Слуцкая філія Беларускага Гельсынскага камітэту накіравала заяву на імя тамтэйшага міжрайпракурора Казіміра Кежуна. Да яе прыкладзена некалькі дзясяткаў актаў незалежных назіральнікаў аб парушэньнях чальцамі мясцовых камісій Выбарчага і Крымінальнага кодэксу падчас прэзыдэнцкіх выбараў.
Заява завяршаецца патрабаваньнем прызнаць вынікі галасаваньня выбарцаў гораду і рэгіёну несапраўднымі. Сярод фактаў, засьведчаных назіральнікамі, — выкрэсьліваньне са спісу выбарцаў маладых удзельнікаў галасаваньня, закідваньне ў скрыні для галасаваньня бюлетэняў на карысьць кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі, умяшальніцтва прадстаўнікоў выканаўчай улады ў выбарчы працэс, а таксама цкаваньні незалежных назіральнікаў і журналістаў.
Усіх актаў з падобнымі фактамі, паведаміла старшыня філіі Любоў Зарыцкая, налічваецца некалькі сотняў. Учора, між іншым, падобную заяву ў Маладэчанскую міжрайпракуратуру з патрабаваньнем прызнаць вынікі выбараў несапраўднымі накіравала тамтэйшае аддзяленьне БГК, — паведаміў ягоны кіраўнік Эдуард Баланчук.
Рыхтуецца да гэткага дэмаршу ў Салігорскую міжрайпракуратуру і старшыня мясцовага клюбу выбарцаў Мікола Дзялендзік.
(Дзялендзік: ) "На падставе тых актаў, якія паступілі ад незалежных назіральнікаў, мы падалі скаргі ў пракуратуру і па нейкіх скаргах пракуратура дала адказ, што сапраўды ёсьць парушэньне Выбарчага кодэксу. Мы адправілі яшчэ шмат скаргаў паводле актаў, што паступілі ад назіральнікаў. І калі яшчэ будуць такія вынікі, то, я думаю, можна зьвярнуцца да пракуратуры ад грамадзкіх арганізацыяў і асабіста ад групы выбарцаў і прызнаць гэтыя выбары несапраўднымі".