Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЗЯРЖКАМДРУК РАСПАРАДЗІЎСЯ СПЫНІЦЬ ВЫПУСК ШТОТЫДНЁВІКА "СВОБОДНЫЕ НОВОСТИ"


Ігар Карней, Менск

Гэтак чыноўнікі адрэагавалі на рашэньне аднаго з заснавальнікаў газэты, менскага прадпрымальніка Сяргея Атрошчанкі, звольніць кіраўніцтва "Свободных новостей" у поўным складзе й кардынальна перагледзець канцэпцыю газэты.

Сёньня раніцай у рэдакцыі "Свободных новостей" прайшла тэрміновая нарада супрацоўнікаў усіх службаў. Галоўны рэдактар Аляксандар Уліцёнак не хаваў, што, магчыма, калектыў у такім складзе сустракаецца апошні раз. Я спытаў спадара Ўліцёнка, ці азначаюць сёньняшнія захады Дзяржкамдруку, што ён фактычна стаў на бок прадпрымальніка Атрошчанкі.

(Уліцёнак: ) "Паводле лёгікі Дзяржкамдруку, так яно й ёсьць. Усё астатняе, маўляў, павінна вырашацца ў судовых інстанцыях. Але судовая працэдура можа быць як вельмі хуткай, так і можа расьцягнуцца на няпэўна доўгі час. Тут патрэбна маса сьведкаў, трэба зразумець усе нюансы. Ва ўсялякім разе, у нас усе неабходныя дакумэнты ёсьць. А вось ці ёсьць яны ў Атрошчанкі — ня ведаю. На мой погляд, іх наогул няма ў прыродзе".

(Карэспандэнт: ) "Але ўжо адназначна ў пятніцу газэта ня выйдзе?"

(Уліцёнак: ) "На вялікі жаль, гэта зроблена такім чынам, што ні мне, ні журналістам не далі магчымасьці сказаць разьвітальнае слова, пазбавілі магчымасьці выказаць сваю пазыцыю. За ўсім гэтым я бачу толькі тое, што гэта палітычны заказ, палітычная гульня, палітычная рэжысура".

Нагадаю, што днямі адзін з заснавальнікаў выданьня Сяргей Атрошчанка наведаў рэдакцыю ды прапанаваў кіраўніцтву на старонках газэты абвесьціць пра... палітычнае банкруцтва. Паводле Атрошчанкі, газэта адышла ад цэнтрысцкіх поглядаў і пераўтварылася ў рупар апазыцыі.

Плян "пакаяньня" прапаноўваўся наступны: калектыў прызнае палітычны "геній" Аляксандра Лукашэнкі, усьведамляе неабходнасьць інтэграцыі ў Расею (а надалей і ў адноўлены Савецкі Саюз), разумее неабходнасьць разьмяшчэньня ў Беларусі ядзернай зброі і г.д. у аналягічнай танальнасьці. Толькі ў такім выпадку Атрошчанка згаджаўся на далейшае супрацоўніцтва з калектывам.

Дарэчы, усе журналісты павінны былі адмовіцца ад удзелу ў любых палітычных праектах, бо Атрошчанка меўся арыентавацца на "хатняе чытаньне" і давесьці наклад апалітычнага выданьня да 200-400 тысяч асобнікаў. Вось як камэнтуе гэтыя захады палітычны аглядальнік газэты Аляксандар Коктыш:

(Коктыш: ) "Нядаўна была размова Атрошчанкі з рэдактарам, на якой таксама прысутнічаў і я. Тады Атрошчанка сказаў: хіба можа прэсавы сакратар Лявонава працаваць у газэце "Свободные новости"? Наколькі я ведаю, Уліцёнку прапаноўвалася ў першую чаргу звольніць менавіта мяне.

Дарэчы, Атрошчанка ўвесь час трымаўся няхай цэнтрысцкіх, але дэмакратычных поглядаў. Па сутнасьці, ён трымаецца іх і цяпер. Але калі пэўныя інтарэсы становяцца вышэйшыя за асабістыя погляды, то адны людзі сваіх поглядаў не мяняюць, а другія, як бачна, спрабуюць імі гандляваць".

(Карэспандэнт: ) "Такім чынам, вы падзяляеце меркаваньне рэдактара пра палітзаказ?"

(Коктыш: ) "Абсалютна. Увесь гэты выбух вельмі дбайна сплянаваны. Акцыя эканамічнага ўдушэньня зь юрыдычнага гледзішча таксама бездакорная й мэтанакіраваная".

Апроч кіраўніцтва выданьня, фактычна бяз працы засталіся амаль два дзясяткі журналістаў ды супрацоўнікаў тэхнічных службаў. І пакуль што настрой у "Свабодных новостях" сугучны з колішняй сытуацыяй на расейскім канале НТВ. Гаворыць малады журналіст Дзяніс Шаравар:

(Шаравар: ) "Я не магу адказваць за ўсіх, але што тычыцца асабіста мяне — я працаваць разам з Атрошчанкам ня буду ні пры якіх умовах. Якія б грошы ён ні прапаноўваў".

(Карэспандэнт: ) "Нейкія прапановы наогул былі?"

(Шаравар: ) "Не, прапановаў не было і, на маё меркаваньне, ня будзе".

Ужо цягам гэтага тыдня Аляксандар Уліцёнак мае намер зьвярнуцца ў суд, каб абскардзіць беспадстаўнае адхіленьне ад пасады рэдактара. Тое ж, на ягоную думку, павінны зрабіць і ягоныя намесьнікі. Уліцёнак таксама мае намер высьветліць, хто канкрэтна тузае за ніткі ў гэтай марыянэтачнай гульні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG