Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗАХОДНІЯ АМБАСАДАРЫ Ў БЕЛАРУСІ ПРАІГНАРАВАЛІ ІНАЎГУРАЦЫЮ ЛУКАШЭНКІ


Юры Сьвірко, Менск

Амбасада ЗША ў Беларусі сёньня афіцыйна заявіла, што лічыць "недарэчным удзел у гэтым мерапрыемстве ў дадзены час".

Насуперак сваім жа ранейшым афіцыйным пацьверджаньням, якія зьмяшчаліся ў адпаведных дыпляматычных нотах, сёньня амбасадары ўсіх краінаў Эўрапейскага Зьвязу, што прадстаўленыя ў Менску, не пайшлі на інаўгурацыю Аляксандра Лукашэнкі. Замест кіраўнікоў місіяў на мерапрыемстве прысутнічалі дыпляматы ніжэйшага рангу. Гэтаксама вырашылі й амбасадары суседніх Літвы й Польшчы.

Цікава, што на сёньняшнім брыфінгу за 2 гадзіны да інаўгурацыі прэсавы сакратар беларускага МЗС Павал Латушка зноў паведаміў: эўрапейскія амбасадары свой удзел пацьвердзілі. Што ж прымусіла іх ад гэтага адмовіцца? Вось што сказаў пасьля інаўгурацыі спадар Латушка:

(Латушка: ) "Так, мы ведаем, што кіраўнікі дыпляматычных місіяў краін Эўрапейскага Зьвязу не прынялі ўдзелу ў інаўгурацыі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. І ўсе пытаньні ў сувязі з удзелам альбо няўдзелам кіраўнікоў дыпляматычных місіяў краін Эўразьвязу ў згаданым мерапрыемстве — калі ласка, зьвяртайцеся да іх саміх".

Аднак сакратарка амбасадара Італіі Стэфана Бэнацца, які рэпрэзэнтуе ў Менску цяперашняга старшыню Эўразьвязу Бэльгію, паведаміла:

(Сакратарка: ) "У мяне, на жаль, адказ адзін: амбасада камэнтароў не дае. Амбасадар сказаў: "No comment" — ні па якім пытаньні".

Іншыя амбасады Эўразьвязу даюць больш інфармацыі. Замест брытанскага амбасадара, які апоўдні быў у сваім офісе, на Лукашэнкаву інаўгурацыю пайшоў намесьнік кіраўніка місіі. Замест грэцкага амбасадара ў Палацы Рэспублікі быў аташэ. Амбасадар Нямеччыны сёньня разам з падначаленымі паехаў на нейкую экскурсію. Францускі амбасадар Бэрнар Фасье зьехаў зь Менску раней, таму ўвогуле не пацьвярджаў сваёй прысутнасьці.

Гэткім чынам, усе 5 амбасадаў краінаў Эўразьвязу, якія працуюць у Менску, не былі прадстаўленыя сваімі кіраўнікамі, што відавочна ёсьць палітычным жэстам — да таго ж вельмі нечаканым, зробленым у апошні момант.

Адзінымі, хто загадзя заявіў пра свой няўдзел у інаўгурацыі, былі амэрыканцы. Сёньня амбасада ЗША ў Беларусі дала афіцыйны камэнтар з гэтай нагоды:

(Саламаха: ) "Мы лічым, што для афіцыйнага прадстаўніка ЗША было б недарэчным удзельнічаць у гэтым мерапрыемстве ў дадзены час", — заявіў Аляксей Саламаха, супрацоўнік інфармацыйнае службы амбасады ЗША ў Менску.

Нагадаю, што афіцыйны Менск вельмі спадзяваўся на тое, што пазыцыя Эўразьвязу ў дачыненьні да беларускіх выбараў будзе больш мяккай у параўнаньні з амэрыканскай.

У заяве МЗС гаварылася: "Намер Вашынгтону абвергнуць вынікі выбараў і навязаць эўрапейскай супольнасьці лінію на адмову ад супрацоўніцтва зь беларускім урадам лішні раз пацьвярджае імкненьне ЗША любымі шляхамі зьмяніць дзяржаўны лад у Рэспубліцы Беларусь".

Вось як пракамэнтаваў гэтую частку заявы прэсавы сакратар беларускага МЗС Павал Латушка на ранішнім брыфінгу:

(Латушка: ) "Я думаю, што не сакрэт, што пазыцыя Злучаных Штатаў Амэрыкі ў падыходзе да адбыўшыхся выбараў прэзыдэнта Беларусі заключаецца ў тым, што Злучаныя Штаты Амэрыкі лічаць неабходным працягваць разьвіваць супрацоўніцтва зь няўрадавымі арганізацыямі, палітычнымі партыямі апазыцыйнага характару, якія знаходзяцца на Беларусі.

Мы ж гаворым аб тым, што гэты падыход зьяўляецца няправільным, гэты шлях вядзе ў нікуды. Мы зацікаўленыя ў разьвіцьці супрацоўніцтва Заходняй Эўропы, і ў тым ліку са Злучанымі Штатамі Амэрыкі.

Калі эўрапейскія краіны гавораць аб нямэтазгоднасьці далейшай ізаляцыі Рэспублікі Беларусь, мы гаворым аб тым, што трэба сустракацца, трэба размаўляць па пытаньнях тых зьменаў, якія адбываюцца ў Рэспубліцы Беларусь. Тое самае мы гаворым і Злучаным Штатам Амэрыкі", — заявіў раніцай спадар Латушка.

А празь дзьве гадзіны эўрапейскія амбасадары праігнаравалі Лукашэнкаву інаўгурацыю гэтак сама, як і амбасадар ЗША ў Беларусі.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG