Усе мае суразмоўцы пагадзіліся з тым, што арганізатары тэрарыстычных актаў у Злучаных Штатах мусяць панесьці суровае пакараньне. Людзі на вуліцах збольшага схіляюцца да сілавога варыянту — бамбаваньня тэрарыстычных базаў.
(Карэспандэнт: ) "Якім чынам трэба пакараць тэрарыстаў, якія арганізавалі тэракты ў ЗША?"
(Спадар: ) "Самым сур'ёзным. Усе магчымыя меры. Любыя сродкі ў дадзеным выпадку добрыя, каб іх наказаць".
(Спадар: ) "Я ня думаю, што эканамічныя меры будуць эфэктыўныя. Трэба дзейнічаць так, як і яны. Можа, нават бамбаваць".
(Спадар: ) "За кроў праліць кроў — гэта, па-мойму, адзіны лягічны выхад".
(Спадарыня: ) "Пакараць, натуральна".
(Карэспандэнт: ) "Як?"
(Спадарыня: ) "Так сама, як і яны".
(Спадарыня: ) "Найвышэйшая мера для тых, хто зрабіў гэта".
(Спадар: ) "Я б, напрыклад, зьнішчыў такіх людзей без усялякай літасьці".
(Спадар: ) "Ліквідаваць кіраўніцтва бандфармаваньняў ці таго ж бін Ладэна".
(Спадар: ) "Хутчэй за ўсё ЗША проста нанясе ракетныя ўдары па базах тэрарыстаў у Аўганістане. Я думаю, гэта правільна, бо тысячы людзей загінулі. А іншага выйсьця ў Амэрыкі зараз няма. Па-іншаму пакараць няма ніякай магчымасьці".
(Спадар: ) "Базы тэрарыстаў трэба бамбаваць".
Сустрэў я і людзей, якія выказаліся супраць бамбаваньняў ці ліквідацыі лідэраў тэрарыстычных арганізацыяў. Гэтыя суразмоўцы лічаць, што ўзброеныя апэрацыі стануць пачаткам новай вайны:
(Спадар: ) "На мірны народ нацэліць бомбы — гэта абсурд. Ні ў якім разе гэтага ня трэба рабіць. Трэба іх арыштаваць і перадаць міжнароднаму суду".
(Спадар: ) "Тэрор не павінен быць адказам на тэрор. Ёсьць нейкі артыкул у кодэксе ЗША, які прадугледжвае адказ за тэрарызм. Толькі так".
(Спадар: ) "Неабходна склікаць Раду Бясьпекі ААН і вырашыць гэтае пытаньне. Я бы так і зрабіў. І нацыянальнай карніцкай місіі ніякай бы не ажыцяўляў. Таму што гэта азначала бы вайну".
(Спадарыня: ) "Магчыма, ёсьць нейкія іншыя негвалтоўныя сродкі. Скажам, тая ж эканамічная блякада".
(Спадар: ) "Арыштаваць і судзіць — як трэба, у межах закону".
(Спадарыня: ) "Кроў за кроў нельга — гэта страшэнна".
Як прыхільнікі, так і праціўнікі бамбаваньня засьцерагаюць ад пасьпешлівай помсты.
(Спадар: ) "Перадусім трэба даведацца дакладна, хто гэта зрабіў".
(Спадар: ) "Трэба, каб спэцслужбы разабраліся, хто вінаваты".
(Спадар: ) "Хай спачатку даведаюцца, хто тыя людзі".
(Карэспандэнт: ) "Якім чынам трэба пакараць арганізатараў тэрарыстычных актаў?"
(Спадар: ) "Вядома, трэба пакараць. Толькі трэба высьвятліць, хто гэта, каб памылкі не было".
(Спадар: ) "Трэба спачатку дазнацца, хто гэта быў. Затым магчымыя ўдары ў адказ. Бамбаваньне".
Амаль усе апытаныя менчукі перакананыя, што спачатку трэба дакладна вызначыць, хто арганізаваў тэрарыстычныя акты і якая краіна сьвету стаіць за тэрарыстамі, а ўжо пасьля помсьціць за сьмерць тысячаў людзей.