Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЖОРДЖ БУШ: Я ПРЫЦЯГНУЎ УСЕ РЭСУРСЫ, КАБ ЗНАЙСЬЦІ І ПАКАРАЦЬ ВІНАВАТЫХ


Кастусь Бандарук, Прага

Выступленьне Джорджа Буша па нацыянальнаму тэлебачаньню было надзвычай эмацыйнае, але адначасова поўнае рашучасьці. У гэты момант, прэзыдэнт ЗША, відавочна, гаварыў і адчуваў тое, што адчувалі мільёны амэрыканцаў.

(Буш: ) “Тысячы людзей загінулі ў выніку неспадзяваных, злачынных і ганебных актаў тэрору. Карціны самалётаў, якія ўрэзваюцца ў будынкі, пажары, абвал вялізных пабудоваў спарадзілі сярод нас недаўменьне, жахлівы жаль і абурэньне, якога немагчыма стрымаць”.

У сваім звароце да народу Джордж Буш моцна падкрэсьліў, што тэрарыстам ня ўдасца дасягнуць сваёй мэты.

(Буш: ) “Гэтыя акты масавага забойства былі накіраваныя на тое, каб запалохаць наш народ, каб выклікаць хаос і прымусіць нас адступіць. Але тэрарысты памыліліся. Нашая краіна моцная. Вялікі народ паўстаў ў абарону вялікай краіны. Тэракты могуць ўскалыхнуць падмуркі нашых самых высокіх будынкаў, але яны ня ў стане падарваць асновы амэрыканскага грамадзтва. Яны могуць пашкодзіць сталь, але яны ня ў стане пахіснуць стальную рашучасьць амэрыканцаў”.

Джордж Буш паведаміў, што яшчэ сёньня ўсе ўстановы фэдэральнага ўраду цалкам адновяць сваю працу. Ён таксама запэўніў, што Злучаныя Штаты зробяць ўсё магчымае, каб знайсьці і пакараюць адказных за гэтыя тэракты.

(Буш: ) “Працягваецца вышук тых, хто стаіць за гэтымі злачыннымі актамі. Я накіраваў ўсе разьведвальныя і праваабрончыя рэсурсы, каб знайсьці вінаватых і прыцягнуць іх да адказнасьці. Мы ня будзем рабіць розьніцы паміж тэрарыстамі, уцягнутымі ў гэтыя замахі, як і тымі, хто даваў ім прытулак”.

Дарэчы, дагэтуль ніхто ня ўзяў на сябе адказнасьці за тэракты. Таксама Злучаныя Штаты публічна не назвалі нікога, каго б яны падазравалі ў замахах. Амэрыканскія ўзброеныя сілы прыведзеныя ў стан падвышанай боегатоўнасьці. Узмоцненыя таксама сродкі бясьпекі вакол усіх амэрыканскіх пасольстваў і прадстаўніцтваў ЗША па ўсім сьвеце.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG