Міліцыянты сьцьвярджаюць, што спадар Ясюкевіч і спадарыня Леўская 7 верасьня зьбілі іхнага супрацоўніка маёра Ладзісава. На карысьць гэтай вэрсіі сьведчаць два чалавекі сталага веку, якія называюць сябе прыхільнікамі Лукашэнкі. Актывісты ініцыятыўнай групы Ўладзімера Ганчарыка абвяргаюць гэтую інфармацыю.
Як стала вядома, падчас распаўсюду агітацыйных матэрыялаў Віктара Ясюкевіча і Тамару Леўскую ня раз затрымлівалі міліцыянты, але ж кожны раз вызвалялі пасьля канфіскацыі газэтаў і ўлётак. Як сьцьвярджае на допытах спадар Ясюкевіч, напярэдадні выбараў міліцыянты ўжывалі да іх грубую фізычную сілу.
Паводле ягоных словаў, 7 верасьня маёр Мікалай Ладзісаў прапанаваў ім спыніць агітацыю і прайсьці ва ўчастак для высьвятленьня асобы. Калі яны прад'явілі пашпарты і адмовіліся пайсьці, міліцыянт паваліў яго на зямлю і пачаў душыць. Потым ён паклікаў на дапамогу чалавека ў цывільным, і той штурхнуў Тамару Леўскую.
Пасьля таго, як людзі нагадалі ім пра свае правы, на іх склалі пратакол, паводле якога яны супраціўляліся і білі маёра. Калі словы міліцыянта пацьвердзяць, адказчыкаў чакае некалькі гадоў пазбаўленьня волі.
Вось як тлумачаць прычыны паводзінаў супрацоўнікаў міліцыі Віктар Ясюкевіч:
(Ясюкевіч: ) "Майце на ўвазе, што за 7 дзён нашай агітацыі нас затрымоўвалі чатыры разы і пры гэтым ніколі не абвінавацілі ў парушэньні якіх-небудзь законаў і не складалі пратаколоў аб парушэньнях.
Мы бачым толькі адну прычыну, і гэта — імкненьне запалохаць агітатараў і ўсіх жадаючых выказаць незадаволенасьць сёньняшняй уладаю.
Падаюцца зразумелымі паводзіны маёра Ладзісава, які ўбачыў відэакамэру ды вырашыў абвінаваціць агітатараў у нападзе на яго. Таксама і паводзіны сьледчага Падчапілы, які адмовіўся ў дзень затрыманьня агітатараў, разгледзець аўдыё- і відэазапіс, кажучы пры гэтым, што ў яго няма часу. Потым нейкім чынам аўдыёзапіс быў сапсаваны зьнешнім магнітным полем".
Дарэчы, гэта ўжо другая крымінальная справа на Магілёўшчыне на апазыцыянэраў, удзельнікаў выбарчай кампаніі.
Каардынатара "Незалежнага назіраньня" па Шклоўскаму раёну Пятруся Мігурскага абвінавачваюць ў перашкодах правядзеньню выбараў. Зараз у Шклове на допыт выклікаюць некалькі дзясяткаў назіральнікаў. Што адметна: як і ў выпадку зь цяжкімі злачынствамі, сьледчую групу ўзначальвае пракурор Шклоўскага раёну спадар Шніткоў.
Дзесяці незалежным назіральнікам з Магілёўшчыны і даверанай асобе Ўладзімера Ганчарыка Ўладзімеру Рынгу, які працуе у Дрыбінскам філіяле "Белаграпрамбанку", прапанавалі звольніцца з працы па асабістаму жаданьню.
Сьпіс беспрацоўных Крычаўскага раёну папоўніла выкладчыца аграрна-тэхнічнага коледжу Людміла Гушча, якая да 9 верасьня каардынавала "Незалежнае назіраньне" у гэтым раённым цэнтры.
Такі ж лёс, відаць, чакае і галоўнага архітэктара Бялыніцкага раёну Ўладзімера Дзімітрадзіна. Улады ня могуць дараваць чальцу Партыі камуністаў удзел у выбарчай кампаніі Ўладзімера Ганчарыка.