Роля Інтэрнэту ў верасьнёўскіх падзеях у ЗША ад першых хвілінаў атакі да сёньняшняга дня пацьвярджае, што гэта - самы магутны сродак камунікацыі. Сеціва кампэнсавала разбураную тэлефонную сувязь – празь яго праходзілі тысячы паведамленьняў “I am OK” – “Я – ў парадку”.
Цяпер у амэрыканскім сэктары Інтэрнэту зьявіліся шматлікія электронныя лісты, якія заклікаюць амэрыканскі народ аб’яднацца пасьля тэрактаў. Выкарыстоўваючы тэхналёгіі масавай рассылкі – “спам”, амэрыканцы дамаўляюцца, калі запаліць у кожным доме сьвечку, калі вывесіць у акне нацыянальны сьцяг.
Беларускія карыстальнікі Інтэрнэту аддавалі перавагу Сеціва ў атрыманьні апошніх зьвестак пра трагедыю. Распавядае вэб-майстар Дранік А, аўтар інтэрнэтнага рэсурсу “Дранікі”:
(Дранік А.: ) “Калі гэта ўсё адбылося, я атрымаў інфармацыю ад майго ангельскага сябра. У гэты час было немагчыма “дагрукацца” да ніводнага ньюс-сэрвэра самых магутных – СNN, напрыклад. Ён зрабіў вось што: скіраваў сваю вэб-камэру на тэлевізар, і я глядзеў на тое, што адбываецца, празь Інтэрнэт – ягоны СNN. Я быў ня ў хаце, у мяне не было тэлевізара. І, наколькі я ведаю, вось такіх прыкладаў, калі Інтэрнэт як зьява даў магчымасьць народу дакладна і апэратыўна атрымаць інфармацыю, але яшчэ і кантактаваць паміж сабой. Таксама вельмі цікава назіраць тое, што Інтэрнэт даваў больш дакладную інфармацыю, больш апэратыўную, менш эмацыйную. Гэта было вельмі-вельмі важна таксама”.
(Караткевіч: ) “Вы аддавалі перавагу Інтэрнэту, а не тэлеканалам ці радыё?”
(Дранік А.: ) “Так. Калі я прыйшоў дадому і ўключыў тэлевізар, адразу пайшоў у Сетку, я там глядзеў інфармацыйныя каналы, таму што там паведамленьні зьяўляліся больш апэратыўна, было менш паўтораў”.
У мэтах больш эфэктыўнага пошуку інфармацыі пра тэракты ў Амэрыцы Фэдэральнае бюро расьсьледаваньняў адкрыла адмысловую старонку для збору інфармацыі пра падзеі 11 верасьня – www.ifccfbi.gov .
Па каналах СNN было абвешчана, што ФБР па выніках праверкі асобных чатаў зьвярнула ўвагу на шэраг электронных адрасоў, гаспадары якіх выклікалі пэўныя падазрэньні. Адрозна ад цалкам кампутарызаваных сілавых ведамстваў Эўропы ды Амэрыкі, беларускія Сеціва не выкарыстоўваюць. Распавядае Ігар Карней.
(Карней: ) “Спроба высьветліць, якое зь беларускіх ведамстваў мае сваю Інтэрнэт-старонку, была бясплённай: толькі Міністэрства замежных справаў (www.mfa.gov.by), якое даволі далёкае ад прафіляктычных ды апэратыўных мерапрыемстваў, зьвязаных з нэўтралізацыяй тэрарыстычных замахаў, мае сайт зь пераважна азнаямленчай інфармацыяй.
Паказальна, што ў апошнім абнаўленьні за 12 верасьня пра тэрор у Амэрыцы ўзгадваецца літаральна некалькімі словамі. Ды й тое ў кантэксьце, што ніхто з супрацоўнікаў беларускага дыпляматычнага корпусу пры гэтым не пацярпеў. Да таго ж мне паведамілі, што старонка ня мае нават сталага рэдактара, а робіцца амаль што выпадковымі людзьмі. Ці варта пасьля гэтага зьдзіўляцца, што КГБ, Рада Бясьпекі, Міністэрства ўнутраных справаў, Міністэрства абароны ды шматлікія службы бясьпекі кіраўніка краіны тым болей ня лічаць, што павінны афішаваць сваю дзейнасьць у бесцэнзурнай прасторы.
Нават на афіцыйным сайце Аляксандра Лукашэнкі (www.president.gov.by) ня ўзгадваецца пра амэрыканскую трагедыю. Тут ёсьць зьвесткі пра тое, што Лукашэнку з абраньнем павіншавалі Мубарак, Ніязаў ды эмір Катару, але няма ніводнага слова спачуваньня пацярпелым ад тэракта.
У прэсавым цэнтры КГБ лічаць, што Інтэрнэту ніяк не належыць галоўная роля ў інфармаванасьці грамадзянаў краіны, а таму ў структуры Камітэту дзяржаўнай бясьпекі доступу да Інтэрнэту няма наагул. Міністэрства абароны ў сэнсе стасункаў разьлічвае на фэльд'егерскую (фактычна, кур'ерскую) службу: адзін з супрацоўнікаў сказаў, што спадзявацца на захаваньне таямніцы ў віртуальным асяродзьдзі ў Беларусі не выпадае. У Міністэрстве ўнутраных справаў сьцьвярджаюць, што ў працэсе працы дастаткова апэратыўных матэрыялаў, а для задавальненьня асабістага інтарэсу досыць штодзённых тэлетрансьляцыяў.
Больш за тое: толькі адзінкі супрацоўнікаў некаторых раней згаданых дзяржаўных ворганаў маюць магчымасьць выхаду ў Інтэрнэт наагул. У рэспубліканскай пракуратуры кожнае наведваньне сеціва павінна суправаджацца адмысловай справаздачай: зь якой мэтай, на які час і якія сайты наведваў той ці іншы супрацоўнік.
Ва Ўпраўленьні ўнутраных справаў Менгарвыканкаму для наведнікаў існуе адмысловы "часопіс рэгістрацыі": тут гэтаксама ліміт на карыстаньне. Рэгіянальныя падразьдзяленьні — раённыя ўпраўленьні ўнутраных справаў, пракуратуры, аддзяленьні КГБ і г.д. — у бальшыні ня толькі ня мараць пра Інтэрнэт, але й ўвогуле ня маюць кампутарнай тэхнікі.
Паказальна, што нават навучальныя ўстановы, якія рыхтуюць кадравых супрацоўнікаў (у прыватнасьці, Акадэмія міліцыі) ня маюць выдзеленай лініі пад Інтэрнэт. Адзін з курсантаў Акадэміі, які, каб атрымаць ці адправіць электроннае пасланьне, наведвае Інтэрнэт-кавярню, тлумачыць сытуацыю так: цяперашняе пакаленьне кіраўнікоў сілавых ведамстваў мае сапраўдны комплекс страху перад сучаснай тэхнікай. А таму такім людзям ніякая кампутарызацыя не патрэбная.
На гэтым фоне ўзорам ёсьць Інтэрнэт-старонка расейскай Фэдэральнай службы бясьпекі (www.fsb.ru). Тут ня толькі поўны аналіз падзеяў у Нью-Ёрку й Вашынгтоне, але й парады на выпадак тэарэтычна магчымага прэцэдэнту ў Расеі. Праўдападобна, што інтэграцыі ў віртуальнай прасторы блізкім часам ня будзе”.
Прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі ўпершыню маштабна асьвятляліся ў Сеціве. Свае сайты стварылі прэтэндэнты на пасаду прэзыдэнта ў Беларусі, сродкі масавай інфармацыі адкрылі адмысловыя старонкі, прысьвечаныя выбарам. Зараз гэтыя матэрыялі архівуюцца, а рэдактары сайтаў падводзяць вынікі працы. Тое, як беларускі Інтэрнэт “адпрацаваў” выбары, ацэньвае рэдактар сайту інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Аляксей Знаткевіч:
(Знаткевіч: ) “Ёсьць такая тэндэнцыя ў нас у Інтэрнэце, што найбольш актыўна тут працуюць тыя ж мэдыі – газэты, якія маюць свае вэб-сайты, радыёстанцыі – вашая старонка, старонка радыё Рацыя. У нас няма адмысловых Інтэрнэт-выданьняў, як у Расеі ці на Захадзе”.
(Караткевіч: ) “Ці можна гаварыць, што Інтэрнэт можа ўплываць на вынікі выбараў, на хаду галасаваньня, на актыўнасьць грамадзтва?”
(Знаткевіч: ) “Не, я так не лічу. Гэта больш зарыентавана на невялікі адсотак людзей, каля аднаго, як гавораць пра карыстальінкаў у Беларусі. Гэта людзі з больш высокай адукацыяй, з больш высокімі даходамі. Пакуль што Інтэрнэт не зрабіўся сілай у Беларусі”.
(Караткевіч: ) “Тым ня менш вось на сайце “Дзед Талаш” была абвестка: “а 17-й гадзіне на Кастрычніцкай плошчы”.
(Знаткевіч: ) “Ёсьць людзі і ў Беларусі, якія маглі б прыйсьці. Рэальна, канечне, уплываць на людзей, каб яны прыйшлі на плошчу – гэта, хутчэй, ня функцыя Інтэрнэту, а ўплывовых FM-станцыяў, адзіная зь якіх была зачыненая ў 1996 годзе”.
(Караткевіч: ) “Аляксей, мы абмяркоўваем уплывовасьць Інтэрнэту, асабліва ў такія дні як выбары. Атака на беларускі Інтэрнэт у першай палове дня ў нядзелю, у дзень выбараў, калі беларускія карыстальнікі не маглі адкрыць сайты асноўных газэтаў, БелаПАН, Хартыі-97, Радыё Рацыя, Свабоды... Гэта гаворыць, што ўлады неадэкватна ацэньваюць Інтэрнэт ці баяцца любой непадцэнзурнай інфармацыі?”
(Знаткевіч: ) “Па-першае, мы не маглі не проста дайсьці да нашага чытача ў Беларусі, мы не маглі аднаўляць навіны. Гэта ўдарыла ня толькі па нашым беларускім чытачу, але і па замежным. Фактычна нашая інфармацыя была на пэўны час заблякаваная. Гэта паказала тое, што як і звычайныя мэдыі ў Беларусі, якія вельмі залежныя ад дзяржаўнай манаполіі, ад дзяржаўнай друкарні, напрыклад, так і Інтэрнэт у нас вельмі застаецца залежным ад дзяржаўнай манаполіі, мы залежым ад жаданьняў улады. З дапамогай дзяржаўнага манапаліста ўлада можа перакрыць нашыя каналы. Вельмі лёгка. Гэта – вялікая праблема як для газэтаў, так і для Інтэрнэту”.
Гэта быў рэдактар сайту інфармацыйнай кампаніі БелаПАН www.belapan.com Аляксей Знаткевіч. Нагадаю, што ў нядзелю Служба інфармацыйнай бясьпекі пры Радзе Бясьпекі адключыла зону DNS, праз якую наведнікі Інтэрнэту маюць доступ да многіх сайтаў, які ў дзень выбараў працавалі ў рэжыме рэальнага часу. Распавядае вэб-майстар газэты Наша Свабода www.svaboda.com Вольга Курловіч:
(Курловіч: ) “У нядзелю каля 13-й гадзіны я была яшчэ дома, выйшла ў Інтэрнэт і паспрабавала загрузіць сайт Нашай Свабоды і выявіла, што ён ужо не працуе. На адным маршрутызатары Белпаку была заблякаваная маршрутызацыя пакетаў на сайты Нашай Свабоды, Хартыі, БелаПАН і Белорусской деловой газэты. У сувязі з гэтым беларускія карыстальнікі Інтэрнэту не змаглі гэтыя сайты пабачыць, але за мяжой можна было іх прачытаць. Адразу мы зьвязаліся з Хартыяй, каб запытацца, што яны зьбіраюцца рабіць у гэтым пытаньні і знайшлі разам спосаб пабачыць гэтыя сайты і разаслалі па ўсіх магчымых адрэсах інфармацыю пра спосабы прагляду сайтаў праз ананімайзэры”.
(Караткевіч: ) “Як доўга аднаўлялася праца?”
(Курловіч: ) “Прыкладна гадзіну, таму што нашая тэхнічная падрыхтоўка вельмі высокая”.
Я запыталася ў Вольгі Курловіч, як часта “ламаўся” сайт “Нашай Свабоды”, якая рэгулярна на вэб-старонцы зьмяшчае кампраматныя матэрыялы. Вольга адказала, што спробы былі, але сайт паламаць не ўдалося ні разу.
Праца беларускіх вэб-майстроў у дзень выбараў, ськіраваная на аднаўленьне працы ў Сеціве ацэненая як беспрэцэдэнтная. Перамога ў кібэр-вайне – адна з ацэнак гэтай працы. Працягвае вэб-майстар Дранік А.
(Дранік А.: ) “Падняліся і скаапэраваліся ўсе тыя, хто былі он-лайн. Для таго, каб знайсьці ліст Proxy, я спытаў некалькі маіх сяброў. Адзін жыве ў Сэрбіі, адзін зараз працуе ў Японіі. Таксама вэб-майстар БДГ разаслаў шмат лістоў, каб даведацца, як бачна, прасіў, каб маніторылі гэтую бачнасьць. Колькі ён атрымаў адказаў, я, напрыклад, ня ведаю, а вось я ведаю, што са мной працавала Масква, Токіё, Бялград, Ню Ёрк, Бостан, Ерузалім і Тэль Авіў”.
(Караткевіч: ) “Беларускі Інтэрнэт у гэты дзень быў салідарны?”
(Дранік А.: ) “Так, вядома ж”.
(Караткевіч: ) “На выпадак, калі будзе вялікая інфармацыйная нагода, ці можна сказаць, што будзе папярэдняя дамова вэб-майстраў, як працаваць з улікам досьведу мінулай нядзелі?”
(Дранік А.: ) “Па-першае, была дамова і ў гэты дзень. У мяне была дамова з Хартыяй-97, што, калі здарыцца нешта падобнае, я буду працаваць на тое, каб аднаўляць ня толькі свой сайт, каб рэтрансьляваць іх навіны, але спрабаваць аднаўляць і іх сайт. Так і атрымалася. Напрыклад, з Масквы аднаўляў іх сайт Янук Латушка. Наколькі я ведаю, што БДГ таксама мела некалькі пляцдармаў у той дзень. Гэта натуральна, што будуць дамоўленасьці, якія будуць рыхтавацца”.
Гэта быў вэб-майстар Дранік А. І яшчэ крыху пра выбары ў Сеціве. Дакладней сказаць не пра выбары, а іх наступствы. Самая папулярная тэма на форумах, у чатах – эміграцыя. Інтэрнэт дыскусіі - дыскусіі без абмежаваньняў маюць сумную танальнасьць. Людзі, гаворачы пра сваё рашэньне пакінуць Беларусь, пішуць пра гэта, нібы выбачаючыся. Паказальным – форум на сайце Хартыі-97 (www.charty97.org ) “Вось усё і скончылася. Я – зьяжджаю”. Першы запіс на форуму зроблены раніцай 11-га верасьня. Подпіс – “пакуль яшчэ грамадзянін”. “Невыносна сорамна. Зьбіраю сям’ю і – ў Канаду, Расею, Чэхію – куды атрымаецца, як мага хутчэй. Яшчэ пяць такіх гадоў – і Беларусь не падымецца, ва ўсялякім выпадку пры жыцьці майго пакаленьня”. Канец цытаты. На ўсім форуме, бадай, адна крытычная заўвага – “пацукі бягуць з карабля, які тоне”. І рэмарка – пацукі – ці не самыя разумныя жывёлы”.
У мэтах больш эфэктыўнага пошуку інфармацыі пра тэракты ў Амэрыцы Фэдэральнае бюро расьсьледаваньняў адкрыла адмысловую старонку для збору інфармацыі пра падзеі 11 верасьня – www.ifccfbi.gov .
Па каналах СNN было абвешчана, што ФБР па выніках праверкі асобных чатаў зьвярнула ўвагу на шэраг электронных адрасоў, гаспадары якіх выклікалі пэўныя падазрэньні.