Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РАСЕЙСКІ ДРУК: БЕЛАРУСЬ ЛУКАШЭНКІ - ЗАНАДТА ДАРАГІ СЯБРА


Вячаслаў Ракіцкі, Прага

Артыкулам “Каму кашмар, каму піяр” аўтарка “Московского комсомольца” Кацярына Віян пацьвярджае, што пасьля выбараў у Беларусі “нічога не зьмянілася”. “Аляксандар Лукашэнка, які прывык раскрываць змовы ЦРУ і вылоўліваць шпіёнаў ва ўласнай краіне, вырашыў ня здраджваць сабе і ў дні, калі ўвесь сьвет анямеў ад наступстваў самага жахлівага за ўсю гісторыю чалавецтва тэракту”, - так ацаніла журналістка ўчынак Лукашэнкі, які не наведаў амэрыканскую амбасаду, каб выказаць спачуваньне народу ЗША.

“У Беларусі ўвогуле вырашылі ня ладзіць афіцыйных жалобных мерапрыемстваў у сувязі з тэрактамі ў ЗША. - працягвае “Московский комсомолец”. – Больш за тое, тут сьпявалі, скакалі і весяліліся, як маглі, з нагоды дзён культуры Яраслаўскай вобласьці. На фоне амэрыканскіх падзеяў, калі рушыліся стопавярховыя дамы, а людзі выскоквалі з пылаючага хмарачосу, і разьбіваліся ў праснок, беларуская рэакцыя выглядала прынамсі неадэкватна і цынічна. Але, да гонару сказаць, простыя беларусы выявіліся больш чалавечнымі за свайго лідэра і, сабраўшыся ў Менску на пляцы ля праваслаўнага храму, са сьвечкамі ў рукох наладзілі гадзіну жалобы”, - чытаем у газэце “Московский комсомолец”.

“Независимая газета” зьвярнула ўвагу, што “Лукашэнка, не чакаючы афіцыйнага абвешчаньня вынікаў галасаваньня на прэзыдэнцкіх выбарах, імкнецца як мага хутчэй зацьвердзіцца на вышэйшай пасадзе ў краіне і паказаць, хто менавіта ў хаце гаспадар.” Газэта зьвяртае ўвагу, што “звычайна ўсе прэзыдэнты цягам месяцу пасьля выбараў прыносяць прысягу і афіцыйна ўступаюць на пасаду. Цяперашні кіраўнік беларускай дзяржавы, аднак, не жадае рабіць так, як усе. Ён перамог на выбарах, як сам выказаўся, прыгожа і элегантна, але тым ня менш Аляксандар Рыгоравіч сьпяшаецца… Пачынаюцца кадравыя чысткі…”

Аўтар “Независимой газеты”, прааналізаваўшы замены супрацоўнікаў прэзыдэнцкай адміністрацыі “як пачатак вялікай кадравай чысткі”, робіць выснову, што “недахоп аднадумцаў можа прывесьці да звычайнай ператусоўкі знаёмай кадравай калоды”.

Аналізуючы вынікі прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, аглядальнік расейскай газэты “Экспэрт” Андрэй Багдановіч у артыкуле “Самаадданы выбар: акрамя бацькі іншых прэзыдэнтаў у Беларусі няма” таксама вылучае словы Лукашэнкі “прыгожа і элегантна”. Паставіўшы пасьля іх пытальнік, затым аўтар падае шэраг фактаў, якія перакрэсьліваюць гэтыя эпітэты.

“Асноўнай праблемай беларускай апазыцыі” аглядальнік газэты “Экспэрт” лічыць “адсутнасьць моцнага лідэра.” На ягоную думку, Лукашэнка стаў “бацькам нацыянальнага маштабу”, бо “ён – асоба харызматычная, у яго ёсьць усе якасьці, якія беларускі мэнталітэт залічвае ў плюсы: прамата, цьвёрдасьць, імкненьне да ўсеагульнага кантролю, кансэрватыўнасьць і супраціўленьне інавацыям. Гнуткасьць, неканфліктнасьць, дыпляматычнасьць і адукаванасьць у гэты малюнак зусім ня ўпісваюцца. Таму Ганчарык ня мог супрацьстаяць папулісту Лукашэнку, які на поўную моц задзейнічаў свой адміністрацыйны рэсурс.”

Газэта “Экспэрт” адну з прычынаў перамогі Лукашэнкі бачыць і ў, як яна піша, “станоўча-нэўтральнай пазыцыі расейскіх уладаў”. Але, Беларусь Лукашэнкі – “вельмі дарагі сябра”, бо “каб падтрымліваць сацыялістычны запаведнік на плыву, Расея ўскосна губляе, паводле некаторых ацэнак, каля 2 мільярдаў даляраў у год… У доўгатэрміновай пэрспэктыве Лукашэнка можа стацца для Масквы сур”ёзным “галаўнам болем”.

“Таму, на думку аглядальніка газэты “Экспэрт”, у будучым Расея можа пайсьці на дапамогу апазыцыйным сілам. Занадта доўга падтрымліваючы аўтарытарную ўладу Лукашэнкі, Крэмаль рызыкуе выклікаць рост антырасейскіх настрояў у Беларусі і адназначную арыентацыю апазыцыйных сілаў на Захад, які ўжо абяцае павялічыць фінансаваньне апазыцыі. А гэта ўжо дакладна не адпавядае нацыянальным інтарэсам Расеі. Крамлю больш выгодна мець у Менску прадказальнах партнэраў, якія адданыя каштоўнасьцям дэмакратыі і рынкавых рэформаў і ў якіх добрыя адносіны як з Захадам, так і з Расеяй." Прыходзіць да высновы расейская газэта “Экспэрт”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG