Паводле ягоных словаў, Аляксандар Лукашэнка “скраў” сваю перамогу. Сп-р Фляйшар сказаў: “Аляксандар Лукашэнка, апошні дыктатар Эўропы, скраў у беларускага народу ня толькі вынікі выбараў, але і магчымасьць вярнуцца на шлях дэмакратыі і рынкавай эканомікі”.
“Вельмі шкада, што гэтая магчымасьць была страчаная, гэта сумны момант для сьмелых людзей, якія пакутуюць у атмасфэры страху”, – лічыць прадстаўнік прэзыдэнта ЗША. Ён назваў афіцыйныя вынікі выбараў “істотна сфальшаванымі”. Паводле словаў Ары Фляйшара Прэзыдэнт Буш упэўнены, што Беларусь і яе народ могуць стаць часткаю адзінай, свабоднай і міралюбнай Эўропы.
На жаль, моцна сфальшаваныя вынікі выбараў падарвалі шанцы на тое, што Беларусь будзе мець магчымасьць стаць такой часткаю Эўропы ў бліжэйшай будучыні.
Прадстаўнік Белага дому падкрэсьліў, што амэрыканскі ўрад падзяляе высновы назіральнікаў ад АБСЭ, якія лічаць, што вынікі выбараў былі скажоныя атмасфэраю страху, паклёпніцкаю кампаніяй супраць лідэраў апазыцыі і тэндэнцыйнасьцю дзяржаўных мэдыяў.
Ары Фляйшар заявіў, што ЗША разам са сваімі эўрапейскімі саюзьнікамі будуць выкарыстоўваць замежную дапамогу і міжнародныя арганізацыі, каб спрыяць усталяваньню ў Беларусі дэмакратыі, павагі да правоў чалавека і вяршэнства закону.
“Мы прапануем нашае сяброўства і падтрымку беларускаму народу. Мы спадзяемся, што ён хутка далучыцца да іншых свабодных краінаў адзінай дэмакратычнай Эўропы, якая ўзьнікае на нашых вачох” – сказаў прэсавы сакратар прэзыдэнта ЗША Ары Фляйшар.