Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА КАНФЭРЭНЦЫІ АБСЭ ПА ЧАЛАВЕЧЫМ ВЫМЯРЭНЬНІ Ў ВАРШАВЕ СЁНЬНЯ ГАВАРЫЛІ ПРА БЕЛАРУСЬ


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Канфэрэнцыя, арганізаваная офісам БДІПЧ, – ёсьць найвялікшым паваабарончым форумам у Эўропе. Ужо ў першы дзень працы канфэрэнцыі гаворка на ёй ішла пра выбары ў Беларусі.

Праца канфэрэнцыі пачалася хвілінай маўчаньня. Прысутныя ўшанавалі памяць ахвяраў тэрарыстычных нападаў у ЗША. Далей кожны выступ прадстаўнікоў розных краінаў пачынаўся спачуваньнем амэрыканскаму народу, і амаль усе прамоўцы прапаноўвалі канкрэтныя захады, якія АБСЭ можа зьдзейсьніць у справе сумеснага змаганьня з тэрарызмам.

На пачатку працы канфэрэнцыі па выступе намесьніка міністра замежных справаў Польшчы Стэфана Мільлера мусіў прамаўляць старшыня АБСЭ, міністар замежных справаў Румыніі Мірча Джаану, аднак, як нам паведамілі арганізатары канфэрэнцыі, з-за тэхнічных праблемаў з самалётам ён мусіў вярнуцца ў Бухарэст.

У дакладзе спадара Джаану, які агучылі прадстаўнікі румынскай дэлегацыі, гаворыцца пра асноўныя дасягненьні і праблемы, якія дагэтуль ня вырашаныя ў краінах-удзельніцах АБСЭ. Сярод асноўных праблемаў – гандаль людзьмі, эканамічная няроўнасьць, правы мяншыняў і забесьпячэньне свабодных і справядлівых выбараў. Адметна, што спадар Джаану адзначыў прагрэс, якога дасягнулі ў справе забесьпячэньня свабодных і дэмакратычных выбараў Альбанія і Босьнія-Герцагаваіна, а ў Беларусі (цытата) “…такога прагрэсу не было. Міжнародныя назіральнікі пастанавілі, што выбарчы працэс у Беларусі не адпавядаў стандартам АБСЭ. Выбары павінныя былі прасунуць Беларусь да эўрапейскай дэмакратыі, аднак гэтага не адбылося”. Спадар Джаану адзначыў, што АБСЭ, аднак, не зьбіраецца ставіць крыж на беларускай дэмакратыі, бо ізаляцыя краіны не адпавядае інтарэсам жыхароў Беларусі і ня зможа прысьпешыць працэсы дэмакратызацыі. АБСЭ будзе надалей працягваць кантакты з грамадзкай супольнасьцю.

У часе іншых выступаў Беларусь таксама згадвалася сярод краінаў, дзе насельніцтва працягвае бяднець. У першай палове дня сярод іншых выступілі таксам прадстаўнікі ЗША, Рады Эўропы і Эўразьвязу. Па абедзе распачалося абмеркаваньне выбарчых працэсаў у краінах-удзельніцах АБСЭ. Выступілі прадстаўнікі Альбаніі, Украіны, Кыргізстану і іншых краінаў, дзе напярэдадні адбыліся ці хутка адбудуцца выбары.

Прадстаўнікі афіцыйнай дэлегацыі Беларусі пакуль не прамаўлялі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG