Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ВОСЕНЬ ПАТРЫЯРХА”


Аўтар і вядучы Сяргей Дубавец, Вільня

Здаўна людзі называюць гэтую дарогу прэзыдэнцкай. Ад менскай Нямігі яна цягнецца праз Дразды і ўпіраецца ў вёску Ждановічы. Дарога шырокая і заўсёды пустая, на ўзбочынах заўсёды пасьвяцца козы, а абапал дарогі цягнуцца вазёры, вада ў якіх заўсёды, пры любым надвор'і выглядае нежывою, быццам пад ёй хаваюцца нейкія падводныя вайсковыя аб'екты... Я злавіў сябе на тройчы паўтораным "заўсёды" і згадаў трапны жарт, пачуты некалі ад дзіцяці: маўляў, у гэтых вазёрах сам Лукашэнка купаецца ў браняваных плаўках.

Лукашэнка, а дакладней ягоны дух, прысутнічае тут ня толькі ў вадзе альбо ў народнай назве дарогі, ён пасяляецца і ў рэдкіх машынах, што, здараецца, праяжджаюць тут і пры абмежаваньні хуткасьці да 90 кілямэтраў на гадзіну, абавязкова скідаюць да 80 і ніжэй. Магчыма, яны робяць гэта ад боязі ці перастрахоўкі. Каб чагосьці ня выйшла. А магчыма таму, што радыё ў машыне заўсёды гаворыць голасам кіраўніка краіны, і ў голасе тым гучыць пагроза па-ранейшаму будаваць жыльлё, як заўсёды клапаціцца пра чалавека працы, надалей сябраваць з Расеяй і даваць адпор Захаду разам зь ягонай цывілізацыяй.

Радыё спыніць нельга. Аляксандар Лукашэнка сустракаецца з выбаршчыкамі ўжо пятую гадзіну. За гэты час мяне на прэзыдэнцкай дарозе канчаткова апаноўвае нейкі лацінаамэрыканскі настрой. Я думаю пра падабенства іхных і нашай дыктатуры. І калі ён распавядае пра сваё званьне падпалкоўніка, якое не замінае яму надзяваць свой маршальскі мундзір - гэта гучыць як росьпіс, як шчырасьць, што выклікае на памяць радкі з Маркесавай "Восені патрыярха":

"І тады ён ледзь прачыніў дзьверы сваёй патаемнай спальні і, гледзячы ў шчыліну, убачыў у залі паседжаньняў сваё мёртвае цела, аточанае запаленымі сьвечкамі, сваё мёртвае цела, апранутае багацей за любога зь нябожчыкаў Рамскіх Пап на працягу ўсёй гісторыі каталіцтва, аднак вусьціш і сорам уразілі яго, калі ён глядзеў на тое цела, уласнае ягонае цела, што патанала ў кветках, з тварам, белым ад пудры, з нафарбаванымі вуснамі, з скасьцянелымі рукамі капрызьлівай какеткі, складзенымі на пакрытых бранёю рэгаліяў грудзях, цела, апранутага ў прыдуманы кімсьці спэцыяльна для нябожчыка мундзір Генэрала Сусьвету, зь дзясяткам яркіх сонцаў на пагонах..."

Новыя пяць гадоў ягонага кіраваньня ўяўляюцца цэлай вечнасьцю, як ужо вечнасьцю падаюцца гады мінулыя. Верагодна, іх ня сем. І ён мае рацыю, калі кажа, што за гэтыя сем пражыў усе трыццаць ці, як мінімум, дваццаць пяць. Я зноў згадваю лацінасаў, якія навучылі нас, што дыктатура вымяраецца не гадамі, а вечнасьцю. Бо гэта спынены час - аднастайны і нязьменны. Ён - заўсёды.

Тым часам у радыё нейкая жанчына распавядае пра Пятра Міронавіча Машэрава, і я думаю пра невыпадковасьць таго, што гэтая прэзыдэнцкая дарога, па якой еду, носіць імя Машэрава. "Ды вы, Аляксандар Рыгоравіч, ад Пятра Міронавіча і крохі пабралі" - кажа кабета нешта з такім вось сэнсам і пры бурных воплесках залі. Словам, поўная пераемнасьць. Асабіста для мяне, калі зазіраць туды, у часы да Машэрава, дык ужо не ва ўласную памяць, а хіба што ў кнігі. Сапраўды, цэлая вечнасьць. І неістотна - пяць гэта гадоў ці дваццаць пяць.

Раман пра вечнасьць дыктатара - "Восень патрыярха" Габрыеля Гарсія Маркеса ўпершыню ў Савецкім Саюзе быў перакладзены якраз у Менску і якраз у часы Машэрава. Зрабілі гэта Валянцін Тарас і Карлас Шэрман. Але тады наўрад ці хто думаў пра Машэрава. Разуменьне таго, з чым насамрэч мы маем справу і наколькі менавіта нас гэта ўсё тычыцца, прыходзіць у поўным аб'ёме толькі сёньня, перад новай пяцігодкай вечнасьці. Сёньня гаворка пойдзе пра стаўленьне да дыктатуры ў лацінаамэрыканскіх і беларускіх пісьменьнікаў - у чым яно падобнае і ў чым адрознае.

***

"На зыходзе тыдня сьцярвятнікі-грыфы разьдзёрлі мэталёвыя ваконныя сеткі, праніклі праз гаўбец і вокны ў прэзыдэнцкі палац, узмахамі крылаў скаланулі ў палацавых пакоях задушнае паветра застаялага часу, і ў панядзелак на сьвітанку горад ачомаўся нарэшце ад векавога летаргічнага сну, у які ён быў пагружаны разам са сваёй ператворанай у гнільлё веліччу; толькі тады мы насьмеліліся ўвайсьці, і ня трэба было аблогаю браць карапасныя сьцены, да чаго заклікалі адныя, самыя сьмелыя, альбо тараніць дышламі валовых павозак парадны ўваход, як прапаноўвалі іншыя, бо варта было толькі дакрануцца, як самі сабою расчыніліся браняваныя вароты, якія ў слаўныя для гэтага будынку часы выстаялі пад ядрамі Ўільяма Дэмпіра, і вось мы ступілі ў мінулую эпоху і ледзьве не задыхнуліся ў гэтым агромністым, ператвораным у руіны барлогу ўлады, дзе нават цішыня была лядашчай, сьвятло хісткім, і ўсе прадметы ў гэтым хісткім, прывідным сьвятле адрозьніваліся няясна..."

Габрыэль Гарсія Маркес. Восень Патрыярха.

Беларуская літаратура не нарадзіла нагэтулькі магутнага рамана пра дыктатара. Дакладней, пра свайго дыктатара. Дакладней, пакуль не нарадзіла. І каб зусім ужо дакладна - беларуская літаратарура не напісала пакуль пра сваіх людзей ва ўмовах сваёй дыктатуры. Чаму? Найперш таму, што, у адрозьненьне ад лацінасаў, яна не хацела мірыцца з жыцьцём пад уціскам. Яна, вядома, шмат казала пра дыктатуру, але гэта былі хутчэй засьцярогі ад магчымае сытуацыі, чым ад таго, што ёсьць насамрэч. Пісьменьнікі ўяўлялі сябе палітыкамі і прарокамі, ад якіх залежыць зьмена палітычнае і грамадзкае сытуацыі. Вось яшчэ трохі - галадоўка ў парлямэнце, і яшчэ - Чарнобыльскі шлях, і яшчэ - заявіць на ўвесь сьвет пра брутальныя арышты, альбо - самадзейныя прэзыдэнцкія выбары і байкот парлямэнцкіх - здаецца, яшчэ зусім трохі падналегчы і нашая праўда пераважыць, перацягне. І так з дня ў дзень, зь месяца ў месяц. Аднак, нічога не зьмянялася. І яны зноў шукалі новага спадзеву. А раптам спрацуе заява дзяржсакратара, а раптам Ельцын, а раптам Пуцін. Усё, здавалася ім, можа вырашыцца за хвіліны. І так сем гадоў. Гэткі быў погляд беларускага творцы. Ня дзіва, бо менавіта творцы ў нас былі завадатарамі і перастройкі, і незалежнасьці.

Лацінасы пазіралі як дзеці. Сьвет навокал такі, які ён ёсьць - несправядлівы, грубы, улада хамская, жорсткая. Верагодна некалі, празь вечнасьць, яна зьменіцца на іншую, але мы жывем і пішам цяпер - мы дасьледуем свайго чалавека менавіта ў такіх умовах.

Урэшце, для пісьменьніка існуе свая вечнасьць. Гэта газэтчыку альбо палітыку так важная праблема ўлады або выбары. Гэта ім важна надаць значнасьць сёньняшняму дню. Гэта для іх вечнасьць - не крытэры. Гэта яны кажуць пра нелегітымнасьць як пра свой інструмэнт. А ў пісьменьніка такога інструмэнту няма.

Беларускі пісьменьнік перастаў быць палітыкам. Гэта значыць, што нелегітымнасьць улады ўжо ня можа заспакоіць яго. Яму вяртаюцца ягоныя прафэсійныя функцыі - прымаць чалавека і сьвет такімі, якія яны ёсьць. Толькі так ён можа быць дасьледнікам жыцьця. Верагодна, цяперашні злом у беларускай палітыцы ўсё паставіць на свае месцы. 7 гадоў пісьменьнік чакаў або змагаўся, а цяпер ён, як змагар, канчаткова ўпёрся ў маналіт жыцьця. Ужо зьмененага, ужо іншага. Ягоны супляменьнік толькі й паўтарае, што хоча ЖЫЦЬ тут і цяпер. Кахаць, працаваць, зарабляць грошы, нараджаць дзяцей - сёньня. І ніякіх сямі гадоў на чаканьне няма і быць ня можа.

Што такое нелегітымнасьць улады для літаратара? Гэта значыць, што літаратар выходзіць адзін на адзін з прэзыдэнтам і горда кажа - падай, ты забіты, я ў цябе патрапіў, цябе няма. Слушна, - адказвае дыктатар, - гэта слушна пакуль мы гуляем у змаганьне. Але гульня скончаная. Дакладней, кожны будзе гуляць на сваім полі. Я магу цябе закапаць на Паўночных могілках, а ты можаш закапаць мяне ў вачох майго народа і ўсяго сьвету, калі напішаш сваю "Восень патрыярха" і атрымаеш Нобэлеўскую прэмію.

Тысяча выкрывальніцкіх тэкстаў - вершаў, апавяданьняў і п'есаў, у якіх аспрэчвалася і высьмейвалася папулісцкая дэмагогія - усё гэта выматала пісьменьніка і ўжо не ратуе. Ня тая зброя. Застаецца сказаць - ён ёсьць. І гэта дадзенасьць. І мы ў гэтай дадзенасьці жывем і вывучаем чалавека менавіта ў ёй. Для літаратуры адкрываецца цэлае поле дзейнасьці. Сапраўды, наш чалавек можа прапасьці бязь сьледу, і быць тым, хто ўчыняе прапажу. У абодвух за плячыма цэлы клубок сувязяў і матывацыяў. Рыбакі і Сотнікавы доўжаць сваю біблейскую палеміку ў вечнасьці.

Гаворка ня йдзе пра прыйманьне ці непрыйманьне ўлады. Пісьменьнік заўсёды ў апазыцыі. Але беларуская літаратура за савецкім часам была адвучаная ад таго, каб быць у маральнай апазыцыі. І толькі цяпер яна апынулася на сваім месцы, канчаткова пакінуўшы ўладныя пасады і быццам наноў засяляючы свой пакінуты на час Парнас.

Калі б Дастаеўскі ставіў на мэце адмаўленьне свайго Мёртвага дому, а Горкі - свайго Дна, а Быкаў - сваёй Вайны, калі б яны выступалі змагарамі супраць самое наяўнасьці гэтых агідных праяваў жыцьця - не было б літаратуры. Безумоўна, як грамадзяне яны супраць. Але іхная справа выявіць гэта праз прыроду чалавека, які сам творыць сваё пекла. Бо яшчэ Сартр апісаў у сваёй п'есе "Пры зачыненых дзьвярах" ня толькі рукатворнасьць пекла, але й марнасьць пісьменьніка змагацца зь ім, бо інакш трэба было б змагацца з чалавекам, у якім ёсьць і добрае, і злое.

За савецкім часам так і было - дыктатар успрымаўся як дадзенасьць і ніводзін пісьменьнік не задаваўся ідэяй замяніць Машэрава або Панамарэнку, ніхто ня жыў чаканьнем іхнага сыходу, ніхто не высьмейваў дурасьць, сказаную мажнаўладцам, настолькі маналітнай была ўлада. Наперадзе ў пісьменьніка была вечнасьць тварэньня, поўная рызыкі і спадзеву на цудоўнае адкрыцьцё. Іншая рэч, што часьцяком ён абіраў канфармісцкі шлях.

Выбары і ў прынцыпе выбар для нашага літаратара, які прызвычаіўся быць пры ўладзе, сталі спакусай на цэлых апошніх дзесяць гадоў. Няўжо і праўда можна зьмяніць свой сьвет і спрычыніцца да ягонае зьмены? Зорка Габрыэле Д'Анунцыо для кагосьці, а для кагосьці зорка Юкіо Місімы зазьзяла на поўную моц. Але калі іхнае халоднае зьзяньне і напаўняла сэрцы адзінак, дык для літаратуры таго сьвятла не было відаць наагул.

***

У нядаўна надрукаванай гутарцы Алеся Адамовіча і Васіля Быкава Быкаў кажа, што ня ставіць на мэце ані зьмяніць сьвет, ані палепшыць чалавека. Мэта - паказаць чалавеку, што ў ім ёсьць і добрае і благое. І калі чалавек гэта ўбачыць, мяркуе Быкаў, ён паразумнее.

Сказана - пісьменьнік заўсёды ў апазыцыі. Можа быць, гэта апазыцыя да недасканалага сьвету. І тут ёсьць спакуса ўсю тую недасканаласьць сьвету зьвесьці да гэтага вось дыктатара і ягонага рэжыму. Зьменім - і ўсё будзе добра. Усё можа быць па-іншаму.

Ня будзе. Нічога ня зьменіцца. Самы час прыгадаць Астурыяса зь ягоным раманам "Пан прэзыдэнт". Гаворка ідзе пра дыктатуру Эстрады Кабрэры:

"Дыктатура - гэта страшны ядавіты павук, які разбэшчвае, падкупляе, запалохвае ўсе клясы грамадзтва, людзі робяцца альбо бяздушнымі мэханізмамі, альбо фанатыкамі, альбо брыдкімі прыстасаванцамі. Некаторыя думаюць, што пасьля дыктатуры настане новы час і ўсё стане на свае месцы. На жаль, гэта ня так. Мінаюць гады, а дух дыктатара і ягонай сыстэмы ўсё жыве і жыве. Чаму? Ды таму, што дыктатура разьядае грамадзтва да мозгу костак".

Між іншым, гватэмалец Астурыяс упершыню выдаў свой раман гадоў празь пятнаццаць пасьля таго, як напісаў яго, прычым выдаў за ўласныя грошы і толькі за мяжою - у Мэксыцы. Для пісьменьнікаў з Паўднёвае Амэрыкі гэта тыповая сытуацыя, як і творчасьць у выгнаньні, з чым беларускія літаратары пачалі знаёміцца толькі за часамі гэтай самай сваёй дыктатуры.

Магу дапусьціць, што сьвет зьмяняецца не дыктатарамі і змагарамі - знакавымі постацямі з нацыянальнае гісторыі. Усё ня так хутка і ня так пасьпяхова. Калі мы мроім пра эўрапейскую цявілізацыю, дык яна ўся складаецца з цывілізацыяў нацыянальных, што весьпелі празь неверагодныя церні агульнага граху і агульнага пакаяньня. Той, каму ўдалося ў гэтым тралейбусе праехаць зайцам, той сёньня і мае тое, што мае - або дыктатуру, або нябыт. Гісторыя - надта строгі і непадкупны кантралёр.

А як жа тады грамадзянская пазыцыя пісьменьніка? Можа быць яна ўжо ня ў тым, каб выйсьці на пляц, на мітынг і сказаць прарочае слова пра тое, што рэжым абавязкова ўпадзе. Можа яна ў тым, каб з усіх сілаў імкнуцца ўразіць сьвет раптоўным зразуменьнем у чалавеку таго, чаго раней неяк не заўважалі, і ў тым каб данесьці гэтае зразуменьне, набыць высокі аўтарытэт. Каб у масавай сьвядомасьці Беларусь Лукашэнкі зьмеркла перад Беларусяй пісьменьнікаў - адсюль столькім спадзеву на гэтую Нобэлеўскую прэмію. Але каб цэлым атрадам нашыя літаратары імкнуліся да прызнаньня ў сьвеце, а тады і дома. Гэтак, скажаце, дакаціўся я да тых самых словаў, што кажа дыктатар: няхай пісьменьнікі пішуць. Толькі ў гэтым "няхай пішуць" ёсьць два розныя сэнсы. Няхай пішуць "Восень патрыярха". Новая пяцігодка можа даць ім для гэтага шмат матэрыялу.

Дыктатар сапраўды рукатворны. У стварэньні яго ўдзельнічае ўвесь народ. Больш менш тыпова выглядае шэраг апалягетаў - прапагандыстаў, самадураў і запалоханых. Тут найменш выяўляецца нацыянальная сутнасьць. Але за дзесяць гадоў стварыліся вобразы апазыцыйнага палітыка, апазыцыйнага творцы, апазыцыйнае моладзі - такія непадобныя да падобных у іншых культурах. І самае галоўнае - паўстаў зусім іншы беларус, якога раней не было. Гэта беларус перад выбарам. Ён разнастайны, але таксама раскладаецца на акрэсьленыя тыпажы.

Варта згадаць і яшчэ адзін досьвед паўднёваамэрыканскіх дыктатураў. Яны спрычыніліся да стварэньня нацыяў. Гэта факт. Гішпанская Амэрыка ператварылася ў коўдру з рознакаляровых лапікаў. І далося гэта цаною многіх і многіх жыцьцяў. Не паўсюль удаюцца тыя аксамітныя або сьпеўныя рэвалюцыі.

Мы ня можам не заўважаць, колькі насуперак уціску мовы за гэтыя сем гадоў стала ў Беларусі беларускамоўнае моладзі. Уменьне мовы стала добрым тонам палітыка, перадусім апазыцыйнага. І самае апошняе сьведчаньне - у культурніцкіх асяродках ужо не гавораць, што гіне мова, нацыя і Бацькаўшчына. Вось чаму я раблю выснову, што беларуская "Восень Патрыярха" можа быць ня менш значнай, але безумоўна іншай паводле духу і мовы - яна будзе напісаная па-беларуску, раскажа пра Беларусь сьвету.

Не хачу, каб падумалі, што я стаўлю нацыянальнае станаўленьне ў заслугу дыктатуры. Гэта прыродная зьява і адбываецца сама сабою. Але гарт нацыя набывае ў супрацьстаяньні. Альбо ў экспансіі вонкі, або ўнутры сябе мацнее духам. Гэта аб'ектыўныя рэчы. Нельга ўхваліць вайну і ГУЛАГ, але беларуская інтэлігенцыя, якая прайшла гэтыя два пеклы - яна сапраўды найбольш загартаваная, мужная, верная Бацькаўшчыне і людзкая.

У пісьменьнікаў з Лацінскай Амэрыкі часьцяком сустракаем эпахальныя выразы, якія падтрымліваюць адчуваньне велічы і вечнасьці нікчэмных дыктатараў. Запомнілася ў Маркеса - Эпоха Вялікага Шуму. У Беларускай літаратуры гэткіх звышазначэньняў яшчэ, бадай, не завялося. Аднак паралелі з лацінасамі і іхнымі дыктатурамі пачаліся ад самага пачатку выбраньня Аляксандра Лукашэнкі. Нават яшчэ перад ягоным выбраньнем. У надрукаваных у "Нашай Ніве" "Казках пра кандыдатаў" - гэта калектыўны твор Глёбуса, Клімковіча і Сьцяпана - яшчэ ў 94-м годзе была зробленая спроба мэтафарычна перадаць сутнасьць кожнага з кандыдатаў. Тады іх было шэсьць. Кебіч зьбіраў грыбы, Шушкевіч лячыў галубку, Пазьняк змагаўся з камуністамі, Новікаў дапамагаў пэнсіянэрам, Дубко адмаўляўся ад мэдаля. Пераможца - хто б тады пра такое мог і падумаць - насіў самбрэра. Казка пра яго, яшчэ кандыдата, так і называлася - "Лукашэнка і самбрэра":

"Вельмi ўжо да твару Алесю Рыгоравiчу Лукашэнку звычайнае мексiканскае самбрэра. Надта ж зручная рэч, нашмат лепшая за цюбяцейку цi генэральскую папаху. I ў сьпёку заўсёды цень знойдзеш, i ў дождж не замокнуць дэпутацкiя плечы. Насiў бы i насiў Алесь Рыгоравiч сваё самбрэра, у якiм так хораша гойсаць на саўгасным "козьлiку" ад кароўнiка да сьвiнарнiка, але закiнуў лёс Лукашэнку ды ў сталiцу. Змог бы i ў горадзе Алесь Рыгоравiч насiць любы сялянскаму сэрцу галаўны ўбор, каб была ў яго службовая машына з адкрытым верхам. Але не такi ён чалавек, каб перарабляць машыну пад сябе i кiдаць на вецер народныя грошы. I паспрабаваў Лукашэнка езьдзiць у грамадзкiм транспарце, бо хацеў захаваць iмiдж простага мексiканскага селянiна. Але як ты ўваб'есься-ушчэмiсься ў лацiнаамэрыканскай шапцы ды ў менскi тралейбус?! Раз брылi пакамечылi, другi пакамечылi, i давялося Алесю Рыгоравiчу Лукашэнку павесiць сваё самбрэра на цьвiк. Але ня трацiць надзеi Лукашэнка, што надыйдзе час, калi будзе ў яго машына з адкрытым верхам".

Праз два гады ў "Нашай Ніве" друкаваўся ўрывак з згаданага раману Мігеля Астурыяса "Пан прэзыдэнт" - таксама знакавая рэч у перакладзе цяперашняга рэдактара газэты Андрэя Дынько. Нарэшце пад новыя выбары "Наша Ніва" зьмясьціла эсэ Габрыэля Гарсія Маркеса пра Уга Чавэса. Натуральна, не магу тут пералічыць усе выпадкі беларуска-амэрыканскіх паралеляў за часы Лукашэнкі. Але не магу не згадаць песьню "Дон Лукаса" Зьмітра Бартосіка. Песьня, відаць, актуальная, бо і цяпер сьпяваецца на мітынгах у падтрымку Ганчарыка.

Тым ня менш, татальнага параўнаньня з паўднёваамэрыканскімі дыктатурамі не было. Магчыма, інтэлігенцыя ў душы пабойвалася, што мэтафара стане ўстойлівай. Таму знаходзіліся і розныя іншыя вобразы - Лука Мудзішчаў або таварыш Сапега. Інтэлігенцыя баялася, каб ні на хвіліну не спыніўся час. Каб магчымасьць пераменаў заставалася пэрманэнтна.

Можа быць, лацінасы, пішучы пра вечнасьць дыктатуры, імкнучыся да нязьменнасьці дэкарацыяў, што спрыяла спакойнаму дасьледаваньню чалавека ў гэтых дэкарацыях, нават гіпэртрафуюць час дыктатуры і пэрыяд кіраваньня дыктатара. Адсюль "сто гадоў адзіноты". Ня дзіва, што і наш чалавек іншы раз наіўна гукае пра тое, што вось быў Машэраў, а цяпер такі самы - Лукашэнка. Я вымавіў слова "наіўна", каб яшчэ раз зьвярнуць увагу на дадзенасьць сьвету, якім яго ўспрымае дзіця і пры якой толькі і магчымыя дзіцячыя вобразы, што сьветлымі водсьветамі кладуцца на ўсё жыцьцё, а таксама каб нагадаць, што і пісьменьнік мае справу з падобнымі вобразамі і водсьветамі, адкуль і струменіць ягоны талент, каб нагадаць, што пісьменьнік і паводзіць сябе ў палітыцы часьцяком наіўна, па-дзіцячаму.

Такім чынам, новая пяцігодка дыктатуры выглядае на цэлую вечнасьць. Асабліва гэта адчуваеш, едучы праспэктам прэзыдэнта Машэрава і думаючы пра тое, што ён, гэты праспэкт, быў заўсёды - са сваімі козамі на ўзбочынах і вайскова-тэхнічным колерам вады ў азёрах абапал шляху. Для нашых творцаў новая пяцігодка (і колькі іх там яшчэ будзе) ня стане часам спакусы, як папярэдняя сямігодка. Беларускія творцы здольныя заваёўваць прызнаньне на міжнародных тэатральных фэстах, мастацкіх пленэрах і літаратурыных кірмашах. Яны гэта даказваюць, калі спакушаюцца вечнасьцю мастацтва, а не мімалётнасьцю дыктатуры. Новы час мусіць стаць часам тварэньня і часам прызнаньня. Бо ў нацыі, як і ў чалавеку, ёсьць і добрае і благое. Калі нас пазнаюць толькі дзеля Курапатаў, Чарнобыля і Лукашэнкі - гэта значыць, пазнаюць наша благое. Хіба ж гэта і ёсьць усе беларусы і ўся Беларусь?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG