Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАНЦЛЕР НЯМЕЧЧЫНЫ: “ЗДАРЫЎСЯ КАНФЛІКТ КУЛЬТУРАЎ”


Вячаслаў Ракіцкі, Прага

Ваенныя дзеяньні супраць Амэрыкі запатрабавалі ня толькі адказу з боку ўсясьветнае супольнасьці, але і пераасэнсаваньня шэрагу праблемаў, накшталт ізраільска-палестынскай барацьбы, супрацьракетнай абароны, глябалізацыі і непасрэдна тэрарызму.

Напады на ЗША таксама кінулі выклік ідэі, што краіны, перадусім эўрапейскія, маглі б пабудаваць сыстэмы і ўзроўні камфорту, падобныя да амэрыканскіх, адначасна пазьбягаючы тых канфрантацыяў, якія ЗША ўзялі на сябе. Перадусім, з тэрарыстычнымі сіламі, якія пагарджаюць Захадам.

Таму Джон Вінакур, аўтар артыкулу ў газэце “International Herald Tribune”, выказвае меркаваньне, што эўрапейскія саюзьнікі ня змогуць больш уплываць на ЗША, калі не зразумеюць, што адбылося сутыкненьне цывілізацыяў, і саюзьнікі маюць узяць на сябе сваю частку рызыкі і абавязацельстваў, каб дзейнічаць разам з Амэрыкай.

Так, канцлер Нямеччыны Гэрхард Шродэр апярэдзіў амэрыканцаў у вызначэньні, што здарыўся канфлікт культураў. Разумеючы сваю вядучую ролю сярод эўрапейскіх дэмакратыяў, ён у аўторак заявіў, што напады адбыліся ня толькі на інтарэсы адных Злучаных Штатаў. Хутчэй, ён сказаў, яны задэкляравалі вайну супраць вольнага і цывілізаванага сьвету.

Без усялякіх дыпляматычных агаворак Шродэр заявіў, што Нямеччына не дазволіць разбурыць заходняй цывілізацыі ў Злучаных Штатах, у Эўропе ці дзе б там ні было на сьвеце.І раней, чым гэта пэўна сказалі амэрыканцы, Шродэр завастрыў сэнс таго, што адбылося – вайна цывілізацыяў, заявіўшы, што дапамога тэрарыстам і іх абарона – гэта парушэньне грунту суіснаваньня народаў.

Найбольш непасрэдна на жахлівыя падзеі ў ЗША адрэагаваў Блізкі Ўсход. Тэлерэпартажы пра радасьць палестынцаў не зьдзівілі Амэрыку, але яшчэ раз пераканалі ў правільнасьці іх інстынктыўнай падтрымкі Ізраілю. Ізраіль жа цяпер будзе яшчэ больш моцным у выбары сваіх дзеяньняў у адказ на тэрарыстычныя напады.

Безумоўная супярэчнасьць паміж выказваньнямі Арафата спачуваньня Амэрыцы, з аднаго боку, і радасьцю на вуліцах, зь іншага, прывядзе да большага ціску на палестынцаў, каб тыя рухаліся да больш сур’ёзных перамоваў.

Што тычыцца плянаў адміністрацыі Буша стварыць новую супрацьракетную сыстэму, якая магла б абараніць саюзьнікаў ЗША ад нападаў з боку "краінаў-ізгояў", на думку Нямеччыны, цяпер можа паскорыцца паразуменьне паміж ЗША і Расеяй. Натуральна, зьменшыцца апазыцыя гэтым плянам у Кангэсе ЗША і сярод натаўскіх саюзьнікаў.

Зьменшыцца і істэрыя пры абмеркаваньні праблемы глябалізацыі ўсясьветных фінансавых рынкаў і гандлю. Жах ад таго, што выкрадзенымі самалётамі можна ўрэзацца ў сымбаль, якім быў Усясьветны цэнтар гандлю, падкрэсьліў недарэчнасьць супраціву глябалізацыі і ўзмацніў пазыцыі тых, хто яе абараняў.

Што да тэрарызму, цяпер стала зразумелым, што гэта не навязьлівая амэрыканская ідэя, якую часам успрымалі як некампэтэнтнасьць ці аднабаковасьць у справах зь ісьлямскім сьветам.

Адзін з наведвальнікаў пераказаў спадару Шродэру, як нейкі чалавек, ахоплены жахам, ужо ў першыя хвіліны пасьля выбухаў зразумеў, што сьвет перажывае манумэнтальную падзею.

Але якую б пазыцыю ні займала тая ці іншая нацыя, падзеі ў Нью-Ёрку і Вашынгтоне маюць такі маштаб, што ніводная краіна ня зможа плённа функцыянаваць на ўсясьветнай сцэне, калі яна пазьбягае вызначанасьці і гістарычнай адказнасьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG