(Спадарыня: ) "Усе мы пакутуем, адчуваем, што загінулі бязьвінныя людзі. За што? І як гэта дазваляе іхны Алах й наш Бог? Што яны, ня могуць дамовіцца? За што людзі гінуць?"
На стале ля ўваходу ў амбасаду — кніга спачуваньняў. Людзі стаяць у чарзе, каб пакінуць свой запіс. Побач з кнігай поўна лістоў-спачуваньняў, дасланых электроннай поштай. Мянчук Аляксандар Карызна толькі што пакінуў свой запіс у кнізе.
(Карызна: ) "Я належу да дэмакратычнай супольнасьці, таму я й разглядаю гэты тэракт як замах і на маю асабістую свабоду, і на маё асабістае жыцьцё. Вось чаму я і прыйшоў, і лічу сваім абавязкам, нават грамадзянскім абавязкам, выказаць жалобу па памерлых".
Вось каля амбасады праходзяць малыя зь дзіцячага садку. Выхавацелькі спыняюць дзетак на хвіліну. 5-6-гадовыя дзяўчынкі й хлопчыкі сур'ёзна глядзяць на кветкі, на запаленыя сьвечкі, на сумных людзей. Пазьней да супрацоўнікаў амбасады падыходзіць Алена Храпавіцкая, настаўніца мастацтваў зь менскай Міжнароднай школы, у якой вучыцца многа дзяцей з розных краінаў сьвету. Алена прынесла паштоўкі, якія зрабілі ейныя вучні.
(Храпавіцкая: ) "На наступны дзень пасьля трагедыі дырэктарка школы распавяла дзецям пра тое, што адбылося. Мы далі дзецям час, каб падзяліцца сваімі пачуцьцямі, і прапанавалі ім напрыканцы дня зрабіць сваімі рукамі паштоўкі і падпісаць іх".
Стоячы ля амэрыканскай амбасады, некаторыя людзі пыталіся, чаму сюды не прыехаў выказаць свае спачуваньні Аляксандар Лукашэнка. Як стала вядома Радыё Свабода з дасьведчаных крыніцаў, блізкіх да адміністрацыі прэзыдэнта, учора Аляксандар Лукашэнка а 11-й гадзіне ўжо пад'яжджаў да амэрыканскай амбасады, але зьнянацку зьмяніў свае рашэньне ды паехаў назад. Рэч у тым, што згодна зь цяперашнімі патрабаваньнямі службы аховы амэрыканскай амбасады, здымаць у будынку амбасады забаронена. Магчыма, гэтая ўмова не прыйшлася даспадобы беларускаму кіраўніку, які хацеў, каб ягоныя спачуваньні амэрыканскаму народу паказалі па тэлебачаньні.
Але ж вернемся да падзеяў сёньняшняга дня. Вось да амэрыканскай амбасады падыходзяць прадстаўнікі грамадзкай камісіі ў справе расьсьледаваньня зьнікненьня Юр'я Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага й Зьмітра Завадзкага. Гаворыць Алег Волчак:
(Волчак: ) "Наша камісія патрабуе, каб прыцягнулі да адказнасьці асобаў, якія зьдзейсьнілі гэтую акцыю. Увогуле, я лічу, што трэба задумацца Лукашэнку — куды ён прадаваў зброю гэтыя гады? Наколькі нам вядома, шмат зброі пайшло на Блізкі Ўсход, дзе знаходзяцца міжнародныя тэрарысты".
Да амэрыканскай амбасады прыходзяць беларусы, у якіх дзеці цяпер жывуць у Амэрыцы.
(Спадарыня: ) "У мяне сын у Амэрыцы, праўда, ня ў гэтых гарадах. Гэта страшна. Сапраўды, амэрыканская трагедыя".
(Спадар: ) "Боль і нянавісьць — вось гэта я адчуваю. У мяне ў Амэрыцы дачка жыве, унучка нарадзілася там".
Сярод смуткуючых багата тых, хто вельмі ўдзячны амэрыканскім людзям за дапамогу. Як, прыкладам, прадстаўніца фонду "Дзецям Чарнобыля" Любоў Пярвушына.
(Пярвушына: ) "Дзеці з фонду прыяжджалі ў Амэрыку на аздараўленьне. Я ведаю, зь якой увагай і адказнасьцю амэрыканскія людзі ставіліся да нашых дзяцей, да нашых патрэбаў".
Калі я сёньня сыходзіла з вуліцы Старавіленскай ад амэрыканскай амбасады, то ўбачыла, як туды ідзе жанчына ў сьлязах. Яна трымала ў руках кветкі й вялікі абраз...