Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БОЛЬШАСЬЦЬ АКТЫВІСТАЎ КАМАНДЫ ЎЛАДЗІМЕРА ГАНЧАРЫКА ВЫРАШЫЛІ Й НАДАЛЕЙ ПРАЦАВАЦЬ У ШЫРОКАЙ ГРАМАДЗЯНСКАЙ КААЛІЦЫІ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Падобныя рабочыя паседжаньні ў штабе адзінага кандыдата ад шырокай грамадзянскай кааліцыі цяпер праходзяць амаль штодня. Учора Ўладзімер Ганчарык сустракаўся з актывістамі свайго цэнтральнага штабу, сёньня праходзіла паседжаньне рэгіянальных кіраўнікоў.

Пра тое, што абмяркоўваецца на гэтых паседжаньнях, распавядае кіраўніца штабу адзінага кандыдата ад шырокай грамадзянскай кааліцыі Валянціна Палевікова:

(Палевікова: ) "Мы запрасілі кіраўнікоў нашых рэгіянальных структураў, каб падвесьці вынікі. Гэта будуць першыя вынікі. Наогул, гэта рабочыя пытаньні. Мы павінны вызначыць, якія рэгіянальныя структуры спрацавалі вельмі актыўна, якія зрабілі памылкі, але гэта ня нейкія "разборкі", гэта работа на пэрспэктыву. Мы ня будзем спыняцца, мы будзем працаваць далей. Мы хочам, каб у нашых радах засталіся актыўныя ўдзельнікі прэзыдэнцкай кампаніі, каб яны рыхтаваліся да наступных выбараў".

На думку кіраўніцы штабу Ўладзімера Ганчарыка, каманда адзінага кандыдата дапусьціла дзьве важныя памылкі — ня здолела стварыць эфэктыўнай сыстэмы назіраньня за выбарамі і не змагла абараніць сваёй перамогі.

Адзіны кандыдат атрымаў прыкладна столькі ж рэальных галасоў, як і Аляксандар Лукашэнка, і мусіў бы адбыцца другі тур выбараў — у гэтым каманда Ўладзімера Ганчарыка не сумняецца. Валянціна Палевікова гаворыць, што нягледзячы на пэўнае расчараваньне сярод актывістаў каманды адзінага андыдата, пераважная большасьць гэтых людзей застаецца працаваць у структурах аб'яднанай дэмакратычнай апазыцыі.

Цягам выбарчай кампаніі многія актывісты зазналі перасьлед з боку ўладаў, іх звальнялі з працы і г.д. Цяпер штаб Уладзімера Ганчарыка распрацоўвае сыстэму сацыяльнай і юрыдычнай абароны гэтых людзей. Па-ранейшаму працягваюць актыўна працаваць такія структуры штабу як сакратарыят, юрыдычны аддзел, які зьбірае ўсе факты фальсыфікацыяў уладамі вынікаў галасаваньня, а таксама аналітычная група, якая распрацоўвае стратэгію дзейнасьці шырокай грамадзянскай кааліцыі на будучыню.

Уладзімер Ганчарык вельмі ўдзячны моладзевым арганізацыям, прадстаўнікі якіх былі адной з самых дзеяздольных частак ягонай каманды. Адзіны кандыдат выступіў са зваротам да суайчыньнікаў, у якім падзякаваў усім, хто аддаў за яго свой голас і яшчэ раз нагадаў, што ўлады дамагліся "перамогі" праз масавыя фальсыфікацыі — гэтак падманулі мільёны людзей.

Сёньня ж апублікавалі заяву лідэраў шырокай грамадзянскай кааліцыі, у якой яны распавядаюць пра мэханізмы фальсыфікацыі вынікаў выбараў, а таксама гавораць пра магчымыя рэпрэсіі з боку ўладаў супраць Уладзімера Ганчарыка, Міхаіла Марыніча, Васіля Лявонава ды іншых. Лідэры апазыцыі заклікаюць людзей не паддавацца пагрозам і шантажу ўладаў і дамагацца адмены сфальсыфікаваных вынікаў выбараў.

Паводле сябра палітычнай рады Вінцука Вячоркі, перад грамадзянскай кааліцыяй зараз стаяць дзьве задачы: давесьці да кожнага грамадзяніна Беларусі, што 9 верасьня яго падманулі, і дамагчыся міжнароднага непрызнаньня вынікаў выбараў. Гэтым цяпер і будзе займацца каардынацыйны цэнтар кааліцыі — палітычная рада. Сёньня на паседжаньні гэтага органу абмяркоўваліструктуру й рэглямэнт дзейнасьці палітычнай рады.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG