Памілаваньне Аляксандрам Лукашэнкам грамадзяніна Нямеччыны Крыстафэра Леца афіцыйна матывавалася "прынцыпам гуманізму ў міжнародных дачыненьнях" ды тым, што "Лец учыніў злачынства ўпершыню, шкадуе пра свой учынак, рэальнай шкоды дзяржаве не зрабіў". Таксама ўлічылі "стан ягонага здароўя".
Маючы на руках адпаведны указ Лукашэнкі, супрацоўнікі КГБ сёньня ў першай палове дня забралі Леца з турмы КГБ, прывезьлі ў аэрапорт "Менск-2", зачыталі яму ўказ і правялі да самалёту, які адлятаў у Франкфурт-на-Майне. Паводле кіраўніка прэсавай службы КГБ Фёдара Котава, перад адлётам Лец падзякаваў за гуманнасьць, пацьвердзіў, што шкадуе за ўчыненае і заявіў, што ягонае вызваленьне "будзе садзейнічаць умацаваньню двухбаковых адносінаў".
Спэцслужбы таксама не шкадуюць, што даводзіцца адпускаць шпіёна, за якім яны год сачылі да арышту, а потым яшчэ год трымалі за кратамі:
(Котаў: ) "І добра. Нашая задача — не дазволіць зрабіць шкоды інтарэсам краіны, а на крыважэрнасьць мы не хварэем", — сказаў прадстаўнік КГБ.
Спадар Котаў пацьвердзіў, што стан здароўя Крыстафэра Леца такі, што яму зараз няма чаго думаць пра новыя вандроўкі, а лепш падлячыцца.
Нагадаю, у ліпені Беларускі вайсковы суд прызнаў Крыстафэра Леца вінаватым у шпіянажы супраць Беларусі ды пакараў 7 гадамі зьняволеньня. Сваю віну Лец прызнаў часткова, але потым, паводле зьвестак з суду, з прысудам пагадзіўся.
Указ пра памілаваньне Леца быў падпісаны Лукашэнкам за некалькі гадзінаў да інаўгурацыі — гэтага факту афіцыйныя асобы Беларусі пакуль не камэнтуюць. Не пажадаў выказацца на гэты конт і прадстаўнік амбасады Нямеччыны, які прысутнічаў падчас вызваленьня Леца.
Паводле пэўных крыніцаў, наступнымі замежнікамі, каго можа памілаваць Аляксандар Лукашэнка, будуць амэрыканец Чарльз Пэрыела і італьянец Анжэла Піу, якія таксама падалі хадайніцтвы пра памілаваньне.
Грамадзянін ЗША Пэрыела асуджаны за збыт наркотыкаў на 5 гадоў турмы, а італьянца Піу пакаралі 4,5 гадамі за шпіянаж. Варта зазначыць, што іхныя справы таксама расьсьледаваў КГБ, а судовыя працэсы актыўна выкарыстоўвала афіцыйная прапаганда.