Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АПОШНІЯ КАДРАВЫЯ ПЕРАСТАНОЎКІ Ў АДМІНІСТРАЦЫІ ЛУКАШЭНКІ


Юры Дракахруст, Прага

(Дракахруст: ) “Які сэнс кадравых перастановак, зробленых Аляксандрам Лукашэнкам? Нагадаю: звольненыя ў сувязі з пераводам на іншую працу (такая афіцыйная фармулёўка) першы намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Ўладзімер Замяталін і намесьнік кіраўніка адміністрацыі Юры Сівакоў. Сам кіраўнік адміністрацыі – непатапляльны Міхаіл Мясьніковіч – вызвалены ад гэтай пасады і стаў памочнікам прэзыдэнта па асобых даручэньнях. У сваю чаргу ўзначаліў прэзыдэнцкую адміністрацыю Ўрал Латыпаў. Што значаць усе гэтыя кадравыя ракіроўкі?”

(Лявонаў: ) “Я наогул лічу, што ўсе гэтыя ракіроўкі – гэта нейкі тупік у кадрах: калі адныя і тыя ж ходзяць па коле. Каго ня возьмеш – яны то на адной пасадзе, то на іншай. Але калі глядзець па пэрсаналіях, то я лічу, што Мясьніковіч ня змог дагадзіць у часе выбараў, таму што памочнік па асобых – хаця вельмі цяжка сказаць, якія там асобыя даручэньні будуць – тым ня менш, гэта памочнік, то бо прыбліжаны. Сівакова наогул даўно быў час адправіць, але, я думаю, яго яшчэ куды-небудзь прыстрояць. А наконт Замяталіна я пакуль не магу нічога выказаць – я лічу, што яны выслужылі сабе пасады і паедуць куды-небудзь пасламі. Яны сваю справу зрабілі і каб цяпер вочы нікому не мазолілі – зьедуць пасламі, і будуць зававоленыя ўсе: і тыя, хто паехаў, і тыя, хто іх паслаў”.

(Карбалевіч: ) “Вэрсія барацьбы паміж радыкаламі і лібэраламі тут не праходзіць, бо звольненыя і тыя, і другія. Не працуе таксама і вэрсія аб тым, што Лукашэнка пазбаўляецца ад тых, хто нейкім чынам зьвязаны са зьнікненьнем вядомых палітыкаў. Можна было б нагадаць, што 31 ліпеня ў часе выступу перад вэртыкальлю Лукашэнка распавядаў пра існаваньне нейкіх аналітычных запісак, якія патрабавалі звальненьня з працы і арышту некаторых людзей – называліся прозьвішчы і Мясьніковіча, і Замяталіна. Магчыма, гэта адгалоскі той схваткі ўнутры адміністрацыі. Але тут таксама ня ўсе тыя людзі, якія былі названыя, аказаліся звольненымі.

Мне здаецца, што гэта ёсьць вынікам выбарчай кампаніі. Аналітычным цэнтрам, штабам выбарчай кампаніі была Рада бясьпекі на чале з Латыпавым, і працай гэтай структуры Лукашэнка, магчыма, быў задаволены. А вось адміністрацыя прэзыдэнта, якая практычна выконвала тыя напрацоўкі, якія давала Рада бясьпекі, працавала дрэнна, таму зьмена кіраўніцтва ўсёй адміністрацыі азначае незадавальненьне Лукашэнкі яе працай. І тое, што кіраўніком адміністрацыі стаў менавіта кіраўнік Рады бясьпекі Латыпаў, гэтую вэрсію, магчыма, пацьвярджае.

Што гэта будзе азначаць у пэрспэктыве? Магчыма, што адміністрацыя ператвараецца ў нейкі цэнтар, дзе будзе аналітычная, інтэлектуальная праца. А Рада бясьпекі ізноў ператвараецца ў чыста адміністрацыйны цэнтар, які будзе зьдзяйсьняць кантроль над сілавымі структурамі, як гэта было у свой час пры Шэймане”.

(Дракахруст: ) “Калі Лукашэнка казаў пра тое, якія ён зьбіраецца правесьці кадравыя перастаноўкі ва ўрадзе, ён казаў, што сілавыя міністры застануцца, пракурор застанецца, але пасада прэм’ера названая не была. Як вы лічыце, якія зараз будуць суадносіны паміж гэтымі цэнтрамі ўлады, якія былі раней і застаюцца зараз: Радай бясьпекі, прэзыдэнцкай адміністрацыяй і ўрадам?”

(Лявонаў: ) “Я лічу, што ўрад будзе выконваць нейкую тэхнічную функцыю. Ён заўжды такім быў, а цяпер яму будзе адведзеная яшчэ больш другасная роля. Я таксама лічу, што ў бліжэйшы час будзе вялікі рост цэнаў: надыйшоў час плаціць, і для гэтага павінен быць той, хто выканае ролю “ахвярнага казла”. Такая роля заўсёды можа быць адведзеная прэм’ер-міністру альбо частцы ўраду. Вось гэта мы і будзем бліжэйшым часам назіраць”.

(Дракахруст: ) “Такое дзіўнае прызначэньне Мясьніковіча – ці ня ёсьць гэта звычайны і даволі тыповы апаратны ход? Калі чалавека не выганяюць, не выштурхоўваюць у апазыцыю, а прызначаюць на такую малаістотную пасаду – фактычна без паўнамоцтваў – але ўсё ж ткі пакідаюць у камандзе. І ці не адбылося гэта зь Мясьніковічам? І яшчэ адно: Мясьніковіч апошнімі гадамі лічыўся ледзьве не патрыярхам беларускай намэнклятуры, і шмат людзей на розных узроўнях улады маглі сказаць, што яны людзі Мясьніковіча. І гэтае ягонае фактычна падзеньне – ці не пацягне яно сур’ёзныя кадравыя перастаноўкі на самых розных узроўнях улады?”

(Карбалевіч: ) “Відавочна, што адстаўка Мясьніковіча і ягоная новая пасада – гэта сапраўды ссылка. Я думаю, што гэта часовая пасада, і празь нейкі час Мясьніковіч сапраўды паедзе некуды амбасадарам. Ці зьяўляецца гэта пачаткам нейкіх сур’ёзных кадравых пераменаў, кадравага ператрусу па ўсёй вэртыкалі? Такі варыянт магчымы. Я ня думаю, што ён будзе вельмі рэзкім – хутчэй паступовым. Таму што не такі час, каб рэзка зьдзяйсьняць кадравую рэвалюцыю. Час напружаны, таму я думаю, што гэты працэс будзе ісьці паступова”.

(Лявонаў: ) “Лічу, што нейкія ператрусы кадравыя будуць. Бо ня вельмі проста было ўсіх вэртыкальшчыкаў вымусіць рабіць тое, што яны рабілі ў часе выбараў. І там, канешне ж, былі тыя, хто рабілі гэта абы-як альбо пасыўна: не супраціўляліся, але і не стараліся. І я ўпэўнены ў тым, што сьпіс такіх людзей у Лукашэнкі ёсьць, і ён пачне павольную, але пасьлядоўную і доўгую чыстку”.

(Дракахруст: ) “А тое, што ў апараце часам людзей здымаюць не таму, што яны дрэнна працуюць, а проста таму, што гэтая каманда ранейшая? Ці меў Мясьніковіч пэўную сваю каманду – як кажуць, ад Менску да ўскраінаў?”

(Лявонаў: ) “Так, гэтая каманда чужая, і яе не адразу, але павінны прыбіраць”.

(Дракахруст: ) “Мне, напрыклад, адстаўкі Замяталіна і Сівакова падаюцца ўсё ж ткі часткова знакавымі. Хто такі Замяталін: ідэоляг панславізму, ціску на грамадзкія арганізацыі, на апазыцыю, ненавісьнік Захаду – пра гэта ведаюць і на Ўсходзе, і на Захадзе, і ў Беларусі. І таму сыход такой асобы, на маю думку, гэта нейкі знак: інтэлігэнцыі, Захаду пра гатоўнасьць праводзіць больш гнуткую палітыку.

Тое ж самае часткова ў дачыненьні да генэрала Сівакова. Сапраўды, ня толькі ён фігураваў у справе зьніклых, але і ён таксама, і магчыма, ён прыносіцца ў пэўную ахвяру.

Варта адзначыць, што і Замяталін, і Сівакоў – гэта чыноўнікі-паплаўкі: ужо некалькі разоў Замяталін то ўзьнімаўся на гару, то падаў, то ізноў ўзьнімаўся – у ягонай палітычнай кар’еры пры Лукашэнку такое было разы тры. І мы пакуль ня ведаем, што хаваецца за гэтай фармулёўкай “у сувязі з пераводам на іншую працу”… Але мне здаецца, што ў гэтых адстаўках усё ж ёсьць пэўнае жаданьне зрабіць нейкія знакі. Калі знакі не атрымаюцца, гэтыя людзі змогуць перайсьці на іншую, але таксама вельмі ўплывовую працу, а зусім не паехаць амбасадарамі”.

(Карбалевіч: ) “Так, я згодзен і хачу нагадаць, што пасьля рэфэрэндуму 1996 году Замяталін таксама быў адпраўлены ў адстаўку з пасады намесьніка кіраўніка адміністрацыі на пасаду кіраўніка Дзяржкамдруку. Нешта падобнае адбываецца і зараз. Тады гэта быў знак: гэта быў сыгнал Захаду аб тым, што сапраўды ён гатовы да нейкага дыялёгу. І цяпер таксама: пасьля такой важнай прадзеі, у якой Замяталін адыграў вельмі важную ролю, ён ізноў здымаецца з ключавой пасады. Мне здаецца, што такія паралелі сапраўды слушныя, і я з вашай вэрсіяй згодзен”.

(Лявонаў: ) “Такая задача можа быць выкананая, але на кароткі тэрмін. Палітыка зьмяняцца ня будзе. Гэта такі манэўр, я б сказаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG