Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДА АМЭРЫКАНСКАЙ АМБАСАДЫ Ў МЕНСКУ ІДУЦЬ ЛЮДЗІ


Ганна Соусь, Менск

Каля амэрыканскай амбасады шмат кветак. На стале каля ўваходу — кніга для спачуваньняў, у ёй поўна запісаў. Практычна бесьперапынна падыходзяць розныя людзі. Вось жанчына запальвае сьвечку.

(Жанчына: ) "У мяне проста сьлёзы. Наш народ вельмі спачувае. Мяне ніхто сюды не дасылаў... Проста... Мы вельмі спачуваем..."

Вось паклаў свае кветкі прэтэндэнт на прэзыдэнта Аляксандар Ярашук.

(Ярашук: ) "Гэта жудасны выклік. Зараз ужо гісторыя будзе падзяляцца на два этапы. Адзін — да 11 верасьня, другі — пасьля".

Сёньня да амэрыканскай амбасады прыйшлі выказаць сваё спачуваньне практычна ўсе прадстаўнікі апазыцыйных палітычных партыяў, грамадзкіх арганізацыяў. Былы кандыдат на прэзыдэнта Ўладзімер Ганчарык не хаваў сваіх пачуцьцяў.

(Ганчарык: ) "Тое, што сёньня можа быць такое, паказвае, што ёсьць агульны вораг. І ня столькі трэба высьвятляць адносіны з другімі краінамі, абвінавачваць іх у чымсьці, як гэта ў нас робіцца, а шукаць паратунку ад гэтай навалы, ад гэтага тэрарызму. Спадзяюся, што ўсе сумленныя людзі ў Беларусі павінны зразумець, што ёсьць тыя агульныя пытаньні, якія павінны вырашацца разам усёй грамадзскай усясьветнай супольнасьцю".

А тым часам да амбасады адна за другой пад'яжджаюць машыны з дыпляматычнымі нумарамі. Я зьвяртаюся да літоўскага амбасадара Ёнаса Паслаўскаса. Калі адбылася трагедыя ў Амэрыцы, прэзыдэнт Літвы Вальдас Адамкус быў у Вашынгтоне.

(Паслаўскас: ) "У той дзень прэзыдэнт быў у цэнтры Вашынгтону, ён сустракўся з габрэйскімі суполкамі. Дарэчы, абмяркоўвалі яны пытаньні міжнароднага тэрарызму. Гэта трагедыя ня толькі Амэрыкі, гэта трагедыя ўсяго цывілізаванага сьвету".

Аб 11-й гадзіне ў амэрыканскай амбасадзе чакалі прыезду Аляксандра Лукашэнкі. Але замест яго спачуваньне амэрыканскай дзяржаве выказаў міністар замежных справаў Міхаіл Хвастоў.

Дарэчы, сёньня Лукашэнку хацелі ўбачыць ды паглядзець яму ў вочы Людміла Карпенка, Сьвятлана Завадзкая й Тацяна Клімава, якія таксама прыйшлі да амэрыканскай амбасады. Гаворыць Сьвятлана Завадзкая:

(Завадзкая: ) "Мой боль — падавалася, што ён такі моцны, такі жахлівы, а аказалася, што можа быць значна горш".

Дадае Людміла Карпенка:

(Карпенка: ) "Жанчыны, якія пацярпелі ў нашай краіне, больш за іншых разумеюць боль амэрыканскага народу, тых людзей, што згубілі сваіх блізкіх".

Каля трыццаці маладых людзей зь незарэгістраванага аб'яднаньня "Зубр" стаялі побач з амэрыканскай амбасадай, трымаючы ў руках запаленыя сьвечкі. Гаворыць Цімафей Дранчук:

(Дранчук: ) "Гэта гадзіна смутку з нашага боку. Гэта вельмі вялікая трагедыя, як для ўсіх амэрыканцаў, так і для беларускага народу, і ўвогуле для ўсяго сьвету".

І яшчэ адна дэталь. Блізу таго месца, дзе стаяў адзін зь сяброў "Зубра", на зямлі ляжала кніга Ўладзімера Набокава "Вынішчэньне тыранаў".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG