Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЫК ЦІ БАЧЫЛІ ЗАХАРАНКУ Ў МЮНСТЭРЫ-ХАНДОРФ?


Алена Панкратава, Менск

Артыкул пад назвай "Ці жыве Захаранка ў Мюнстэры-Хандорф?" падпісаў галоўны рэдактар мюнстэрскага выданьня Клаўс Шпітцэр. Аднак у часе нашай нядаўняй размовы спадар Шпітцэр ад аўтарства адмовіўся. Аўтарам матэрыялу ён назваў Райнэра Хафэркампа, які паводле Шпітцэра "ці то нямецкі, ці то швайцарскі вольны журналіст".

Між тым, імя Хафэркампа ў артыкуле фігуруе выключна ў трэцяй асобе. Вольны журналіст выглядае галоўным героем гісторыі: падобна прыватнаму дэтэктыву, ён сустракаецца са шматлікімі сьведкамі і як вынік нібыта атрымлівае доказы, што Захаранку сапраўды неаднойчы бачылі ў Мюнстэры і што ён ня мёртвы.

Паколькі і ў матэрыяле, і ў інтэрвію спадара Шпітцэра ёсьць супярэчнасьці, званю ў Швайцарыю спадару Хафэркампу. Ён сьведчыць, што рабіў толькі сцэнар, інакш кажучы, дасьледчую працу. У выніку атрымалася невялікая заметка. Шэф-рэдактар апрацоўваў гэтую інфармацыю, узбагаціў яе дадатковай фактурай, у выніку, магчыма, і атрымаліся памылкі". (Паводле супрацоўнікаў рэдакцыі, галоўны рэдактар апрацоўвае невялікую заметку надзвычай рэдка, але ж у выпадку з гэтай публікацыяй адбылося менавіта так.)

У часе нашае размовы спадар Хафэркамп настойліва казаў пра сваю сымпатыю да беларускай апазыцыі, падкрэсьліваў, што сваім матэрыялам хацеў надаць новыя сілы беларускай дэмакратыі. Бадай, гэта быў адзін зь нямногіх пасажаў, які супадаў са словамі спадара Шпітцэра і адпаведнымі радкамі ў "Мuenstersche Zeitung".

Не было вялікіх разыходжаньняў у тлумачэньнях, чаму газэта, якая раней ўзгадвала пра Беларусь выключна ў зьвязку з чарнобыльскімі дзецьмі, вырашыла нечакана зьвярнуцца да тэмы Захаранкі. Абодва расказвалі прыблізна аднымі й тымі ж словамі, як Хафэркамп знайшоў у двух Інтэрнэт-выданьнях інфармацыю пра тое, што беларускага экс-міністра бачылі ў Мюнстэры. Паводле артыкулу, расейская Інтэрнэт-крыніца мае назву "Дранікі"(у перакладзе на нямецкую мову "Draht", альбо па-беларуску "дрот"), а беларуская завецца "Банэр".

Калі я заўважаю Хафэркампу, што гэта не зусім так, ён нечакана ўзгадвае, што сам сайтаў ня бачыў, а атрымаў толькі фотакопіі артыкулаў з Інтэрнэту.

Далей Хафэркамп пачынае нэрвавацца, ён увесь час пытаецца, чаму я задаю яму пытаньні. "Вы дасьцё мне сказаць?! Альбо вы хочаце прыпісаць мне свае думкі?!" Гісторыю ён расказвае трэці раз. Пазнаёміўшыся з Інтэрнэт-крыніцамі, Хафэркамп прыяжджае ў Мюнстэр. 27-га жніўня ён друкуе аб'явы ў дзьвюх мясцовых газэтах: хоча сустрэцца зь Юр'ем Захаранкам, а таксама з тымі людзьмі, якія яго ведаюць. Фота ў аб'яве не друкуецца, аднак Хафэркамп атрымлівае шмат тэлефанаваньняў. За выключэньнем, бадай што сям'і Захаранкі і самога генэрала.

(Карэспандэнтка: ) "Вам званілі немцы ці беларусы?"

(Хафэркамп: ) "І тыя, і іншыя. Аднак да тэлефанаваньняў людзей з усходне-эўрапейскім акцэнтам я паставіўся вельмі скептычна. Я добра ведаю, які палітычны рэжым пануе ў вашай краіне".

Зь беларусамі, такім чынам, ніякіх сустрэчаў не было. Той выпадак, пра які паведамляе газэта, калі адзін беларус пазнаў Захаранку на аўтазапраўцы — гэта цытата з Інтэрнэт-газэты — ці то з "расейскай "Дранікі" ці то зь беларускай "Банэр".

Спадар Хафэркамп паказваў фота толькі немцам. Многія сказалі, што без сумневу гэты твар ім знаёмы, яны сустракалі гэтага чалавека.

(Хафэркамп: ) "Гэтулькі людзей ня могуць памыліцца, бо працуюць у шматлюдных месцах і штодня бачаць шмат людзей. Увогуле, каму вы верыце — блізкім Захаранкі, якія могуць хлусіць, альбо незнаёмым людзям, якія больш нэўтральныя і заўсёды гавораць праўду?"

Тэму Захаранкі Хафэркамп зьбіраецца працягваць і надалей. Хутчэй за ўсё, ён будзе супрацоўнічаць з "Мuenstersche Zeitung".

У якасьці разьвітаньня гучыць : "І запомніце, я не хачу, каб вы мяне цытавалі ў Расеі. Калі вы захочаце, выкарыстаць мае словы, будзьце асьцярожныя. У мяне ёсьць шмат сяброў, якія чытаюць расейскія газэты і слухаюць расейскае радыё".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG