Нягледзячы на тое, што вэрдыкты адносна далейшага лёсу кіраўніка місіі АБСЭ ў Беларусі і іхная танальнасьць мяняліся ў выкананьні Аляксандра Лукашэнкі па некалькі разоў на дзень, доктар Ганс-Георг Вік, як і раней, застаецца пры сваіх меркаваньнях адносна дзейнасьці ў Беларусі: місія павінна дзейнічаць і надалей.
Абвінавачаны ў стварэньні агітатарска-агентурнай шпіёнскай сеткі ў Беларусі, былы шэф BND (нямецкай выведчай службы) Ганс-Георг Вік дазваляе тлумачыць сабе словы беларускага лідэра наступным чынам: улады Беларусі чарговы раз хацелі настроіць насельніцтва супраць місіі АБСЭ. Паводле Віка, супраць такой нелюбімай Лукашэнкам арганізацыі выкарыстоўвалі і наступны аргумэнт: АБСЭ сваю місію ў Беларусі нібыта выканала, а ейны мандат скончыўся. Вік кажа, што гэта цалкам не адпавядае тэксту мандата.
Як піша Neue Zuercher Zeitung, Ганс-Георг Вік не сумняецца ў мэтазгоднасьці дзейнасьці гэтага інстытуту на тэрыторыі Беларусі. Зразумела, нельга сказаць, што чатырохгадовая праца КНГ прывяла краіну да перамогі дэмакратыі і зрабіла кожнага з 10 мільёнаў беларусаў перакананым дэмакратам. Прэзыдэнцкія выбары, у якіх Лукашэнка, паводле афіцыйных зьвестак, набраў 75% галасоў, з самога пачатку выбарчай кампаніі да пераліку галасоў не былі ні дэмакратычныя, ні свабодныя.
Заслуга ж АБСЭ, паводле Віка, у тым, што ёй удалося стварыць у гэтай маленькай постсавецкай рэспубліцы грамадзянскую кааліцыю. Апазыцыя ўпершыню аказалася здольнай да перамоваў, змагла весьці барацьбу дэмакратычнымі шляхамі.
Асабліва ганарыцца Вік тым, што місіі АБСЭ ўдалося прыцягнуць да выбарчай кампаніі 15 тысяч маладых людзей назіральнікамі. Паводле Віка, з гэтай моладзьдзю трэба працаваць і надалей, каб яна змагла ажыцьцяўляць атрыманыя ўрокі будаўніцтва дэмакратыі. У Беларусі, пачынаючы зь цяперашняга моманту да наступных выбараў у 2006 годзе, проста неабходны інстытут кшталту АБСЭ, які б усебакова падтрымліваў будаўніцтва грамадзянскай супольнасьці, а таксама далучаў урад краіны да гэтых дэмакратычных працэсаў.
Што тычыць тэзы эўрапейскіх палітыкаў пра тое, што з падобным антыдэмакратычным рэжымам ні ў якім разе нельга братацца, то Вік лічыць, што ізаляцыя краіны не прывядзе Беларусь да разьвіцьцья і ўмацаваньня дэмакратыі. Акрамя таго, пры такой ізаляцыі АБСЭ ня зможа пэўным чынам выпрацаваць адпаведную стратэгію да рэжыму.
Як выказаўся на старонках "NZZ" кіраўнік місіі Арганізацыі Бясьпекі і Супрацоўніцтва ў Эўропе, АБСЭ надалей будзе працаваць у Беларусі і, паводле мандату, мае правы супрацоўнічаць ня толькі з урадам , але і з апазыцыяй і няўрадавымі арганізацыямі.