(Навумчык: ) “Сустрэча адбылася ў Прэзыдэнцкім палацы, прычым я падкрэсьліваю, што нас правялі праз працоўныя кабінэты Гавэла. Гэта рэдка бывае, гэта, безумоўна, пэўны знак у дачыненьні да Васіля Быкава. Паўгадзіны доўжылася сустрэча, яна не насіла пратакольнага характару, гэта была размова двух пісьменьнікаў, двух палітыкаў і двух духоўных лідэраў, кожны зь якіх мае для сваёй нацыі бясспрэчнае значэньне. Спадар Гавэл заявіў, што ў Беларусі ўмацоўваецца вельмі аўтарытарны рэжым, які пагарджае ўсімі грамадзянскімі правамі. Гавэл сказаў, што ў мінулыя дзесяцігодзьдзі за камуністамі ў Чэхіі таксама было нешта падобнае, але час мяняецца. Цяпер няма Варшаўскага блёку, цяпер няма Савецкага Саюзу і ён спадзяецца, што сытуацыя ў Беларусі зьменіцца, хаця, сказаў Гавэл, Беларусь чакае доўгі этап грамадзянскага змаганьня.
Я перадаю слова Васілю Ўладзімеравічу.
(Быкаў: ) “З усёй гэтай сустрэчы, можа быць, самае важнае было тое, што прэзыдэнт Чэхіі Гавэл знайшоў магчымасьць у гэты час, калі ўвагу ўсяго сьвету прыкаваная вядома да чаго, знайшоў час, каб пацікавіцца што ж адбываецца ў Беларусі, ці мае гэта нейкае значэньне ў сусьветным маштабе, прынамсі ў эўрапейскім маштабе і для Чэхіі? Адбылася гутарка. Я скажу, што гаворка была неафіцыйная, цёплая. Таму можна зразумець, што Гавэл цікавіцца найперш як прэзыдэнт эўрапейскай дзяржавы, а па-другое, як дэмакрат (што таксама вельмі важна). І для яго гэта, мабыць, важнае пытаньне – ці будзе ў Беларусі разьвівацца дэмакратыя, ці яна так і застанецца аўтакратычнай, дэспатычнай дзяржавай”.
(Карэспандэнт: ) “Скажыце, калі ласка, ці абмяркоўвалі Вы са спадаром Гавэлам трагедыю, якая адбылася ў Амэрыцы?”
(Быкаў: ) “Не, гэтую трагедыю мы не абмяркоўвалі. Гэтае абмеркаваньне мелася быць пазьней – там якраз сабраліся ў гэты час журналісты ў даволі вялікай колькасьці. Мы гаварылі толькі пра Беларусь і дачыненьні да Беларусі з боку эўрапейскіх дзяржаўных і грамадзкіх структураў”.
(Карэспандэнт: ) “У гэтую гадзіну эфіру мы абмяркоўваем тое, што адбылося ў Амэрыцы. Як Вы даведаліся, што там адбылося, і якое Вашае стаўленьне да гэтага?”
(Быкаў: ) “Яшчэ ў аэрапорце ўчора мне паведамілі людзі, што мяне сустракалі. Спачатку я думаў, што гэта нейкі выбух, а калі ўрэшце ўключыў тэлевізар, дык убачыў, што гэта сапраўды нешта жахлівае. Гэта нават не тэракт. Як амэрыканцы гэта кваліфікуюць – гэта атака на Амэрыку ў вельмі шырокім сэнсе. Важна высьветліць, адкуль гэтая атака, зь якога боку, хто вінаваты. Гэта першае, што прыходзіць у галаву кожнаму, хто знаёміцца з гэтымі падзеямі”.
Я хацеў бы яшчэ дадаць, што сёньня ўвесь дзень Гавэла быў перакроены (ён таксама галоўнакамандуючы), але ён знайшоў час і не адмяніў сустрэчу з Васілём Быкавым.