Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БЕРАСЬЦІ ЦКУЮЦЬ КІРАЎНІКОЎ, НА ЎЧАСТКАХ ЯКІХ ГАНЧАРЫК АТРЫМАЎ БОЛЕЙ ГАЛАСОЎ, ЧЫМ ЛУКАШЭНКА


Алег Супрунюк, Берасьце

На двух выбарчых участках Маскоўскага раёну Берасьця Ўладзiмер Ганчарык атрымаў больш галасоў, чым Аляксандар Лукашэнка. Так, на ўчастку №51, што разьмешчаны ў iнтэрнаце дзяржаўнага тэхнiчнага ўнiвэрсытэту, адзiнаму кандыдату ад шырокай грамадзянскай каалiцыi аддалi перавагу 46,5% выбарцаў, а першаму прэзыдэнту — 35,7%. Ганчарык перамог Лукашэнку i на ўчастку №63 у iнтэрнаце берасьцейскага заводу "Цьветатрон": тут за яго прагаласавала больш за 45% выбарцаў, за Лукашэнку — каля 42%.

Вынiкi выбараў на гэтых участках мясцовая вэртыкаль не пакiнула без увагi. На адмысловую нараду ў аблвыканкам выклiкалі кiраўнiкоў прадпрыемстваў i ўстановаў, якiя павiны былi кантраляваць хаду галасаваньня i забясьпечыць перамогу Аляксандра Лукашэнкi.

Адным зь вiнаватых прызналі намесьнiка дырэктара заводу "Цьветатрон" па выхаваўчай працы Мiкалая Карэцкага. Па зьвестках з дасьведчаных крынiцаў, пасьля гэтай нарады спадару Карэцкаму прыйшлося зьвярнуцца па мэдычную дапамогу.

Тым часам незалежныя назiральнiкi атрымлiваюць зараз адказы на свае звароты ў пракуратуру, што тычацца парушэньняў выбарчага заканадаўства.

Так, назiральнiкi паведамлялi пра тое, што напярэдаднi 9 верасьня ў паштовых скрынках берасьцейскiх выбарцаў зьявiлася шмат друкаванай прадукцыi ў падтрымку Аляксандра Лукашэнкi. Гэтыя друкаваныя вырабы ня мелi выходных зьвестак.

З адказу пракуратуры вынiкае, што немагчыма знайсьцi асобаў, якiя распаўсюджвалi такую прадукцыю. Мiж тым, добра вядома, што разьнесьцi яе па паштовых скрынках было загадана супрацоўнiкам берасьцейскай пошты. Старшыня абласнога аддзяленьня праваабарончага цэнтру "Вясна" Ўладзiмер Вялiчкiн гаворыць, што не спадзяваўся на iншы адказ з пракуратуры, якая зрабiла ўсё, каб не перашкаджаць фальшаваньню вынікаў выбараў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG