Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРЭЗЫДЭНТ БУШ: СВАБОДА БУДЗЕ АБАРОНЕНАЯ ЛЮБЫМ КОШТАМ


Сяргей Шупа, Прага

Прэзыдэнт Джордж Буш выклікаў ва ўяўленьні карцінкі правасудзьдзя часоў асваеньня Дзікага Захаду, калі заявіў, што хоча мець «жывым або мёртвым» падазраванага арганізатара тэрарыстычных нападаў мінулага тыдня.

Дзяржаўны сакратар ЗША Колін Паўэл сказаў, што ў справе нападаў «усе дарогі» вядуць да Усамы бін Ладэна і яго ценевай тэрарыстычнай сеткі.

Выступаючы ў панядзелак перад журналістамі, Буш гаварыў пра грандыёзнае расьсьледаваньне, што вядзецца амэрыканскімі праваахоўнымі ворганамі ў справе нападаў, і пра захады, што цяпер ужываюцца для прадухіленьня будучых нападаў.

(Буш: ) «Усама бін Ладэн – галоўны падазраваны, а людзі, што даюць яму прытулак, падахвочваюць яго, забясьпечваюць ежай, выгодамі або грашмі – канкрэтна намі папярэджаныя».

Мяркуецца, што бін Ладэн хаваецца ў Афганістане, краіне разьдзіранай дваццацігодзьдзем вайны і цяпер пераважна кантраляванай ісьлямскімі фундамэнталістамі з руху Талібан. Савудаўскаму міліянэру-экстрэмісту ўжо выстаўленыя абвінавачаньні ў Злучаных Штатах за ранейшыя тэрарыстычныя акты. Джордж Буш кажа далей:

(Буш: ) «Я патрабую правасудзьдзя. На старым Дзікім Захадзе быў такі плякат. Я цяпер памятаю, там было напісана: Шукаецца, жывы або мёртвы».

Амэрыканскі Дзікі Захад у эпоху асваеньня ў ХІХ стагодзьдзі быў пераважна няразьвіты і часта беззаконны. Тамтэйшае правасудзьдзе ў тыя часы – калі Амэрыка змагалася зь людзьмі, што былі па-за законам – было хуткае, рашучае і эфэктыўнае.

Буш заявіў, што Злучаныя Штаты выйграюць вайну зь міжнародным тэрарызмам, аднак дадаў, што гэтая вайна запатрабуе шмат сродкаў. Ён выказаў упэўненасьць, што збройныя сілы гатовыя «бараніць свабоду любым коштам».

Міністэрства Абароны Злучаных Штатаў рыхтавала позвы на службу 35 тысячам рэзэрвістаў. Злучаныя Штаты працягвалі кансультацыі з рознымі краінамі Азіі і сьвету, у тым ліку з Пакістанам, які непасрэдна мяжуе з Афганістанам.

Буш сказаў, што такая мабілізацыя выглядае моцным сымбалем рашучасьці Амэрыкі.

(Буш: ) «Яны будуць выконваць шэраг важных роляў. Яны будуць дапамагаць падтрымваць сыстэму супрацьпаветранай абароны, каб яна была ў стане павышанай гатовасьці. Яны будуць правяраць грузы на лётнішчах. Яны будуць дапамагаць вайскоўцам у матэрыяльна-тэхнічных апэрацыях. Яны будуць служыць у вайсковай паліцыі. Яны будуць удзельнічаць у інжынэрных праектах. Яны будуць дапамагаць зьбіраць выведную інфармацыю, а таксама будуць служыць капэлянамі».

Генэральны пракурор Злучаных Штатаў Джон Эшкрафт паведаміў, што памагатыя тэрарыстаў, што захапілі пасажырскія самалёты, дагэтуль могуць заставацца на тэрыторыі ЗША. Фэдэральнае Бюро Расьсьледаваньняў у рамках сьледзтва ўжо затрымала 49 чалавек.

Кангрэс Злучаных Штатаў прыдзяліў 40 мільёнаў даляраў на фінансаваньне адбудоўчых працаў і на тое, што прэзыдэнт Буш назваў першай вайной ХХІ стагодзьдзя. Джордж Буш сказаў:

(Буш: ) «Наша місія – ня толькі Усама бін Ладэн і ягоная арганзіацыя «Аль-Кайда». Наша місія – адолець тэрарызм і аб’яднацца зь міралюбнымі людзьмі. Мы склікаем коаліцыю, значыць, коаліцыю, мэта якой – абвясьціць сьвету: мы зробім усё, што спатрэбіцца, каб знайсьці тэрарыстаў, выцягнуць іх на сьвятло і прыцягнуць да адказнасьці».

«Аль-Кайда» - раскіданая па ўсім сьвеце сетка радыкальных мусульманаў, злучаных супольнай нянавісьцю да Злучаных Штатаў, Ізраілю і памяркоўных мусульманскіх краінаў.

Выступаючы ў панядзелак перад журналістамі, дзяржаўны сакратар Паўэл заклікаў талібаў выдаць бін Ладэна.

(Паўэл: ) «З кожнай гадзінай, з кожным днём становіцца ўсё больш ясна, што галоўны падазраваны – гэта арганізацыя «Аль-Кайда», як і адзначыў прэзыдэнт, і ўсе дарогі вядуць да лідэра гэтай арганізацыі Усамы бін Ладэна і да месца ягонага сховішча – Афганістану», - сказаў дзяржаўны сакратар Злучаных Штатаў.

Колін Паўэл заявіў, што Злучаныя Штаты робяць усё, каб сябе абараніць. Паўэл заклікаў амэрыканцаў у краіне і за яе межамі быць пільнымі і гатовымі да любых небясьпекаў, якія ўсё яшчэ пагражаюць Злучаным Штатам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG