Адказваючы на пытаньне карэспандэнта Радыё Свабода пра тое, як зьмянілася праца мытнікаў пасьля тэрарыстычнага нападу на ЗША, Вікенці Макарэвіч распавёў:
(Макарэвіч: ) "Што да мытні, то, вядома, рэжым узмацнілі. Найперш гэта робіцца, каб перашкодзіць увозу на тэрыторыю Рэспублікі Беларусі выбуховых рэчываў і зброі. Шырокамаштабныя вайсковыя дзеяньні... Дай Бог, каб іх не было і каб яны не закранулі нашу краіну".
Кіраўнік мытнага камітэту паведаміў, што сёлета мытнікі прадухілілі больш як 11 тысяч злачынстваў, канфіскавалі тавараў і транспарту на 27 мільярдаў беларускіх рублёў. Штопраўда, ён прызнае, што затрыманае на межах — толькі 70% ад усёй кантрабанды, якая ідзе ў краіну. Журналісты спыталіся ў спадара Макарэвіча, якім чынам рэгулюецца рух тавараў празь беларуска-расейскую мяжу.
(Макарэвіч: ) "Што да Расеі, то, вядома, завоз бескантрольны. Там няма ніякага кантролю. Я думаю, што гэта наша бяда і праблема. Неяк гэта павінна рашацца. Але гэта пытаньне не да мытнага камітэту. Мы ня можам проста выйсьці на мяжу".
Як вядома, неўзабаве Расея ўводзіць новыя, падвышаныя пошліны на замежныя аўтамабілі, якія старэйшыя за 7 гадоў. Ці будзе тое самае рабіць Беларусь? Вікенці Макарэвіч адказвае:
(Макарэвіч: ) "Такога даручэньня ўраду мы на сёньня ня маем. Увогуле, стаўкі пошлінаў — гэта кампэтэнцыя Міністэрства замежных справаў. Але калі вам цікавы мой погляд, расейцы вырабляюць свае аўтамабілі, і ім ёсьць што бараніць. А ў нас цяперашнія стаўкі і так добрыя.
А што да абмежаваньняў у 7 год, зразумела, дрэнна калі сюды ўвозяць старыя машыны, мэталалом, будзем так казаць. Дзесьці на Захадзе даражэй каштуе іх утылізаваць, чым прадаць сюды. Вядома, такія абмежаваньні трэба ўводзіць. Але, паўтаруся, на сёньня такіх даручэньняў у нас няма", — паведаміў старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэту Вікенці Макарэвіч.