учора Васіль Старавойтаў паведаміў, што рабаваньне калгасьнікаў працягваецца. Ім чарговы раз не заплацілі прыбыткаў на акцыі гаспадаркі, а тым, каго раней угаварылі прадаць акцыі, не аддалі грошай. Паводле Старавойтава, такіх абрабаваных калгасьнікаў — больш за 400. Гэта Старавойтаў параўнаў з падзеямі 1930-х гадоў.
(Старавойтаў: ) "Другім разам раскулачваньне адбылося. Падманулі людзей, і ўсё. А людзі церпяць, бо нічога ня зробіш, іх запалохалі крымінальнымі справамі", — мяркуе Васіль Старавойтаў.
Ён згадаў, што крымінальныя справы на яго ды іншых расьсьветаўцаў вялі сьледчыя пад кіраўніцтвам Леаніда Глухоўскага. Днямі Глухоўскі атрымаў генэральскае званьне згодна з указам Лукашэнкі, і Старавойтаў зьвязвае гэта менавіта з падзеямі ў "Расьсьвеце".
(Васіль Старавойтаў: ) "Ён атрымаў генэрала на бядзе "Расьсьвету", на маёй бядзе. Бог зь імі — цяпер іхны час".
Гэтак мяркуе двойчы герой Сацыялістычнай працы Васіль Старавойтаў, які два гады правеў у беларускіх турмах.