Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГРУПА АБСЭ ПРАЦЯГВАЕ ПРАЦУ Ў РАНЕЙШЫМ РЭЖЫМЕ


Валер Каліноўскі, Менск

Пасьля выбараў Кансультацыйна-назіральная група АБСЭ працягвае працу. Кіраўнік групы Ганс-Георг Вік сёньня, як і заўсёды, меў шмат рабочых сустрэчаў. У самой місіі Свабодзе паведамілі, што дзейнасьць групы працягваецца без абмежаваньняў згодна зь ейным мандатам.

У пэрспэктыўных плянах КНГ АБСЭ — далейшая праца ў справе разьвіцьця грамадзянскай супольнасьці, дапамога грамадзкім арганізацыям і супрацоўніцтва з уладамі. Ніякага рашэньня кіроўчых органаў АБСЭ на падаўжэньне ейнага мандату ня трэба, паколькі ён бестэрміновы, і ніякіх дыскусіяў тут няма, — паведамілі Свабодзе ў КНГ АБСЭ.

У беларускім МЗС таксама ня ставяць пад сумнеў мандат місіі АБСЭ. Міністар Міхаіл Хвастоў заявіў сёньня, што Беларусь як сябар АБСЭ давала згоду на ейны прыезд у Беларусь і будзе працягваць супрацоўніцтва зь ёю. Што ж да пэрспэктываў асабіста Ганса-Георга Віка, то ён сам павінен ацаніць свае далейшыя магчымасьці працы ў Беларусі, — сказаў спадар Хвастоў.

Пра пэрспэктывы КНГ АБСЭ ў інтэрвію Свабодзе гаворыць кіраўнік місіі амбасадар Ганс-Георг Вік:

(Вік: ) "Так, мы будзем працягваць нашу працу на падставе мандатаў 1997 і 1999 гадоў. У нас ёсьць шмат распачатых праектаў, якія мы будзем працягваць у Беларусі разам з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці, з урадам — часткова з удзелам ураду, часткова без удзелу".

Пра свае пэрсанальныя пляны Ганс-Георг Вік сказаў:

(Вік: ) "Мой лёс у руках дзейнага старшыні АБСЭ. Мой мандат павінен быць пацьверджаны новым дзейным старшынём АБСЭ, які, як звычайна, займае месца папярэдніка. Так было заўсёды".

Група АБСЭ ў Беларусі больш патрэбная ўладам, чым незалежным структурам — упэўнены вядомы апазыцыйны палітык Уладзімер Нісьцюк, бо гэта мост для кантактаў Беларусі з эўрапейскімі інстытутамі:

(Нісьцюк: ) "І гэты мандат групы ня скончыўся. Таму мне бачыцца, што і Эўропа будзе надалей патрабаваць, каб такая група працавала ў Беларусі, і вельмі складана Аляксандру Рыгоравічу будзе адмовіцца ад такой групы. Таму што калі ён адмовіцца, ён тым самым перакусіць пупавіну сувязі з Эўропай канчаткова. І тады ўжо ніхто ня будзе размаўляць на роўных. Я ня думаю, што ён пойдзе на такі крок як закрыцьцё КНГ. Яе час не сышоў — ні афіцыйны, фармальны час, ні час, які патрэбны ёй, каб нешта зрабіць. Яна будзе працаваць, на мой погляд".

Уладзімер Нісьцюк зазначыў, што група створаная ня толькі для кансультацыяў, але й для маніторынгу падзеяў у краіне, і апошнія высновы міжнародных арганізацыяў пацьвярджаюць, што Беларусі яшчэ далёка да агульнаэўрапейскіх стандартаў, і яшчэ патрабуецца шмат працы, каб наблізіць Беларусь да Эўропы.

Лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька лічыць, што незалежныя структуры зацікаўленыя, каб група АБСЭ працягвала сваю дзейнасьць.

(Лябедзька: ) "Палітычныя кампаніі, якія называліся "парлямэнцкія" і "прэзыдэнцкія выбары" не далі адказу на тыя пытаньні, дзеля чаго стваралася місія. Усе пытаньні застаюцца на парадку дня. Таму калі няма адказу — КНГ АБСЭ павінна дзейнічаць і павінна працаваць. Беларускі рэжым — апошні аўтарытарны рэжым на эўрапейскай прасторы, і таму, на мой погляд, ёсьць усе перадумовы, каб місія працягнула сваю дзейнасьць.

Разам з тым натуральна, што Лукашэнка будзе імкнуцца да таго, каб місія згарнула сваю дзейнасьць. Таму што сам факт наяўнасьці місіі азначае, што ў краіне ёсьць істотныя праблемы. І асабліва ён будзе зацікаўлены, каб сам спадар Вік, зь якім у яго ня склаліся адносіны — ні асабістыя, ні па працы, каб ён зьехаў, і зрабіў гэта як мага хутчэй і па сваёй волі. Я прагназую, што Віку проста могуць не працягнуць візы. А пакуль, паводле нашых зьвестак, няма той пэрсоны, якая магла б зьмяніць Віка на гэтай пасадзе".

Анатоль Лябедзька зазначыў, што АГП і ён асабіста выкажа падтрымку КНГ АБСЭ і амбасадару Віку на паседжанні Сталага камітэту Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG