Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЭЙВІД ДЖОНСАН: “УЯЎНЫ ПОСЬПЕХ НА ВЫБАРАХ ЦЯПЕРАШНЯГА КІРАЎНІКА ДЗЯРЖАВЫ НЯ МАЕ ЗНАЧЭНЬНЯ”


Радыё Свабода

Ужо нейкі час Злучаныя Штаты ды іншыя заклікаюць Беларусь гарантаваць усім сваім грамадзянам фундамэнтальныя свабоды, на падставе якіх збудаваная Эўраатлянтычная супольнасьць і АБСЭ, а таксама прытрымлівацца свайго абавязаньня стварыць справядлівыя ўмовы для прэзыдэнцкіх выбараў. Мы пасьлядоўна заклікалі Менск выконваць прынятыя на сябе абавязаньні і жыць у адпаведнасьці з каштоўнасьцямі, зь якімі Беларусь зьвязала сябе, далучыўшыся да гэтай арганізацыі.

На жаль, гэтыя заклікі засталіся непачутыя.

Згодна са справаздачай абмежаванай міжнароднай назіральнай місіі БДІПЧ, увесь працэс прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году быў адзначаны сур’ёзнымі парушэньнямі і пастаянным умяшаньнем беларускіх уладаў. Як сказаў сёньня амбасадар Студман, БДІПЧ зрабіла выснову, што выбарчы працэс «не адпавядаў прынятым у АБСЭ нормам дэмакратычных выбараў».

Злучаныя Штаты далучаюцца да высноваў БДІПЧ. Раней мы ўжо зафіксавалі дзеяньні беларускіх уладаў, якія імкнуліся перашкодзіць свабоднаму і справядліваму функцыянаваньню дэмакратыі. Мы вельмі шкадуем, што Беларусь ня выкарыстала магчымасьць перайсьці ад ізаляцыі да інтэграцыі. На нашую думку, уяўны посьпех на выбарах цяперашняга кіраўніка дзяржавы ня мае значэньня.

Аднак у мінулую нядзелю ў Беларусі быў адзначаны і сапраўдны посьпех, пра які нам варта было б тут абвясьціць. Грамадзкія арганзіацыі, улучна з апазыцыйнымі палітычнымі партыямі і групамі грамадзянаў, адданых справе вяртаньня Беларусі ў сям’ю Эўраатлянтычных дэмакратычных краінаў, імкнуліся прымусіць свае ўлады прытрымлівацца ўсталяваных АБСЭ высокіх стандартаў справядлівых выбараў. Гэтыя людзі і арганізацыі заслугоўваюць нашай пахвалы і падтрымкі за іх няспынныя намаганьні.

Мы будзем радыя магчымасьці праз АБСЭ і яе інстытуты працаваць з гэтымі людзьмі і арганізацыямі з мэтай умацаваньня элемэнтаў грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі.

Злучаныя Штаты зноў заяўляюць беларускаму народу, што мы бярэмся паспрыяць яго дабрабыту ў дэмакратычынай Беларусі. І хоць, на жаль, рэжым Лукашэнкі працягвае праводзіць курс на ізаляцыю Беларусі ад Эўропы, мы тым ня менш застаемся верныя дадзенаму беларускаму народу абяцаньню – спрыяць вяртаньню да дэмакратыі, абароне правоў чалавека, далучэньню да супольнасьці эўраатлянтычных дзяржаваў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG