Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСКУ ПРАЙШЛА ГАДЗІНА СМУТКУ ПАМЯЦІ АХВЯРАЎ ТЭРОРУ Ў ЗША


Альгерд Невяроўскі, Менск

Прыкладна 30 актывістаў Аб’яднанай Грамадзянскай партыі і некаторых іншых апазыцыйных арганізацыяў сталі жывым ланцугом уздоўж пляцоўкі паміж Катэдральным праваслаўным і каталіцкім саборамі. Людзі трымаюць у руках сьвечкі. Выказваецца незадавальненьне тым, што Беларусь стала фактычна адзінай эўрапейскай краінай, дзе не была абвешчаная жалоба з нагоды гібелі такой колькасьці людзей у Амэрыцы. Не задаволеныя людзі і тым, што Аляксандар Лукашэнка так і не наведаў сёньня амбасаду ЗША.

Перад пачаткам акцыі мне паведамілі, што нават ніхто зь дзяржаўных асобаў не прыйшоў на набажэнства ў царкву, дзе адбылася паніхіда памяці загіблых.

Гэтая акцыя будзе працягвацца прыкладна гадзіну. Побач са мной – адзін зь яе арганізатараў, старшыня АГП Анатоль Лябедзька.

(Лябедзька: ) “Людзі прыйшлі, каб выказаць сваё спачуваньне такім жа, як яны, людзям. Я гляджу на твары людзей, якія сабраліся, і бачу, што нават пасьля таго, што ў нас адбылося 9 верасьня – а многія вельмі балюча перажывалі гэтыя падзеі – але тое, што адбылося ў Амэрыцы, гібель людзей, сьлёзы – гэта куды больш страшна, і да гэтага больш эмацыйныя адносіны. Гэта – гадзіна смутку, абсалютна непалітычная акцыя.

Шкада, аднак, што ў нас на дзяржаўным узроўні няма ніякіх адносінаў, таму што і Ўкраіна, і Расея, напрыклад, прынялі на дзяржаўным узроўні пэўныя рашэньні, і мы бачылі, як урады краінаў стаялі ў хвіліне смутку. У нас – гэта проста грамадзянскія ініцыятывы, якія сыходзяць ад канкрэтных людзей”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG