Мінуў тыдзень з дня трагедыі ў ЗША. Пасьля першага шоку многіх людзей, што сёньня прыйшлі да амэрыканскай амбасады, хвалююць наступствы тэрарыстычных актаў. Ці выдадуць талібы бін Ладэна? Ці пачнуць Злучаныя Штаты Амэрыкі бамбаваць Аўганістан? Увогуле, сёньня каля амэрыканскай амбасады слова "вайна" гучала часьцей за ўсё.
(Спадар: ) "Я думаю, што палітыкі дагуляліся. Трэба было даўно нешта рабіць з гэтым... Неўзабаве вайна. Каб тэрарыстаў пакараць — так, але каб народ не пакутаваў, бо бязьвінныя ўсе. Бедныя людзі. Па тэлебачаньні мы бачым, як яны жывуць. Каменны век".
Асабліва ўсхваляваныя людзі сталага веку — у большасьці яны катэгарычна не прымаюць самой ідэі бамбаваньня Аўганістану. Гаворыць пэнсіянэрка спадарыня Ірына:
(Ірына: ) "Так, таксама выказваю свае спачуваньні, але вайны не хачу. Вядома, лепш было б, калі б іх адшукалі й выдалі, як цяпер просіць Пакістан".
Зь ёй згодная і спадарыня Ніна:
(Ніна: ) "Калі ня выдадуць і амэрыканцы пачнуць рабіць тое, што яны абяцалі, то гэта жудасна. Калі пачнуць бамбаваць так, як бамбавалі ў Югаславіі, то, можа быць, зьнішчаць сховішча тэрарыстаў, але вельмі многа загіне людзей".
Але былі й людзі, якія віталі пляны амэрыканскіх уладаў у справе зьнішчэньня тэрарыстаў.
(Спадарыня: ) "Амэрыканцы павінны нешта зрабіць, каб не дазволіць невядомым людзям зьнішчаць тысячы жыцьцяў, не гаворачы аб матэрыяльных каштоўнасьцях".
Сёньня каля амэрыканскай амбасады ізноў гарэлі сьвечкі. Нэлі Бураўская прынесла да амбасады кветкі. Ейная дачка цяпер жыве ў ЗША, і спадарыня Нэлі вельмі хвалюецца за яе.
(Бураўская: ) "Я спадзяюся, што Амэрыка здолее перамагчы тэрарызм, здолее абараніць сваю дэмакратыю. Нью-Ёрк — такі цудоўны горад, мікст усіх нацыяў, яны ўсе маглі жыць мірна, паважаючы адзін аднаго й рэлігіі ўсіх людзей".
Да амэрыканскай амбасады сёньня прыйшоў і выканаўчы дырэктар праекту ў справе захаваньня габрэйскай спадчыны ва Ўсходняй Эўропе Франклін Шварц, які таксама зьяўляецца грамадзянінам Амэрыкі. Ён быў вельмі ўражаны тым, зь якім спачуваньнем беларускія людзі паставіліся да амэрыканскай трагедыі.
(Шварц: ) "Гэтая краіна й гэтыя людзі настолькі ўнікальна разьмешчаныя, што разумеюць значэньне тэрарызму ў сваёй краіне. Страты гэткага маштабу адбываліся тут штодня ў часе Вялікай Айчыннай вайны, і ўсіх гэта закранала. Я мяркую, гэта й ёсьць тлумачэньне таго, чаму тут так усеагульна спачуваюць".
Што да пачуцьцяў, то асабіста мяне сёньня вельмі ўразіў расповед Любові Трубеевай пра малюнак, які зрабіла пасьля трагедыі ў Амэрыцы ейная ўнучка.
(Трубеева: ) "Будынак падае. Бягуць людзі. Маці зь дзіцём на жывоціку, на грудзях, сонца плача. Людзі, спыніцеся! Ратуйце мір, ратуйце плянэту Зямля! Хацелася б, каб не было вайны..."